Глод: Цяпер многія палітыкі і палітолягі разважаюць над пытаньнем: як складуцца адносіны паміж Захадам і афіцыйным Менскам пасьля аднаўленьня масавых рэпрэсій у Беларусі? Абсалютная бальшыня думак зводзіцца да наступнага — калі ў Беларусі зьявяцца новыя палітычныя вязьні, то пытаньне санкцый можа вярнуцца ў парадак дня.
Найбольш выразна пра гэта заявіў міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус. Нагадаю, што перад тым як стаць міністрам, ён працаваў амбасадарам у Беларусі і цудоўна ведае беларускія рэаліі. Наагул, Літва, якая ня можа зьмірыцца з тым, што каля яе мяжы ўзводзіцца Беларуская атамная станцыя, займае найбольш непрымірымую пазыцыю.
Сьведчаньнем гэтага стала заява 74 дэпутатаў Эўрапейскага парлямэнту, якія заклікалі перагледзець палітыку Эўразьвязу адносна рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Збор подпісаў пад заявай ініцыяваў Пятрас Аўштравічус — эўрадэпутат ад Літвы. Ён кажа, што з боку Эўразьвязу назіраецца тэндэнцыя трымацца той палітыкі адносна Беларусі, якая вядзецца ад пачатку 2016 году. Але прадстаўнік Літвы кажа, што гэта няправільна, трэба даць Лукашэнку сыгнал, што мы ня прымем апошнія дзеяньні зь яго боку.
74 дэпутаты — гэта толькі 10% ад усіх чальцоў Эўрапарлямэнту. Аднак найбуйнейшую фракцыю ў гэтай міжнароднай структуры мае Эўрапейская народная партыя. І, як паведамілі сёньня Юрась Губарэвіч, Анатоль Лябедзька і Віталь Рымашэўскі, «народнікі» схільныя падтрымаць заяву 74-х.
Беларускім апазыцыянэрам можна верыць, бо на мінулым тыдні яны прысутнічалі на кангрэсе Эўрапейскай народнай партыі на Мальце. Магчыма, Эўрапарлямэнт прыме рэзалюцыю па Беларусі, а сьледам паўстане пытаньне і аб санкцыях Эўразьвязу. Той жа Аўштравічус ужо прапануе, каб да тых чатырох асобаў, якія ня маюць права цяпер уяжджаць у Эўразьвяз, былі дададзеныя палітыкі і супрацоўнікі, якія прынялі рашэньне разганяць дэманстрацыю, зьбіваць людзей, утрымліваць іх у турмах і гэтак далей.
Сёньня зьявілася паведамленьне, што рашэньне аб наданьні Беларусі макрафінансавай дапамогі (а гэта палова мільярда даляраў) Эўрапейскі Зьвяз будзе разглядаць з улікам сытуацыі з правамі чалавека ў краіне. І хоць крыніца паведамленьня ананімная, выглядае, што гэта сапраўды так. Да таго ж, хоць рашэньне аб дапамозе прымае Эўракамісія, але ўхваліць яго павінен Эўрапарлямэнт.
Вобраз краіны, у якой памалу адбываюцца станоўчыя перамены, бурыцца.
Апошнія падзеі ў Беларусі пераканалі — вобраз краіны, у якой памалу адбываюцца станоўчыя перамены, а менавіта такі імідж старанна стварала Міністэрства замежных спраў, бурыцца. Бачна, што абвешчаныя дэмакратызацыя і лібэралізацыя застаюцца толькі на словах. І нават два дэпутаты ў Палаце прадстаўнікоў, якія не належаць да праўладных вылучэнцаў, сытуацыю не ратуюць.
Я думаю, і ў Эўракамісіі, і ў Эўрапарлямэнце гэта добра разумеюць. Але ж нельга забывацца і пра лабістаў Лукашэнкі, а такія там ёсьць, і пра ўплыў некаторых краін, якія маюць моцныя фінансавыя інтарэсы ў Беларусі. Так што для мяне пытаньне ўзнаўленьня санкцый на сёньня застаецца адкрытым. Так, беларускім уладам выносяць пэўныя папярэджаньні. Але гэта як у футболе — толькі жоўтая картка. А ці будзе чырвоная, пакуль невядома.
Цыганкоў: Захад хоча спадзявацца, што Менск ня пойдзе «ўразнос», ня будзе таго разгрому апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці, ня будзе такога ўзроўню рэпрэсій, які быў пасьля Плошчы 19 сьнежня 2010 году. Міністар замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі днямі заявіў: «У нас ёсьць сыгналы, што ўлады адступяць ад рэпрэсій». Відавочна, што заявіў ён гэта не «з паветра», такія сыгналы дае афіцыйны Менск. Магчыма, беларускі МЗС цяпер з патройнай энэргіяй працуе, каб даказаць, што гэта былі толькі эпізоды, што гэтыя затрыманьні мелі на мэце толькі захаваць стабільнасьць у краіне, а ніякага развароту ад Захаду ў Беларусі не адбываецца, палітвязьняў у нас ня будзе, і таму няма прычын мяняць структуру і фармат адносін Менску з Захадам.
Заходнім палітыкам не хацелася б радыкальна мяняць палітыку апошніх гадоў па нармалізацыі адносін зь Менскам.
