Адкрываючы слуханьні, кіраўнік камітэту сэнатар Рычард Бэры заявіў, што амэрыканская грамадзкасьць павінна пачуць «вэрсію былога дырэктара ФБР гэтак жа, як яна павінна пачуць і пазыцыю прэзыдэнта ЗША».
Сэнатар Бэры заявіў, што яго мэта — высьветліць, ці былі сустрэчы і перамовы супрацоўнікаў выбарчага штабу Трампа з расейскімі прадстаўнікамі «паўнавартасным супрацоўніцтвам», або іх можна расцэньваць толькі як спробу Расеі правесьці выведвальную апэрацыю.
Намесьнік старшыні камітэту сэнатар Марк Уорнэр адзначыў, што лічыць гэтыя слуханьні асабліва важнымі таму, што прадстаўнікі дэмакратычнай партыі ня згодныя з палітыкай, якая праводзіцца прэзыдэнтам Трампам.
«Замежны праціўнік атакаваў нас тут, у нашым доме, не ракетамі і снарадамі, а паспрабаваўшы ўдарыць па нашай дэмакратыі», — сказаў ён.
Замежны праціўнік атакаваў нас тут, у нашым доме, не ракетамі і снарадамі, а паспрабаваўшы ўдарыць па нашай дэмакратыі.
Адкрываючы пасяджэньне, экс-дырэктар ФБР прынёс прысягу, даўшы абавяцаньне казаць толькі праўду.
Ён заўважыў, што ад першага дня пасьля ўступленьня на пасаду новага прэзыдэнта ЗША ён спадзяваўся працягнуць працу на пасадзе дырэктара ФБР у бліжэйшыя 6 гадоў, завяршыўшы свой 10-гадовы тэрмін знаходжаньня на пасадзе. Таму рашэньне прэзыдэнта Трампа стала для яго нечаканасьцю, як і наступныя заявы прадстаўнікоў адміністрацыі і асабіста прэзыдэнта наконт яго «некампэтэнтнасьці».
Джэймс Коўмі таксама сказаў, што напярэдадні ўжо прадставіў членам камітэту тэкст сваёй заявы і папрасіў сэнатараў перайсьці да пытаньняў.
Адказваючы на пытаньне сэнатара Бэры, ён заявіў, што не сумняваецца ў тым, што Расея паспрабавала ўмяшацца ў выбарчы працэс у ЗША і што гэтая апэрацыя была санкцыянаваная афіцыйнымі асобамі ў Расеі.
Ён сказаў, што ніхто з афіцыйных асобаў у ЗША не прасіў яго спыніць расьсьледаваньне наконт расейскага ўмяшаньня.
«Калі паведамленьні СМІ праўдзівыя, то генэрал Флін уступіў у незаконныя перамовы», — заявіў сэнатар Бэры, спытаўшы, ці лічыць Коўмі просьбы прэзыдэнта ЗША спробай «перашкодзіць правасудзьдзю».
Коўмі не сумняваецца ў тым, што Расея паспрабавала ўмяшацца ў выбарчы працэс у ЗША і што гэтая апэрацыя была санкцыянаваная афіцыйнымі асобамі ў Расеі.
У адказ Джэймс Коўмі заявіў, што, магчыма, у дзеяньнях генэрала Фліна і іншых супрацоўнікаў выбарчага штабу Трампа ёсьць «склад злачынства», і яго перамовы і сустрэчы з расейскімі прадстаўнікамі, магчыма, сьведчаць аб супрацоўніцтве з Крамлём, але пакуль сьледзтва не прыйшло да адназначных высноваў.
«Гэта нармальна для замежнага ўраду — шукаць кантактаў з супрацоўнікамі выбарчага штабу кандыдата?» — спытаў сэнатар Бэры.
