Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі нацыяналізм зноў стаў ворагам


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Міліцыя затрымала менчука Сяргея Манкевіча, які вывесіў у вакне кватэры бел-чырвона-белы сьцяг. Намесьнік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Рэчыцкага райвыканкама Аляксандр Горбач забараніў выкарыстоўваць на стадыёне сьцяг з выявай герба горада Рэчыца ў выглядзе «Пагоні» на фоне бел-чырвона-белай стужкі.


Не думаю, што міліцыянты ці чыноўнікі атрымалі нейкую адмысловую дырэктыву на гэты конт. Але яны востра адчулі новую палітычную атмасфэру. Бо ўся краіна бачыла, як на Дзень Волі ў Менску амапаўцы хапалі найперш тых, хто быў зь бел-чырвона-белым сьцягам.
А яшчэ зусім нядаўна нацыянальныя сымбалі былі амаль што легалізаваныя. Бел-чырвона-белыя сьцягі луналі на стадыёне падчас матчу зборнай Беларусі па футболу. Міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч заяўляў, што гэты сьцяг і «Пагоня» не зьяўляюцца забароненымі сымбалямі. Старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька дэманстраваў з тэлеэкрана майку з «Пагоняй». Мэдыі загаварылі пра мяккую беларусізацыю.


Але «Беларуская вясна», вулічныя акцыі пратэсту ўсё рэзка памянялі, пачаліся палітычныя рэпрэсіі. Разам з касмэтычнай лібэралізацыяй закончылася і мяккая беларусізацыя. Беларускія нацыяналісты зноў аб’яўлены галоўнымі ворагамі.


У Беларусі існуе шмат ваенізаваных прарасейскіх арганізацый, якія ладзяць летнікі з маладзёнамі. Але на ролю баевікоў КДБ выбрала беларускіх нацыяналістаў з «Белага легіёну». Бабруйскі клюб «Патрыёт» абвінавацілі ў тым, што там вялося выхаваньне «з празьмерным нацыяналістычным ухілам», бо размаўлялі ж на беларускай мове. Дзяржаўныя мэдыі, выкрываючы зладзейскае нутро «баевікоў», параўноўваюць беларускі нацыяналізм з нацызмам. І гэта зноў стала, можна сказаць, афіцыйнай ідэалягічнай лініяй ўладаў.


Вось напярэдадні Дня Перамогі ў школы ўсёй краіны сталі прыходзіць лісты ад Таварыства памяці воінаў і ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны, у якіх беларускі нацыяналізм атаясамляецца з фашызмам.


У цяперашніх дзеяньнях улады ёсьць пэўная лёгіка. Бо лібэралізацыя і беларусізацыя ішлі у адной зьвязцы. Яны сымбалізавалі пэўнае разьняволеньне грамадзтва, давалі нейкую, няхай невялічкую свабоду грамадзянскай супольнасьці. А зь іншага боку, ўсё гэта азначала некаторае дыстанцыянаваньне ад Расеі і зьбліжэньне з Захадам.


Акрамя таго, — і можа гэта галоўнае — нацыянальная ідэя зьяўляецца найбольш вядомым у гісторыі сродкам палітычнай мабілізацыі грамадзтва. Гэта адзін з адказаў на пытаньне, чаму Лукашэнка усяляк дыстанцуецца ад беларускага нацыяналізму. Не толькі таму, што такая палітычная лінія сапсуе дачыненьні з Расеяй.


Справа ў тым, што існы палітычны рэжым трымаецца не столькі на падтрымцы грамадзтва, колькі на апатыі, раўнадушшы, апалітычнасьці, атамізацыі, палітычнай дэмабілізацыі насельніцтва. А яшчэ на страху. А нацыяналізм па самой сваёй прыродзе ёсьць сродак мабілізацыі, аб’яднаньня, палітызацыі соцыюму. Наўрад ці Лукашэнка разумее гэта на ўзроўні тэорыі, ён, хутчэй, адчувае інтуітыўна.


Таму калі пачаліся маршы недармаедаў, найбольш выразным сымбалем пратэсту стаў бел-чырвона-белы сьцяг. Бо калі насельніцтва незадаволена ўладамі, то яно найперш зьвяртае ўвагу на яе апанэнтаў, падсьвядома шукае альтэрнатыву. А альтэрнатыву ў Беларусі сымбалізуе нацыянальны сьцяг. То бок нацыяналізм стаў мэханізмам мабілізацыі народнага незадаволеньня і пратэсту.


Таму з гледзішча самазахаваньня ўлады аб’яўленьне беларускага нацыяналізму ворагам выглядае цалкам лягічным. Думаю, пакуль ўлады яшчэ самі не вырашылі ў якіх маштабах і якім тэмпе будзе ажыцьцяўляцца гэты адкат. Але трэнд вызначыўся.

29.04.2017 г.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG