Праваабаронцу Андрэю Бандарэнку Ленінскі суд Магілёва адмовіў у праве патрабаваць пакрыцьцё маральнай, маёмаснай і фізычнай шкоды, нанесенай незаконнымі дзеяньнямі дзяржаўных органаў, якія ініцыявалі яго крымінальны перасьлед як злоснага парушальніка рэжыму адбываньня пакараньня ў Магілёўскай папраўчай установе «Турма № 4».
Былы вязень настойвае, што справа паводле артыкулу 411 Крымінальнага кодэксу супраць яго была сфальшаванай.
Сёлета 30 сакавіка гэты ж суд ня ўгледзеў падстаў, каб задаволіць пазоў адміністрацыі папраўчай установы, якая вінаваціла Бандарэнку у тым, што ён сыстэматычна не падпарадкоўваецца супрацоўнікам турмы. Суд спыніў справу супраць зьняволенага праз адсутнасьць складу злачынства. 31 сакавіка праваабаронца выйшаў на волю пасьля трох гадоў зьняволеньня.
У гутарцы з журналістамі Андрэй Бандарэнка нагадаў, што дагэтуль не было апраўдальных прысудаў паводле 411-га артыкулу. Для Беларусі гэта прэцэдэнт, казаў ён.
«Будзем пратоптваць сьцяжыну, каб гэты артыкул наагул быў выключаны з Крымінальнага кодэксу», — адзначыў праваабаронца.
Суду Андрэй Бандарэнка аргумэнтаваў свае патрабаваньні, выкладзеныя ў заяве, тым, што за час сьледзтва ў справе і судовага разбору па віне дзяржаўных органаў, дзеяньні якіх былі прызнаныя незаконнымі, ён панёс расходы, а таксама меў перажываньні і нэгатыўныя ўражаньні. Іх, казаў ён, мелі ягоная сям’я ды родзічы.
Прадстаўніца пракуратуры Касьцюшка прасіла суд пакінуць заяву Бандарэнкі без задавальненьня, паколькі ў Крымінальным кодэксе, казала яна, прапісаныя канкрэтныя выпадкі, якія прадугледжваюць пакрыцьцё шкоды за парушэньне правоў грамадзяніна, і ні пад адзін зь іх не падпадаюць прэтэнзіі заяўніка.
На выступ Касьцюшкі адрэагаваў абаронца інтарэсаў Бандарэнкі адвакат Вадзім Мушынскі. Ён нагадаў, што пакрыцьцё шкоды прадугледжвае ня толькі Крымінальны, але і Грамадзянскі кодэкс.
Судзьдзя Сяргей Мазураў падтрымаў пазыцыю прадстаўніка пракуратуры, пакінуўшы без задавальненьня заяву Бандарэнкі. У сваёй пастанове судзьдзя спаслаўся толькі на нормы Крымінальнага кодэксу, а нормы Грамадзянскага не згадаў.
Андрэй Бандарэнка ня ўтойваў, што зьдзіўлены пастановай судзьдзі Мазурава. Праваабаронца заяўляе, што абскардзіць яе і даб’ецца пакрыцьця шкоды за крымінальны перасьлед.
«936-ы артыкул Грамадзянскага кодэксу дазваляе мне патрабаваць кампэнсацыю маральнай і маёмаснай шкоды, нанесенай мне незаконнымі дзеяньнямі дзяржаўных органаў», — даводзіў сваю пазыцыю Бандарэнка па сканчэньні разгляду ягонай скаргі.
«У маім выпадку, — казаў ён далей, — гэта незаконнае прыцягненьне мяне да крымінальнай адказнасьці паводле 411-га артыкулу. Суд мяне апраўдаў, і я маю права на кампэнсацыю шкоды».
Андрэя Бандарэнку ў 2014 годзе прызналі вінаватым у хуліганстве, злосным хуліганстве і асабліва злосным хуліганстве ў дачыненьні да трох грамадзян і асудзілі на 4 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму. Часткова Бандарэнка прызнаў віну, але сьцьвярджаў, што пакаралі яго ў выніку правакацыі. Падчас амністыі пакараньне яму было скарочанае на год.