Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За час кіраваньня Лукашэнкі ў Беларусі зьнікла 1600 вёсак


У адной зь вёсак Дрыбінскага раёну Магілёўскай вобласьці, архіўнае фота 2019 году.
У адной зь вёсак Дрыбінскага раёну Магілёўскай вобласьці, архіўнае фота 2019 году.

На пачатак 2025 году ў Беларусі было 23.190 населеных пунктаў — на 6,5% менш ( — 1.607), чым на пачатак 1995-га (24.794), вынікае з праведзенага агенцтвам «Позірк» аналізу даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

За 30 гадоў, якія Аляксандр Лукашэнка знаходзіцца ва ўладзе, пасёлкаў гарадзкога тыпу стала менш на 22 працэнты ( — 26) — 85 супраць 109, сельскіх населеных пунктаў — на 6,5 працэнта ( — 1.593) — 22.990 супраць 24.583, гарадоў абласнога падпарадкаваньня — у 3,8 раза; гарадоў раённага падпарадкаваньня стала больш на 62,5% (104 супраць 64).

Зьвесткі Белстату кантрастуюць са сьцьвярджэньнямі беларускай прапаганды аб тым, што ўлада надае вялікую ўвагу сельскай мясцовасьці.

Наведваючы 7 студзеня 2025 году храм сьвяціцеля Мікалая Цудатворца ў Лагойску Аляксандр Лукашэнка заявіў, што «для кожнай вёсачкі» ўведзеныя «пэўныя стандарты», і яны «ў большасьці сваёй выконваюцца».

«Але мы зьвернем на гэтую сур’ёзную ўвагу. Таму што першы год пяцігодкі якасьці — Год добраўпарадкаваньня. У вёсцы, ня кажучы пра аграгарадкі, хоць адзін ліхтар на вуліцы павінен гарэць. Каб людзі сьмела маглі перамяшчацца па вуліцы. Я жыў у такой вёсцы і ведаю, што гэта значыць», — казаў Лукашэнка.

6 ліпеня 2024 году на рэспубліканскім сьвяце «Купальле» ў Шклоўскім раёне ён зьвярнуўся да беларусаў і расейцаў з прапановай аб «куплі за грошы, за капейкі невялікіх участкаў у так званых непэрспэктыўных сёлах».

«Вы ведаеце, што вёска ў нас выратаваная. Мы будуем больш за паўтары тысячы аграгарадкоў, ужо вызначана, дзе яны будуць. У нас засталіся сярэднія і зусім маленькія вёсачкі, дзе раней жыло шмат людзей. Гэта ж цудоўныя месцы, цуд месца. Яны не павінны загінуць», — заявіў Лукашэнка.

Летам 2020 году Лукашэнка ўжо заклікаў адраджаць хутары і непэрспэктыўныя вёскі. Разам з тым улады для канфіскацыі нерухомасьці апанэнтаў рэжыму ў студзені 2023 году прынялі закон «Аб канфіскацыі маёмасьці», скіраваны супраць тых, хто, на думку ўладаў, учыніў «недружалюбныя дзеяньні».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG