Траім маладым кабетам з майго Шчонава, амаль аднагодкам, што мужоў на фронт у 1944 годзе выправілі, праз некалькі месяцаў загадалі ў ваенкамат зьявіцца. Зьявіліся. А ім пахаронкі ўручаюць. І тканіну на сукенкі. Шоўк. Дзьве ўзялі. А трэцяя адмовілася:
Не вазьму. Жывы мой муж! Ня мог загінуць: сын у яго!
Пахаронку дахаты прынесла: загінуў ва Ўсходняй Прусіі. І нумар магілы пазначаны.
А праз тыдзень атрымала кабета ад мужа ліст. Пайшла ў ваенкамат праўду шукаць. Сказалі: памылка выйшла, быў у шпіталі. За тое, што так верыла, ізноў шоўк прапанавалі. І гэтым разам адмовілася.
Адзіная з траіх дачакалася мужа з вайны.
Альжбета Кеда
Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org