Андрэй і Паліна — вядомыя грамадзка-палітычныя актывісты ў Берасьці. Андрэй быў актыўным удзельнікам многіх акцыяў, гэтай вясной ён быў адным зь лідэраў пратэстаў недармаедаў у Берасьці. У часе адной з акцыяў Андрэй Шарэнда прымацоўваў каля ўваходу ў аблвыканкам плякат з надпісам «Баста!», за што на яго складалі адміністрацыйны пратакол і асудзілі.
Разам вывешвалі расьцяжку супраць Лукашэнкі ў розныя дні
Цяпер супраць Андрэя і Паліны заведзеная крымінальная справа за абразу Аляксандра Лукашэнкі. Быццам бы яны павесілі ў Берасьці расьцяжку, на якой была напісаная абраза ў адрас Лукашэнкі. Андрэй Шарэнда называе гэтыя абвінавачваньні абсурднымі, ён кажа, што ў справе ёсьць нестыкоўкі нават па даце гэтага ўчынку:
«Мы яшчэ не абвінавачаныя, нам выставілі падазрэньне, далі адпаведныя паперы. Спачатку, як ні дзіўна, выклікалі Паліну, далі ёй паперу аб завядзеньні справы. Быццам 17 лютага ў 15.00 вывесіла тую расьцяжку. На наступны дзень мяне выклікалі і прад’явілі, што я вывешваў расьцяжку зь ёй 16 лютага. Мы асабліва ня маем права выдаваць падрабязнасьці справы, але гэтыя дзьве паперы, якія нам далі, саму сутнасьць гэтай справы яскрава паказваюць».
Андрэй і Паліна расказалі, што супраць іх знайшоўся сьведка, які пазнаў, што гэта быццам яны вывешвалі тую расьцяжку.
«Ён блытаўся ў датах, ня мог дакладна вуліцу назваць, у мяне склалася ўражаньне, што яму паказалі нашы здымкі, і сказалі, што ты, маўляў, быў на той вуліцы і іх бачыў», — кажа Паліна.
«Стаўленьне сьледчых да нас вельмі варожае. Мы не даём увогуле ніякіх паказаньняў, спасылаемся на тое, што маем права ня сьведчыць супраць сябе. І ніякіх папераў не падпісваем, гэта іх вельмі раздражняе. Цалкам магчыма, што мяне ці Паліну могуць і нэўтралізаваць перад нейкай наступнай акцыяй. Гэта такі своеасаблівы кручок, які можна скарыстаць у любы момант», — сказаў Андрэй.
Былы маладафронтавец, падазраваны ў закалотах каля Дому ўраду ў 2010-м
Андрэя Шарэнду даўно ведаюць у Берасьці як актыўнага апазыцыянэра. Хлопец прыйшоў да грамадзкай дзейнасьці, далучыўшыся да «Маладога Фронту», цяпер ён — актывіст «Эўрапейскай Беларусі».
Андрэй прымаў удзел у многіх масавых акцыях апазыцыі. Пасьля разгону Плошчы ў часе выбараў 2010 году супраць яго была заведзеная справа за тое, што нібыта «біў вокны ў Доме ўраду». Той час, прыгадвае Андрэй, ён пераседзеў за мяжой, пакуль абвінавачаньне зь яго не зьнялі.
Болей крымінальных спраў супраць Андрэя Шарэнды не заводзілі, але шмат разоў яго судзілі паводле адміністрацыйных артыкулаў.
Пра Андрэя Шарэнду неяк здымалі сюжэты на БТ. У прыканцы 2015 году дзяржаўнае тэлебачаньне расказала, як у Берасьці выдзяляецца арэнднае жыльлё і што тут «ад жорсткага прынцыпу, што жыльлё атрымліваюць на роўных усе грамадзяне, улады не адышлі». Далей распавялі пра тое, што на ўручэньні ключоў ад кватэры, «толькі адзін з гэтых шчасьліўчыкаў не пляскае ў ладкі з добрай нагоды — Андрэй Шарэнда, мясцовы актывіст апазыцыі. (...) 5 гадоў таму, сьнежаньскім вечарам, гэты чалавек адным зь першых падняўся на прыступкі Дому ўраду. Там, па дзьвярах і па вокнах, ён папляскаў ад душы».
«Зрабілі такую агітку, што быццам мы тут ледзь не бясплатна атрымалі кватэру», — сьмяецца Андрэй ды кажа, што «не чакаў іншага з боку афіцыйнага тэлебачаньня».
Андрэй Шарэнда кажа, што здаўна адчувае пільную ўвагу з боку ўладаў, праваахоўнікаў:
«Да акцыяў недармаедаў, якія ўспыхнулі гэтай вясной, у мяне было шмат затрыманьняў. Можна сказаць, што перад кожнымі выбарамі у нас тут сядзяць і сочаць каля пад’езду. Летась перад парлямэнцкімі выбарамі 3 дні сядзелі і сачылі, каб мы чаго кепскага не зрабілі. Тая самая карціна была і перад прэзыдэнцкімі выбарамі. Яшчэ тады прыходзілі са службы апекі правяраць стан нашай сям’і».
