Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Спыніце марнаваньне сродкаў». Актывіст прапануе ўпарадкаваць двары замест «абʼектаў лоску і пыхі»


Адзін з двароў. Некалькі прыладаў для дзіцячых забаваў і лаўка
Адзін з двароў. Некалькі прыладаў для дзіцячых забаваў і лаўка

Праваабаронца Валадар Цурпанаў заклікаў абвясьціць мараторый на ўзьвядзеньне збудаваньняў, якія, на думку чыноўнікаў, павінны ўпрыгожыць горад. Ён даслаў сваю прапанову трыццаці дэпутатам Магілёўскага гарсавету.

Праваабаронца Валадар Цурпанаў заклікаў абвясьціць мараторый на ўзьвядзеньне збудаваньняў, якія, на думку чыноўнікаў, павінны ўпрыгожыць горад. Ён даслаў сваю прапанову трыццаці дэпутатам Магілёўскага гарсавету.

Актывіст патрабуе не марнаваць сродкі на абʼекты, як ён называе, «пыхі і лоску» і прапануе ўладам прыняць доўгатэрміновую праграму добраўпарадкаваньня двароў і стварэньня ўтульных зон адпачынку.

Паводле Валадара Цурпанава, прыклады неўпарадкаванасьці двароў бачыць кожны гараджанін, выйшаўшы з падʼезду. На ягоную думку, аддаючы перавагу ўзьвядзеньню «трыюмфальнай» аркі й пампэзнага спуску на Падмікольле, кіраўніцтва гораду пазбаўляе магілёўцаў магчымасьці мець упарадкаванае, утульнае асяродзьдзе побач з жытлом. Валадар кажа, што абʼекты, пра якія так дбае кіраўнік гораду, могуць пачакаць.

Валадар Цурпанаў
Валадар Цурпанаў

На зварот Валадара Цурпанава адказаў толькі старшыня гарсавету Сяргей Іваноў.

«Пры будаўніцтве новых жылых дамоў добраўпарадкаваньне тэрыторыяў закладзена ў агульны кошт абʼекту з уліку пажаданьняў забудоўніка і забесьпячэньня дзейных нарматываў.

Добраўпарадкаваньне існуючых тэрыторыяў можа ажыцьцяўляецца камунальнымі прадпрыемствамі за кошт спэцыяльных праграмаў, альбо ўласных сродкаў таварыства ўласьнікаў і жыхароў», — напісаў Сяргей Іваноў.

Цурпанаў называе адказ старшыні гарсавету «банальнай тыповай адпіскай».

«Мае прапановы былі адрасаваныя органу, які няхай намінальна, але прадстаўляе інтарэсы жыхароў гораду і мае пэўныя паўнамоцтвы ад іх. У лісьце старшыні гарсавету няма ні слова адказу на мае пытаньні. Зразумела, што на гэтыя пытаньні ён пазьбягаў адказваць сьвядома, таму і гаварыў мне пра нешта сваё».

Актывіст зьбіраецца падмацаваць свой зварот да ўладаў подпісамі гараджан за праграму «Утульны двор» як альтэрнатыву намерам улады.

Валадар Цурпанаў раней зьвяртаўся ў генпракуратуру з просьбай зрабіць захады, каб перапыніць, як ён кажа, злоўжываньне кіраўніком гораду службовым становішчам. Зварот пераслалі ў камітэт Дзяржкантролю, зь якога актывісту адпісалі, што парушэньняў у выкарыстаньні сродкаў ня знойдзена, а зьвесткі пра злоўжываньне чыноўніка не пацьвердзіліся.

«Аднак Дзяржкантроль прызнаў, што навядзеньне парадку ў абласным цэнтры ажыцьцяўляецца зь недахопамі на асобных абʼектах», — кажа Цурпанаў.

Актывіст вінаваціць кіраўніка гораду Ўладзімера Цумарава ў нямэтавым выкарыстаньні сродкаў пры рэканструкцыі моста цераз Дняпро. Ён настойвае, што ўлада не дала справаздачы, як траціліся ранейшыя 63 мільярды рублёў, выдзеленыя на рамонт транспартнай разьвязкі. Асобным пунктам актывіст ставіць пытаньне, пра марнаваньне сродкаў на выраб і ўсталяваньне на мосьце фігураў ільвоў.

Лукашэнка парабуе «лоску»

Выказваньне пра лоск належыць кіраўніку Беларусі Аляксандру Лукашэнку, які падчас свайго прыезду ў Магілёў заявіў:

«Я сёньня знарок заяжджаў у горад з боку Менску. І дамы быццам бы ёсьць прыгожыя. Але няма лоску, добраўпарадкаваньня і зручнасьці для людзей. Гармоніі ніякай».

Пасьля гэтага выказваньня ў Магілёве пачаліся працы на абʼёктах, якія, меліся «надаць гораду лоску». На ўезьдзе ў Магілёў узводзяць «трыюмфальную арку», грошы на яе зьбіраюць з прадпрыемстваў і прадпрымальнікаў. Узяліся за будаўніцтва «пампэзнага спуску на Падмікольле». Усё гэта робіцца пад маркай падрыхтоўкі да 750-годзьдзя горада. Тым часам у цэнтры разбураюцца старыя будынкі са статусам помнікаў архітэктуры.

Прыбіральня ў двары, дзе жывуць людзі з праблемамі зроку
Прыбіральня ў двары, дзе жывуць людзі з праблемамі зроку

У сваіх зваротах да чыноўнікаў, адным з аргумэнтаў на карысьць сваёй прапановы і ілюстрацыяй «крывадушнасьці ўлады», Валадар Цурпанаў прыгадвае двор, дзе кампактна пражываюць людзі з праблемамі зроку. У тых дамах адсутнічае каналізацыя і жыхары карыстаюцца прыбіральняй на дварэ. Актывіст даводзіць, што факт яе існаваньня сьведчыць пра ступень «грэблівасьці і пячорнасьць стаўленьня чынавенства да праблемаў нямоглых людзей».

У адказе раённай управы ЖКГ праваабронцу адпісалі, што «нужнік» пафарбуюць...

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG