Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэформа ЖКГ не зацікавіла дэпутатаў


Ці могуць супасьці інтарэсы Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі і Рэспубліканскага таварыства ўласьнікаў жыльля? Тэма стала цэнтральнай падчас дыскусіі гэтых структураў на канфэрэнцыі, якая адбылася 29 чэрвеня ў Менску.

Высьветлілася, што абодва бакі зацікаўленыя ў рэформе, найперш у зьніжэньні выдаткаў, і рэцэпты тут аднолькавыя. Гэта скарачэньне стратаў цяпла і вады ў сетках, падвышэньне якасьці капітальных рамонтаў, перавод кацельных на мясцовае паліва і аптымізацыя колькасьці занятых у службах ЖКГ.

Прадстаўнікі Міністэрства неабходнасьць дыялёгу з грамадзкімі арганізацыямі абгрунтавалі тым, што безь яго ўлада нават пры моцным жаданьні ня можа ўлічыць шмат якія меркаваньні людзей і стварыць камфортныя ўмовы для іх пражываньня. Аднак для сапраўднага дыялёгу на сёньняшняй канфэрэнцыі не хапала рэгіянальных чыноўнікаў, безь якіх справу зь месца зрушыць цяжка. У прыклад прыводзіліся Мазыр і Пінск: у першым горадзе мясцовыя ўлады і таварыства ўласьнікаў жыльля пасьпяхова супрацоўнічаюць, у другім — ужо 8 месяцаў ня могуць наладзіць узаемадзеяньне.

Прадстаўнікі таварыства таксама выступаюць за супрацу. Сёньня яны ўносілі шмат прапановаў для зьменаў у жыльлёвае заканадаўства, казалі, што гатовыя самі прапанаваць пэўныя напрацоўкі — і ў Жыльлёвы кодэкс, і ў закон, які бароніць правы карыстальнікаў жыльля.

У дыялёгу ўдзельнічала і лідэр грамадзянскай арганізацыі «Гавары праўду», былы кандыдат на прэзыдэнта Тацяна Караткевіч.

«Мяне запрасіла на гэтую канфэрэнцыю міністэрства, — сказала Свабодзе Тацяна Караткевіч. — Запрасіла невыпадкова, бо для „Гавары праўду“ мадэрнізацыя жыльлёва-камунальнай сфэры — адзін з прыярытэтаў. Нашых выбарнікаў хвалююць завышаныя тарыфы, няякасныя паслугі, спазьненьні з рамонтамі і г.д. Тут вельмі патрэбная празрыстасьць усёй сыстэмы. Пра гэта я і казала ўдзельнікам канфэрэнцыі.

Пляцоўка стала дыскусійнай. Я пачула ад рэгіянальных актывістаў таварыства вельмі шмат цікавага. Асабліва там, дзе дзейнічаюць прыватныя структуры. Іх стыль — якасьць, празрыстасьць, адказнасьць.

Мяне зьдзівіла адсутнасьць на канфэрэнцыі дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Рэформа самой сыстэмы жыльлёва-камунальнай гаспадаркі і яе базавых законаў насьпела».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG