Камітэт дзяржкантролю цягам месяца праверыць, як вызначаюцца тарыфы на паслугі жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. Пра гэта заявіў у эфіры тэлеканалу «Беларусь 1» прадстаўнік ведамства Аляксандар Якімаў.
«Мы праверым сабекошт у кожнай арганізацыі, дойдзе да кожнага ўчастка, кожнай паслугі», — запэўніў чыноўнік.
Па яго словах, усе высновы будуць аформленыя да канца траўня, справаздача па кожнай вобласьці ляжа на стол да кіраўніка краіны.
Прадстаўнік КДК адзначыў, што будзе прааналізавана праца ня толькі ўсёй сыстэмы ЖКГ, але і сумежных арганізацый, якія маюць дачыненьне да сфэры камунальных паслугаў.
Ён падкрэсьліў, што сёлета падвышэньне тарыфаў не плянуецца, магчымая толькі індэксацыя ў межах штоквартальнага тэмпу росту намінальнага заробку.