Джэймс Коўмі адказаў, што падобная практыка зьяўляецца «нармальнай» і толькі ў асобных выпадках выклікае падазрэньні ў ФБР. Пры гэтым ён адмовіўся распавядаць пра дэталі расьсьледаваньня, якое працягваецца, паведаміўшы, што «ня лічыць магчымым гэта рабіць у ходзе адкрытых слуханьняў».
Паводле яго, упершыню ён даведаўся пра спробы Расеі арганізаваць кібэратакі ў канцы лета 2015 году. Джэймс Коўмі паведаміў, што гаворка тады ішла пра «як мінімум сотні цэляў у ЗША».
Сэнатар Марк Уорнэр папрасіў Коўмі пракамэнтаваць падрабязнасьці яго асабістых сустрэчаў з Дональдам Трампам.
Сэнатар нагадаў, што пасьля заканчэньня сваіх размоваў з Трампам Коўмі запісаў, пра што ішла гутарка.
«Што стала таму прычынай?» — спытаў сэнатар.
«Камбінацыя прычынаў. У тым ліку натура майго суразмоўцы, і тое, што мы размаўляў сам-насам, — сказаў Джэймс Коўмі. — Я баяўся, што ён схлусіць і скажона прадставіць падрабязнасьці нашай размовы».
Экс-дырэктар ФБР таксама заявіў, што ў спэцслужбаў «не было тэхнічных прычынаў» лічыць прэзыдэнта Трампа адным з падазраваных у справе аб расейскім умяшаньні, але, паводле яго, некаторыя зь кіраўнікоў ФБР лічылі, што цягам далейшага сьледзтва агенты могуць прыйсьці да высновы, што «кандыдат у прэзыдэнты» таксама быў уцягнуты ў супрацьпраўныя дзеяньні.
Ён палічыў, што можа разьлічваць на ўдзячнасьць з майго боку.
На думку Джэймса Коўмі, просьба Трампа аб «асабістай адданасьці» была зьвязаная з тым, што прэзыдэнт палічыў, што, пакінуўшы дырэктара ФБР на пасадзе, ён цяпер можа просіць яго аб «узаемнай паслузе».
«Ён палічыў, што можа разьлічваць на ўдзячнасьць з майго боку», — сказаў Джэймс Коўмі.
Ён адзначыў, што раней ніколі ня чуў падобных прапановаў ад лідэраў краіны. Ён растлумачыў, што 10-гадовы тэрмін, уведзены заканадаўча для дырэктара ФБР, быў створаны для таго, каб забясьпечыць незалежнасьць кіраўнікоў спэцслужбаў падчас зьмены адміністрацыі ў ЗША.
Джэймс Коўмі таксама падкрэсьліў, што прэзыдэнт Трамп ніколі не прасіў яго спыніць ніводнае іншае расьсьледаваньне, акрамя расьсьледаваньня аб расейскім умяшаньні.
У адказ на пытаньне сэнатараў экс-дырэктар ФБР яшчэ раз публічна пацьвердзіў, што прэзыдэнт Трамп не зьяўляецца фігурантам расьсьледаваньня.
Джэймс Коўмі падкрэсьліў, што прэзыдэнт ЗША сапраўды не аддаваў яму прамога ўказаньня спыніць расьсьледаваньне ў дачыненьні да генэрала Фліна, і што, кажучы аб гэтым, Дональд Трамп ужыў фразу: «Я спадзяюся, што вы зможаце гэта зрабіць».
Экс-дырэктар ФБР яшчэ раз публічна пацьвердзіў, што прэзыдэнт Трамп не зьяўляецца фігурантам расьсьледаваньня справы аб расейскім умяшаньні.
Тым ня менш, экс-дырэктар ФБР палічыў патрэбным паведаміць, што ўспрыняў гэтую фразу як спробу наўпрост кіраваць яго дзеяньнямі і аддаваць яму загады.
Джэймс Коўмі паведаміў, што да гэтага часу ня ведае, чаму ён быў звольнены, але, пасьля некалькіх інтэрвію, якія даў прэзыдэнт Трамп, прыйшоў да высновы, што галоўнай перадумовай звальненьня быў працяг расьсьледаваньня ФБР, зьвязанага з Расеяй.
Па словах экс-кіраўніка ФБР, ён, «магчыма, быў недастаткова моцным», каб наўпрост заявіць прэзыдэнту, што лічыць яго просьбы «незаконнымі».
«Напэўна, я павінен быў гэта зрабіць, і зрабіў бы, калі быў бы мацнейшым і больш упэўненым у сабе», — сказаў ён.
Джэймс Коўмі распавёў, што ён раіўся з кіраўніцтвам ФБР, абмяркоўваючы просьбу прэзыдэнта.
«Я ня ведаў, што рабіць, — сказаў ён. — Я ніколі не сутыкаўся з такой просьбай. Мы ня ведалі, як мы зможам сказаць агентам і супрацоўнікам, што яны павінны спыніць расьсьледаваньне».
Я ніколі не сутыкаўся з такой просьбай. Мы ня ведалі, як мы зможам сказаць агентам і супрацоўнікам, што яны павінны спыніць расьсьледаваньне.
Ён таксама выказаў здагадку, што просьба прэзыдэнта тычылася толькі расьсьледаваньня ў дачыненьні да генэрала Майкла Фліна, а ня сьледзтва ў адносінах да расейскага ўмяшаньня ў цэлым.
Джэймс Коўмі палічыў патрэбным удакладніць, што падчас адной з сустрэч з прэзыдэнтам ён патлумачыў Дональду Трампу, што, згодна з прынятай працэдурай, прэзыдэнт ня можа наўпрост даваць якія-кольвечы ўказаньні дырэктару ФБР і можа толькі папросіць юрыдычнага дарадцу Белага дому зьвязацца з кіраўніком спэцслужбы, калі лічыць, што нейкае пытаньне павінна быць узгодненае.
Сэнатар Марк Рубіё спытаў, ці пагадзіўся прэзыдэнт з тым, што «расейскае расьсьледаваньне» павінна быць працягнутае.
«Так, — адказаў Коўмі. — Ён сказаў, што калі б хто-небудзь з блізкіх да яго асобаў учыніў нешта супрацьзаконнае, то было б правільна, калі б яны былі пакараныя».
Экс-дырэктар ФБР Коўмі паведаміў, што падчас закрытых брыфінгаў з групай сэнатараў ён неаднаразова паведамляў, што ФБР вядзе расьсьледаваньне ў дачыненьні да групы грамадзянаў ЗША, але падкрэсьліў, што прэзыдэнт ЗША не ўваходзіць у лік падазраваных. Гэтую ж інфармацыю, паводле яго словаў, ён перадаў і Трампу ў адказ на яго неаднаразовыя просьбы.
Ён таксама патлумачыў, што размаўляў з кіраўніком Мінюсту і яго намесьнікам, і «выказаў сурʼёзную занепакоенасьць» тым, як прэзыдэнт ЗША размаўляе з дырэктарам ФБР.
«Ён папрасіў выйсьці ўсіх, хто знаходзіўся ў пакоі, і калі мы засталіся сам-насам, папрасіў мяне ўмяшацца ў расьсьледаваньне. Гэта недапушчальна», — сказаў Джэймс Коўмі.
Ён адзначыў, што не сумняваецца ў тым, што менавіта расейскае кіраўніцтва санкцыянавала сэрыю «актыўных разьведвальных мерапрыемстваў», накіраваных супраць ЗША.
Джэймс Коўмі таксама адзначыў, што абмяркоўваў тэму процідзеяньня намаганьням Расеі з прэзыдэнтам Абамам, але прэзыдэнт Трамп ніколі не закранаў гэтую тэму ў размовах з ім.
