Удзельнікі: Валянцін Жданко, Уладзімер Глод і Валер Карбалевіч.
Валер Карбалевіч: Позна вечарам 22 чэрвеня зьявілася інфармацыя са спасылкай на агенцтва Рэйтэрс, што Беларусь разьмясьціла на міжнародным рынку дзьве траншы эўрааблігацый. Нагадваю, што гэта такі спосаб пазыкаў. Мінфін Беларусі раніцай 23 чэрвеня пацьвердзіў гэтую інфармацыю.
Эўрааблігацыі разьмешчаныя ў абʼёме 800 мільёнаў даляраў і 600 мільёнаў з пагашэньнем у лютым 2023 году і ў чэрвені 2027 году адпаведна. У суме выходзіць 1,4 млрд даляраў. Сукупны попыт інвэстараў перавысіў 3,1 мільярда даляраў. То бок попыт больш чым удвая перавысіў прапанову. Чаму? Бо даволі выгадныя ўмовы для пакупнікоў аблігацый. Даходнасьць кароткага траншу была вызначана на ўзроўні 7,125% гадавых і 7,625% для доўгага выпуску. Гэта вялікі працэнт. Для параўнаньня, крэдыт МВФ — 2,3%.
Нагадаю, за мінулы год дзяржаўны доўг Беларусі павялічыўся на 11,7% і дасягнуў 41,7% ад ВУП. Крытычным значэньнем лічыцца 45–50%.
Нават цяперашні невысокі ўзровень дабрабыту грамадзян забясьпечаны за кошт зьнешніх крэдытаў.
Сёлета рост доўгу прадоўжыўся. У студзені-красавіку Беларусь прыцягнула зьнешнія дзяржаўныя пазыкі на 530,3 млн даляраў: 300 млн — ад Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця, 160,7 млн — ад ураду і банкаў РФ; 32,2 млн — ад банкаў КНР; 37,4 млн — ад эўрапейскіх банкаў. У выніку, па дадзеных Мінфіну, зьнешні дзярждоўг на 1 мая 2017 г. дасягнуў 13,9 млрд даляраў, павялічыўшыся з пачатку году на 258,5 млн. Акрамя таго, абмяркоўваецца крэдыт ураду Расеі ў абʼёме 700 млн. даляраў. Мінфін пэрыядычна прадае аблігацыі на ўнутраным рынку. І вось яшчэ эўрабонды.
Такім чынам, нават цяперашні невысокі ўзровень дабрабыту грамадзян забясьпечаны за кошт зьнешніх крэдытаў. Можна толькі ўявіць, што было б з заробкамі і пэнсіямі беларусаў, калі б краіна жыла толькі за свой кошт.
Нагадаю дзеля сьмеху, што Аляксандар Лукашэнка ў сваёй перадвыбарнай праграме падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году абвяшчаў: «Скарачэньне зьнешняга дзяржаўнага доўгу. Мы не павінны перакладаць нашы даўгі на будучыя пакаленьні».
З перадвыбарчай праграмы Лукашэнкі: «Скарачэньне зьнешняга дзяржаўнага доўгу. Мы не павінны перакладаць нашы даўгі на будучыя пакаленьні»
14 чэрвеня першы намесьнік міністра фінансаў Максім Ермаловіч канстатаваў, што на абслугоўваньне зьнешняга і ўнутраных даўгоў Беларусь траціць 10% рэспубліканскага бюджэту. У 2000 годзе гэтая лічба складала 2%. Намесьнік старшыні Камітэту дзяржкантролю Аляксандар Курлыпа адзначыў, што пазыковая нагрузка на бюджэт у 2016 годзе параўнальная з абʼёмам фінансаваньня з рэспубліканскага бюджэту такіх галін, як нацыянальная абарона, праваахоўная дзейнасьць, нацыянальная эканоміка, ахова здароўя, фізкультура, спорт, СМІ і адукацыя разам узятыя! І гэта пры тым, што ўрад уласнымі сродкамі пагашае толькі каля 30% даўгоў. Астатняя запазычанасьць альбо рэструктурызуецца, альбо бяруцца новыя крэдыты, каб вярнуць старыя даўгі. Ствараецца крэдытная піраміда, якая рана ці позна павінна абрынуцца. Прыкладна як гэта адбылося з Грэцыяй.
Уладзімер Глод: Да тых прычын, чаму Беларусь выпусьціла новыя эўрабонды, пра якія ўжо казаў Валер Карбалевіч, дадам яшчэ адну. У студзені 2018 году трэба будзе зрабіць пагашэньне тых эўрабондаў, якія знаходзяцца яшчэ ў абароце. А іх — на 800 мільёнаў даляраў. Атрымліваецца, што палова сродкаў, на якія спадзяюцца ўлады, пойдзе на іх пагашэньне.
У эўрабондаў ёсьць перавагі над іншымі відамі пазыкаў. Яны разьмяшчаюцца на рынак фактычна без абавязаньняў, у той час як, напрыклад, Міжнародны валютны фонд пазычае грошы пад працэнт значна меншы, але з абавязковай умовай, што яны пойдуць пад праграму рэформаў. Дарэчы, фінансавыя экспэрты лічаць, што пры наяўнасьці крэдыту МВФ патрэбы разьмяшчаць аблігацыі на эўрарынку не было б. Але гэтага крэдыту няма, і таму даводзіцца шукаць альтэрнатыўных крэдытораў.
У эўрабондаў ёсьць перавагі над іншымі відамі пазыкаў
Пазыкі патрэбныя і таму, што нарастае дзяржаўны доўг. Два дні таму я слухаў намесьніка міністра фінансаў Юрыя Селівёрстава. Ён тлумачыў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, чаму пазыкі нарастаюць. Гэта будаўніцтва АЭС — вось завезьлі новы рэактар і камплектуючыя да яго, і доўг узрос. Далі грошы кітайцы — доўг яшчэ павялічыўся. Дарэчы, і за новыя расейскія самалёты-зьнішчальнікі таксама давядзецца плаціць.
Нарастае праблема абслугоўваньня доўгу. Мы і так ужо трапілі ў пазыковую яму. На пагашэньне працэнтаў па абавязках і на вяртаньне старых пазык даводзіцца выдзяляць усё большую долю валавога ўнутранага прадукту. А ВУП за апошнія гады зваліўся з 76 да 47 мільярдаў даляраў у сувязі з абясцэньваньнем нацыянальнай валюты. Вось экс-старшыня Нацбанку Станіслаў Багданкевіч кажа: калі да зьнешняга доўгу дадаць яшчэ і ўнутраныя валютныя даўгі (Міністэрства фінансаў выпускала валютныя каштоўныя паперы і прадавала іх унутры краіны), то атрымліваецца поўны доўг у памеры 50% да ВУП. А гэта ўжо парог рызыкі.
Праўда, беларускія чыноўнікі любяць спасылацца на досьвед ЗША. Маўляў, доўг гэтай краіны перавышае яе ВУП. Так, у некаторых краінах зьнешні доўг дасягае 100% і нават 200% ВУП, але яны не збанкрутавалі. Бо ўсё залежыць ад здольнасьці абслугоўваць зьнешні доўг. А для гэтага трэба мець добрую рэнтабэльнасьць эканомікі, прыбытковасьць і рост прадукцыйнасьці працы, чаго ў нас няма.
З прычыны падзеньня ўзроўню жыцьця насельніцтва вымушанае прадаваць назапашаную раней валюту
Дарэчы, з прычыны падзеньня ўзроўню жыцьця насельніцтва вымушанае прадаваць назапашаную раней валюту. Толькі ў траўні чысты продаж валюты насельніцтвам склаў 260 мільёнаў даляраў. За кошт гэтага таксама можна пагашаць даўгі.
Апошнія пару гадоў 25–30% доўгу Беларусь пагашае зь бюджэту, а каля трох чвэрцяў — рэфінансуючы. У любым выпадку, каб плаціць крэдыты і вяртаць зьнешні доўг, унутраных сродкаў недастаткова, патрэбныя новыя пазыкі.
Валянцін Жданко: Заўважу, што на беларускія эўрабонды быў даволі высокі попыт: больш як у два разы вышэйшы за прапанову. Больш за 7 працэнтаў даходу — гэта надзвычай высокі паказьнік, дзеля якога многія заходнія інвэстары гатовыя закрыць вочы на рызыку. Тым больш што дагэтуль Беларусь больш-менш акуратна разьлічвалася са сваімі даўгамі.
Сваім уласным грамадзянам беларускія ўлады прапануюць нашмат менш прывабныя ўмовы
Адметна, што сваім уласным грамадзянам беларускія ўлады прапануюць нашмат менш прывабныя ўмовы. Мінфін разьмяшчае свае валютныя аблігацыі ўнутры краіны пад 5 працэнтаў. А банкі намаганьнямі Нацбанку зьнізілі даход па валютных укладах да 2–3 працэнтаў гадавых — амаль як у краінах з устойлівай фінансавай сыстэмай. І гэта пры тым, што рызыкі несувымерныя.
Беларускія эўрабонды разьмяшчаюцца на працяглы тэрмін — на 6 і 10 гадоў. Разьлічвацца з гэтымі даўгамі давядзецца зусім ня тым людзям, якія цяпер у гэтыя даўгі ўлазяць. І тут вялікае пытаньне наконт маральнасьці гэтай улады, якая ўлазіць у кішэні да нашых дзяцей і ўнукаў.