«Бывае такое, што вешаюць на мяне ўсё што заўгодна. Год таму прыйшло судовае рашэньне, штраф з Івацэвічаў, што я там быццам нейкія налепкі ляпіў. І нейкі там мяне сьведка бачыў. Я нават і прыгадаць ня мог, калі я быў у тых Івацэвічах», — кажа Андрэй Шарэнда.
Пад пільным вокам сацыяльных службаў
У Андрэя і Паліны два сыны. Меншаму, Стаху, нядаўна споўніўся год, старэйшаму, Славаміру — 8 гадоў. Шарэнды кажуць, што іхная сям’я знаходзіцца пад сыстэматычным наглядам сацыяльных службаў.
«25 сакавіка мяне затрымалі ў Менску, а Паліна проста выйшла з дому схадзіць у краму, і яе затрымалі. Зразумела, што ні на якую акцыю ні ў Менску, ні ў Берасьці 25 ці 26 сакавіка яна не зьбіралася, але яны вырашылі перастрахавацца і проста затрымалі. Атрымалася, што дома засталіся дзеці. Малодшаму якраз 25 сакавіка споўніўся год. Старэйшаму сыну 8, ён ужо самастойны, яму давялося сядзець аднаму каля гадзіны. Яшчэ добра, што пасьпелі патэлефанаваць знаёмаму, ён тут жыве недалёка, прыбег паглядзець дзяцей. А за ім пасьпела прыехаць мая маці. Як толькі яны прыехалі, праз 10 хвілін літаральна прыбылі міліцыянты, служба апекі правяраць, як тут дзеці. То бок фактычна, каб мая маці не пасьпела, то невядома, што было б. Знарок правакавалі, каб паказаць, што дзеці знаходзяцца адны, недагледжаныя», — расказаў Андрэй Шарэнда.
Паліна пільную ўвагу сацыяльных сужбаў да дзяцей тлумачыць толькі актыўнай пазыцыяй бацькоў:
«Тут усё падведзена пад палітыку: калі бацькі маюць нейкую грамадзкую пазыцыю, як мы бачым ня толькі на прыкладзе нашай сям’і, то ўсе гэтыя дэкрэты, у тым ліку што тычацца дзяцей, таксама выкарыстоўваюцца. Гэта як мэтад рэпрэсіяў, ціску на сям’ю празь дзяцей».
Андрэй распавёў, што аднойчы правяральшчыкі нават прызналіся, што іх паслалі з КДБ:
«Гэтыя службы апекі разумеюць, што яны ня маюць рацыі: калі ім кажаш, што гэта палітычная справа, яны проста апускаюць вочы. Іх проста накіроўваюць, іх таксама выкарыстоўваюць. Калі год таму прыходзілі, то ня ўтойвалі, што іх накіраваў КДБ. Простым тэкстам сказалі».
«Страху няма»
Андрэй Шарэнда мяркуе, што іх справа можа раскручвацца паводле розных варыянтаў:
«Сама справа на 100 адсоткаў палітычная. Таму што няма там ніякага складу злачынства, цалкам літаратурны тэкст. Ня ведаю, якая там была экспэртыза, якая прызнала нейкую нецэнзуршчыну. Я ня бачу там ніводнага нецэнзурнага слова. Там проста гаворыцца, што Лукашэнка давёў краіну да ручкі», — кажа Андрэй.
«Справа палітычная, таму што з 300 тысяч насельніцтва гораду ўзяліся менавіта за апазыцыйных актывістаў. Вывесіць мог хто заўгодна, а менавіта нас чапаюць», — дадае Паліна.
Андрэй Шарэнда мяркуе, што крымінальная справа зьявілася як помста за тое, што ён быў у кіраўніцтве акцыяў недармаедаў як у Берасьці, так і ў Менску, а таксама «за актыўную пазыцыю, якую адстойваю з жонкай ужо шмат гадоў».
«Ідзе мэтанакіраваны ціск на ўсіх, хто актыўна ўдзельнічаў у акцыях пратэсту. Тое самае з Натальляй Папковай, у іх да яе свой падыход, спрабуюць зламаць суткамі. А да нас вось такі. Зразумела, што справа ў нас сур’ёзная, пагражае рэальны тэрмін, да трох гадоў зьняволеньня. Але пакуль мне зь цяжкасьцю верыцца, што тое, што называюць справай, можа дайсьці да суду. Але не выключаю, што ці я, ці жонка, ці мы разам у любы момант можам апынуцца за кратамі», — кажа Андрэй Шарэнда.
Тым ня менш Андрэй і Паліна кажуць, што турмой іх не напалохаеш:
«Страху няма, і калі далей гэтая справа будзе раскручвацца, то маўчаць мы ня будзем. Ёсьць нейкія падпіскі аб невыдаваньні, але калі справа палітычная, то яна проста падганяецца пад шаблён. Таму мы маўчаць ня будзем», — кажа Андрэй.
Паліна дадае, што ўвогуле ніякіх падпісак аб невыдаваньні даваць не зьбіраецца:
«Таму што ўся гэтая сыстэма — яна нелегітымная, незаконная. Фактычна, яны бандыты, якія самі сябе называюць рознымі камітэтамі, міліцыянтамі і гэтак далей. Даваць нейкія падпіскі злачынцам — гэта ніжэй за мой гонар. Не я злачынца, а яны злачынцы. Таму што гэта яны ўзурпавалі ўладу, яны душаць свабоду, яны гэта ўсё робяць».