Гэтая прапанова прагучала 12 красавіка на круглым стале аб разьвіцьці сыстэмы адукацыі на беларускай мове, які з ініцыятывы дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Алены Анісім прайшоў на базе Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту.
«Таварыства Беларускай мовы таксама падтрымлівае гэтую прапанову, — гаворыць Свабодзе Алена Анісім. — Да яе прыхільна паставіўся і першы намесьнік міністра адукацыі Вадзім Богуш, які таксама ўдзельнічаў у сэмінары. Мы зьвярнуліся ў Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы, каб і там зьвярнулі ўвагу на гэтую праблему.
Прыемна сёньня было пачуць, што ў пэдагагічным унівэрсытэце празь месяц правядуць цікавае спартыўна-адукацыйнае сьвята на беларускай мове. Пасьля апрабацыі яго перанясуць і ў іншыя навучальныя ўстановы».
Дэпутатка Анісім гаворыць, што за апошнія два гады беларускамоўная справа выйшла за межы выключна адукацыі:
«Нам трэба цяпер хуценька абагульніць тое, што мы ўжо маем, і вырашыць, куды рухацца далей. Калі раней размова пра беларускую мову пераважна замыкалася ў рамках адукацыі, то цяпер усё болей і болей людзей, уключаючы чынавенства, разумеюць ролю роднай мовы і ў грамадзкім жыцьці.
Я ў ТБМ зь 2000 году. І толькі дзесьці за апошнія гады два агульны настрой да мовы ня толькі ў грамадзтве, але і ва ўладзе зьмяняецца на пазытыўны. І цяпер справа ў тым, каб надаць гэтаму практычнае ўвасабленьне. Хай гэта будзе неаднамомантава, але пасьлядоўна і ў многіх кірунках.
І раней ва ўладных структурах былі асобныя людзі, якія пазытыўна ставіліся да беларускай мовы. Дзякуючы ім прымаліся асобныя станоўчыя рашэньні. Але тады яны не даводзіліся да канца. Дзесьці гэтыя рашэньні праводзілі ў жыцьцё, але шмат дзе яны проста „правісалі“.
Зараз трэба выправіць гэтую сытуацыю. Грамадзкія тэндэнцыі проста падштурхоўваюць улады рабіць нешта карыснае ў гэтым кірунку. І наша задача гэтым эфэктыўна скарыстацца».