У адказ на пытаньне сэнатараў Джэймс Коўмі заўважыў, што «паспрабаваў быць адкрытым і гранічна сумленным», распавядаючы пра сустрэчы з Дональдам Трампам.
«Чаму ён папрасіў усіх пакінуць Авальны кабінэт? — спытаў ён. — Чаму ён захацеў застацца са мною сам-насам? Для мяне, як апэратыўніка, гэта вельмі трывожны сыгнал».
Ён адмовіўся камэнтаваць паведамленьні СМІ аб тым, што зяць прэзыдэнта Джарэд Кушнэр абмяркоўваў з расейскім амбасадарам у ЗША магчымасьць стварэньня «сакрэтнага канала сувязі» паміж Белым домам і Крамлём, але адзначыў, што сам факт правядзеньня такіх перамоваў «зьяўляецца вельмі небясьпечным».
Коўмі аспрэчыў заявы прэзыдэнта Трампа, які сказаў у адным з інтэрвію, што дырэктар ФБР тэлефанаваў яму і прасіў пра сустрэчу.
«Я ніколі са свайго боку не ініцыяваў зносіны з Белым домам», — сказаў ён.
Сэнатар Ангус Кінг задаў пытаньне аб тым, што Коўмі думае пра расейскага пасла ў Вашынгтоне Сяргея Кісьляка.
Пасла Кісьляка Коўмі называў «дыпляматам», заўважыўшы, што яго імя называлася падчас закрытых брыфінгаў, якія праводзіліся для прэзыдэнта ЗША перад уступленьнем на пасаду.
Джэймс Коўмі падкрэсьліў, што «у тэорыі» прэзыдэнт, як кіраўнік выканаўчай улады, «мае права спыніць» любое расьсьледаваньне.
«Хоць гэта было б няправільна», — дадаў экс-дырэктар ФБР.
Я спадзяюся, што там ёсьць запісы. Абнародуйце іх!
Джэймс Коўмі дапусьціў, што прэзыдэнт Трамп запісваў іх прыватныя перамовы, але заявіў, што вітае ідэю апублікаваньня гэтых запісаў.
«Я спадзяюся, што там ёсьць запісы, — сказаў ён. — Абнародуйце іх!»
Джэймс Коўмі ня выключыў магчымасьці таго, што ён мог бы быць звольнены з пасады і ў выпадку, калі б выбары выйграла Хілары Клінтан.
Сэнатар-рэспубліканец Джон Корнін спытаў, ці лічыць былы дырэктар ФБР, што звальненьне кіраўніка спэцслужбы зьяўляецца лепшым спосабам спыніць якое-небудзь расьсьледаваньне.
«З майго пункту гледжаньня, гэта ня самы лягічны крок, таму што расьсьледаваньне ўсё роўна будзе працягвацца», — адказаў Коўмі.
Былы кіраўнік ФБР удакладніў, што ніколі ў размовах з Дональдам Трампам не адмаўляўся выканаць яго просьбу аб спыненьні расьсьледаваньня ў дачыненьні да Майкла Фліна, аддаючы перавагу выкарыстаньню больш «абцякальнай фармулёўкі».
Расьсьледаваньне ўсё роўна будзе працягвацца.
«Я сказаў яму, што пагляджу, што мы можам з гэтым зрабіць», — сказаў Джэймс Коўмі, патлумачыўшы, што выбраў гэтую фразу як «ветлівую форму адмовы».
Паводле яго слоў, камэнтуючы яго звальненьне, «адміністрацыя Трампа вырашыла зьняважыць мяне і ФБР».
«Мяне звольнілі, каб зьмяніць хаду расьсьледаваньня расейскага ўмяшаньня, — сказаў ён. — Калі б высьветлілася, што нехта з амэрыканцаў дапамагаў Расеі (у арганізацыі ўмяшаньня ў выбарчую кампанію), то гэта была б велізарная праблема. Я ўпэўнены, што спэцпракурор Мюлер высьветліць гэта».