Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі Эўрабачаньне яшчэ не было нашым бачаньнем


Швэдзкі гурт «АББА» зь песьняй «Waterloo» у конкурсе Эўрабачаньня ў 1974
Швэдзкі гурт «АББА» зь песьняй «Waterloo» у конкурсе Эўрабачаньня ў 1974

Мінула некалькі дзён пасьля фіналу Эўрабачаньня (калі каму зручней: Эўравізіі) у Кіеве, і мая музычная памяць ужо ня ў змозе прыгадаць ніводнай мэлёдыі з гэтага конкурсу. Так было і год таму, і два гады, і дзесяць… А вось песьню «Waterloo», якая перамагла ў конкурсе 1974 году, я помню… Або песьню «Save All Your Kisses for Me», пераможніцу 1976 году… І помню мэлёдыю «L’oiseau et l’enfant», якая перамагла на Эўрабачаньні ў 1977 годзе…

Чаму так?

Магчыма, адказ тут цалкам просты: тады, калі Эўрабачаньне яшчэ не каўтнула пасьлякамуністычнай Эўропы, конкурс меў лепшы музычны ўзровень. То бок і кампазытары, і выканаўцы на той час не ўскладалі надзеі на піратэхніку з лазэрамі ды «дзікімі танцамі» на кампутарным фоне (чаго ў 1960-х, 1970-х і нават у 1980-х не было наогул), а працавалі над мэлёдыяй і пастаноўкай голасу…

Сёньня мне захацелася прыгадаць некалькі песень-пераможніц Эўрабачаньня якраз з «дапатопных» часоў, калі сцэну гэтага песеннага конкурсу не залівалі хвалі сынтэзаванага кампутарамі музычна-візуальнага барахла, а людзі галасавалі ня столькі за «суседзяў» і «сяброў», колькі за тое, што ім насамрэч падабалася, нават калі гэтае «падабалася» з пэрспэктывы сёньняшняга дня выглядае даволі сьмешным і старасьвецкім.

Першай будзе згаданая песьня «Waterloo», якая дала пачатак ашаламляльнай міжнароднай кар’еры швэдзкай групы «ABBA». Гэта насамрэч адзіны выпадак за ўсю гісторыю Эўрабачаньня, калі конкурс адкрыў музычную зорку сусьветнай велічыні. Агнэта, Б’ёрн, Бэні і Ані-Фрыд з чэпкімі мэлёдыямі і густоўнай выканаўчай манерай ня толькі патрапілі ў свой час (другая палова 1970-х), але і выйшлі зь яго ў наступныя дзесяцігодзьдзі.

Проста, міла і геніяльна. Навошта ім кампутарныя фэервэркі?

Яшчэ адна простая і мілая мэлёдыя. «Занадта простая і мілая», каб выйсьці са свайго часу, але чамусьці помніцца: пераможцы 1976 году, брытанская група «The Brotherhood of Man» зь песьняй «Save All Your Kisses for Me».

А вось абсалютная старасьветчына — францускі сьпявак Жан-Клёд Паскаль (1927–1992), пераможца Эўрабачаньня 1961 году, які выступаў за Люксэмбург зь песьняй «Nous les amoureux». Мала хто ведае, што ён выступаў на Эўрабачаньні за Люксэмбург і 20 гадоў пазьней, у 1981, калі заняў 11-е месца сярод 20 удзельнікаў конкурсу.

Адзіным удзельнікам, які выйграў Эўрабачаньне двойчы (у 1980 і 1987), аказаўся Джоні Логан з Ірляндыі. Міжнароднай кар’еры ён усё ж не зрабіў. Па-мойму, ён са сваімі песьнямі значна спазьніўся ў часе. Як прыклад гэтага спазьненьня, песьня-пераможніца з 1987 году:

І на заканчэньне — мая найбольш улюбёная песьня з усяго гэтага Эўрабачаньня — згаданая на пачатку «L’oiseau et l’enfant». У 1977 яе выканала Мары Мірыям, француская сьпявачка партугальскага паходжаньня, народжаная ў бэльгійскім Конга. Яна засьпявала гэтую песьню няблага, але мне больш падабаецца вэрсія францускай дзіцячай групы «Kids United», створанай дзеля зьбіраньня грошай у Дзіцячы фонд ААН (ЮНІСЭФ) у 2015.

Каб на Эўрабачаньні і цяпер былі такія песьні, то можна было б заплюшчыць вочы на ўсю тую недарэчную піратэхніку і гідрадынаміку на сцэне. А так — эх… Куды ж гэтая віртуальная Эўропа з выгаленымі пахамі і пахвінамі дасьпяваецца і даскачацца?..

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG