Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці адчувае краіна параліч дзяржаўнай улады?


Аляксандар Лукашэнка падчас нарады з сваёй адміністрацыяй чарговым разам паставіў задачу — правесьці нарады аб актуальных праблемах жыцьця краіны. Што перашкаджала кіраўніку дзяржавы рабіць гэта раней? Ці адчувае Аляксандар Лукашэнка крызіс кіраваньня? Ці аднолькавыя прыярытэты ва ўладаў і грамадзтва?

Удзельнікі: палітоляг Сяргей Нікалюк і дырэктар Інстытуту палітычных дасьледаваньняў «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч.

Казакевіч: «Думаю, да паралічу яшчэ вельмі далёка»

Валер Карбалевіч: «У пятніцу 23 чэрвеня Лукашэнка абвясьціў, што кожны квартал трэба праводзіць вялікія нарады з удзелам кіроўнай вэртыкалі па самых актуальных пытаньнях жыцьця краіны і грамадзтва. Ён анансаваў нарады па пытаньнях ЖКГ, сельскай гаспадаркі, адукацыі, прадпрымальніцтва. Здаецца, нічога незвычайнага, усё правільна. Калі б не адна дэталь.

Цяпер ужо мала хто памятае, што яшчэ 10 сьнежня 2013 году Лукашэнка паабяцаў падобныя нарады рабіць рэгулярнымі, анансаваў, што дзьве наступныя нарады будуць прысьвечаныя праблемам ЖКГ і разьвіцьцю аграпрамысловага комплексу. Неўзабаве споўніцца чатыры гады, як былі абнародаваныя тыя пляны. Але ніякіх падобных нарадаў не адбылося.

Таксама было абяцаньне правесьці вялікую нараду па пытаньнях рэфармаваньня дзяржаўнай уласнасьці, па рэфармаваньні выбарчага заканадаўства, па выніках першага кварталу. Хутка скончыцца другі квартал, а нарады ўсё няма. Што гэта азначае? Параліч дзяржаўнага кіраваньня? Ці што?»

Сяргей Нікалюк
Сяргей Нікалюк

Сяргей Нікалюк: «Параліч кіраваньня навідавоку. Мы назіраем тое, што адзін расейскі гісторык, адмысловец у пытаньнях рэвалюцыі, назваў „арганізацыйнай кампанэнтай крызісу“.

Узгадаем, як у 2013 годзе ўлада вырашыла правесьці масавую мадэрнізацыю прадпрыемстваў. Усе дзяржпрадпрыемствы распрацоўвалі бізнэс-пляны. Пад іх яны атрымалі грошы ад дзяржавы. І ўсё скончылася стратамі.

З таго часу ўлады вырашаюць праблемы за кошт арганізацыйных мерапрыемстваў. Па-першае, гэта танна. Па-другое, нічога іншага ва ўладаў няма. Мэтады ў бюракратыі традыцыйныя: калі ёсьць праблема, то трэба правесьці нараду, прызначыць камісію і інш.

А цяперашняя асаблівасьць крызісу палягае ў тым, што нават мерапрыемства правесьці ня могуць. А калі і зьяўляюцца новыя дакумэнты, то яны не выконваюцца. Вось цяпер загаварылі, што трэба разьняволіць бізнэс. Але ж яго ўжо разьнявольвалі некалькі разоў. Была дырэктыва № 4 аб разьвіцьці прадпрымальніцтва ад 31 сьнежня 2010 году. Я вось нядаўна чытаў выступ Лукашэнкі на Першым Усебеларускім народным сходзе 1996 году. Там таксама ён казаў, што трэба разьняволіць бізнэс, які замучылі праверкамі. Вынікаў няма. І вось зноў пра гэта кажуць. Такая сыстэма».

Андрэй Казакевіч
Андрэй Казакевіч

Андрэй Казакевіч: «Думаю, да паралічу яшчэ вельмі далёка. Я б гэта апісаў як збой, непаладкі дзяржаўнага кіраваньня. Відавочна, што многія рашэньні ў сацыяльна-эканамічнай галіне не выконваюцца. Некаторыя пытаньні агучваюцца, але не пераходзяць у стадыю выкананьня. Гэта кажа пра тое, што сапраўды існуюць сыстэмныя праблемы, прыкметы крызісу. Бо не зьяўляюцца новыя ідэі».

Чаму здушыць пратэсты ва ўладаў атрымліваецца, а разьвіцьцё эканомікі — не?

Карбалевіч: «А магчыма, усё прасьцей. Тое, што хвалюе грамадзтва, незалежных экспэртаў, зусім не хвалюе самога Лукашэнку. У іх розныя прыярытэты. І калі зьяўляецца праблема, якая моцна хвалюе кіраўніка дзяржавы, то яна хутка вырашаецца. Вось калі трэба было здушыць вулічныя пратэсты, улады дзейнічалі хутка і рашуча. А з эканомікай нічога ня робіцца».