Натуральна, і заходнім палітыкам не хацелася б радыкальна мяняць палітыку апошніх гадоў па нармалізацыі адносін зь Менскам. Пераход да палітыкі санкцый, — гэта і ўдар па эканамічных інтарэсах, пра што казаў Уладзімер Глод. Але перш за ўсё гэта ўдар па палітыцы нармалізацыі, «уцягваньня» Менску ў дыялёг. Прызнаць, што гэта трэба адкінуць і вярнуцца да санкцый — для гэтага трэба шмат доказаў, для гэтага заходнія палітыкі павінны пераканацца, што Менск сапраўды ўступіў на шлях рэпрэсій.
І тут чырвоным сьцяжком будзе акурат зьяўленьне палітвязьняў. Таму трэба вельмі ўважліва сачыць за справай «Белага легіёну», бо ўлады будуць даказваць, нібыта гэта ня проста іншадумцы, а людзі, якія задумвалі нешта тэрарыстычнае. Урэшце, я лічу, што заходнія палітыкі і назіральнікі не настолькі наіўныя, каб успрыняць гэтую дэмагогію.
Карбалевіч: Я асьцярожна прагназаваў бы аднаўленьне санкцый. Усё вельмі няпэўна. Рэакцыя Захаду была досыць умераная. ЭЗ, АБСЭ, ПАРЭ асудзілі разгон акцыі на Дзень Волі і заклікалі вызваліць затрыманых. З адпаведнымі заявамі выступілі МЗС Нямеччыны, Вялікай Брытаніі, Францыі, Польшчы, Чэхіі і інш. Ад імя ЗША сытуацыю камэнтавала толькі амэрыканская амбасада ў Беларусі, заявы Дзярждэпартамэнту не было.
Акрамя заяў, няма дзеяньняў.
Аднак, акрамя заяў, няма дзеяньняў. Хоць зьявіліся пагрозы такіх дзеяньняў. Варшава канстатавала, што калі рэпрэсіі будуць працягвацца, то яна можа памяняць сваю палітыку ў дачыненьні да Менску. Літва заявіла, што калі зьявяцца новыя палітвязьні, то могуць вярнуцца санкцыі. Пэўныя рухі ў гэтым кірунку адбываюцца ў Эўрапарлямэнце, пра што расказаў сп. Глод.
Такая мяккая рэакцыя Захаду мае некалькі прычын. Па-першае, у краінах ЭЗ і ЗША цяпер адбываюцца, скажам так, няпростыя палітычныя працэсы, таму Захаду цяпер не да Беларусі.
Па-другое, дзейнічае фактар палітычнай інэрцыі, або, кажучы па-іншаму, бюракратычнай каляіны. То бок калі прыняты палітычны курс на размарожваньне стасункаў з афіцыйным Менскам, то цяжка яго памяняць, выскачыць з гэтай каляіны.
Па-трэцяе, згортваньне дыялёгу з афіцыйным Менскам азначала б прызнаньне памылковасьці таго курсу, які быў абраны два гады таму. А ніхто ня хоча гэта прызнаваць.
Па-чацьвёртае, пасьля Крыму рэзка зьмянілася геапалітычная сытуацыя ў рэгіёне. У выніку чаго геапалітыка выцесьніла каштоўнасны фактар. Бо Беларусь заняла пазыцыю нэўтралітэту ў канфлікце РФ з Захадам. І гэта больш важна для ЭЗ і ЗША, чым пытаньне аб правах чалавека. Таму ў заходніх сталіцах лічаць, што жорсткі ціск на беларускае кіраўніцтва, спыненьне дыялёгу можа прывесьці да таго, што Беларусь апынецца ў абдымках Расеі.
Па-пятае, апошнім часам крыху зьмяніўся канцэптуальны падыход Захаду да самой зьявы народных пратэстаў. Раней Захад зыходзіў зь непахіснага прынцыпу: народ на плошчы заўсёды мае рацыю, таму яго трэба падтрымліваць. Але пасьля «Арабскай вясны», якая абярнулася дэстабілізацыяй сытуацыі на Блізкім Усходзе, ростам ісламскага экстрэмізму і масавымі ўцёкамі з гэтага рэгіёну ў Эўропу, пасьля кіеўскага Майдана, у выніку якога здарыўся востры міжнародны крызіс, Захад пачаў ставіцца да народных пратэстаў больш стрымана. Ён гатовы мець справу з аўтарытарнымі рэжымамі, здольнымі забясьпечыць стабільнасьць і такім чынам пазбавіць ЭЗ і ЗША ад праблем, якія яны вымушаныя разграбаць.
Усё можа памяняць зьяўленьне ў Беларусі палітычных зьняволеных.
Але ўсё можа памяняць зьяўленьне ў Беларусі палітычных зьняволеных. Маецца на ўвазе «справа баевікоў». Беларускія ўлады разьлічваюць, што праваабаронцы ня будуць абараняць людзей, якім інкрымінуюць гвалтоўныя дзеяньні, зьвязаныя са зброяй. Суд зробяць закрытым, і грамадзтва так і не даведаецца, за што адправілі ў турму гэтых няшчасных людзей. І сапраўды, праваабарончыя арганізацыі накшталт Amnesty International дагэтуль не адрэагавалі на гэтыя падзеі.
Але ўлады не былі б самімі сабой, калі б і тут не зрабілі, умоўна кажучы, палітычны самастрэл. Яны чамусьці далучылі да «справы баевікоў» лідэра «Маладога Фронту» Зьмітра Дашкевіча. Але гэта вядомы грамадзкі дзеяч, знакавая фігура. Калі яго чарговы раз пасадзяць па крымінальным артыкуле, то яго напэўна абвесьцяць палітычным вязьнем. І Захаду давядзецца прымаць нялёгкае рашэньне, выбіраючы паміж каштоўнасьцямі і геапалітыкай.