Нікалюк: «Улада дзейнічае па прынцыпе: ламаць не будаваць. Калі трэба нешта забараніць, напрыклад, вулічныя пратэсты, то тут улада мае вялікія посьпехі.

Але калі ад улады патрабуецца вырашыць пытаньні разьвіцьця, то гэтыя пытаньні не вырашаюцца. Яны ў прынцыпе ня могуць быць вырашаныя. Бо мы маем ня проста крызіс кіраваньня, мы маем крызіс культуры.

Адзін маленькі прыклад. У 1997 годзе над Гуамам разьбіўся „Боінг-747“. Аналіз паказаў, што ў дрэннае надворʼе камандзір экіпажа памыліўся. А ягоны другі пілёт не наважыўся яму пярэчыць. Гэта праблема культуры. У сацыялёгіі ёсьць такі панятак „індэкс дыстанцыі ўлады“. Ён характарызуе, наколькі людзі могуць супрацоўнічаць у герахіі ўлады.

Дык вось у Беларусі гэты індэкс зашкальвае. Беларуская вэртыкаль складаецца зь вялікай колькасьці такіх кабін пілётаў. У такіх кабінах ніякай дыскусіі няма. І маем адпаведны вынік.

Узгадаем, як перад прэзыдэнцкімі выбарамі 2010 году Лукашэнка даў загад давесьці сярэдні заробак у краіне да 500 даляраў. Шмат каму ў эканамічным блёку ўраду было ясна, што гэта скончыцца катастрофай. Хто-небудзь запярэчыў?»

Карбалевіч: «Дык цяпер паўтараецца тая ж сытуацыя».

Нікалюк: «Так. Але адрозьненьне ў тым, што ў 2010 годзе яе рэальна выконвалі, а цяпер — не».

Карбалевіч: «Няпраўда. Да кожнай галіны, прадпрыемства, рэгіёну даведзена заданьне, графікі, каб паступова да канца году выйсьці на 1 тысячу рублёў».

Нікалюк: «Але, паводле дадзеных Белстату, у нас даходы насельніцтва працягваюць падаць, хоць заробкі, праўда, крыху вырасьлі. Калі задача будзе выкананая, то на фінішы мы атрымаем той жа вынік, як і ў 2011 годзе».

Эканамічная і палітычная сыстэма, створаная ў 1990-х гадах, задачу разьвіцьця ніколі ня ставіла

Казакевіч: «Задача здушыць пратэсты і задача разьвіцьця эканомікі — гэта задачы зусім рознага маштабу. Першая задача — лякальная. Для яе выкананьня ёсьць усе рэсурсы: дзеяздольны дзяржапарат, сілавыя структуры.

А вось у сфэры сацыяльна-эканамічнай нельга вырашыць праблему з дапамогай простых схем, дырэктываў. Тут недастаткова адміністратыўных рашэньняў. Гэта павінны быць комплексныя рашэньні, напрыклад, па стымуляваньні эканамічнай актыўнасьці, прыватнай ініцыятывы. Пры гэтым эфэкт ад такіх рашэньняў будзе толькі празь некалькі гадоў».

Чаму ўлада ня здольная забясьпечыць разьвіцьцё краіны?

Карбалевіч: «Сп. Нікалюк, вы кажаце, што ўлада ня здольная забясьпечыць разьвіцьцё. А можа, такая задача і ня ставіцца? Увогуле, сам Лукашэнка адчувае крызіс кіраваньня?»

Нікалюк: «Думаю, ён усьведамляе гэты крызіс. У любым вялікім выступе, напрыклад, калі ён прамаўляе пасланьне ў Нацыянальным сходзе, то там заўсёды ёсьць блёк, прысьвечаны павышэньню эфэктыўнасьці дзейнасьці ўлады.

Але праблема ня ў тым, што дрэнна распрацоўваюцца праграмы. СССР разваліўся таму, што ня здолеў перайсьці ад індустрыяльнай эканомікі да постындустрыяльнай. У індустрыяльнай эканоміцы ўсе задачы вырашаліся шляхам загадаў з цэнтру, няхай і праз калясальныя ахвяры.

Праблема ня ў тым, што з цэнтру паступаюць непрафэсійныя загады. Цэнтар увогуле не павінен даваць загады

А задачы постындустрыяльнай эканомікі ня могуць быць вырашаныя такім шляхам. Таму праблема ня ў тым, што з цэнтру паступаюць непрафэсійныя загады. Цэнтар увогуле не павінен даваць загады. Задача ўлады палягае ў стварэньні спрыяльных умоваў для субʼектаў гаспадараньня. А яны ня створаныя. Таму ў Беларусь не ідуць замежныя інвэстыцыі, і таму даводзіцца браць пазыкі, разьмяшчаць эўрабонды пад высокія працэнты».

Казакевіч: «Так, тая эканамічная і палітычная сыстэма, якая створаная ў 1990-х гадах, задачу ці мэту разьвіцьця ніколі ня ставіла. Усё скіравана на тое, каб захаваць тое, што ёсьць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG