Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пінскі інвалід-«недармаед» атрымаў шанец набыць якасны пратэз


Мікалай Трафімавіч Крычко
Мікалай Трафімавіч Крычко

Мікалаю Трафімавічу Крычку, жыхару Пінску, які выйшаў на марш недармаедаў 11 сакавіка, споўніцца сёлета ў чэрвені 77 год. Ён інвалід другой групы, 14 год без нагі.

Сустракаючы карэспандэнта Радыё Свабода каля дзьвярэй сваёй кватэры, Мікалай Трафімавіч прызнаўся, што ўжо амаль паўтара дзесяцігодзьдзя хадзіў вось так без нагі, і ніхто не зьвяртаў увагі. А тут вось выйшаў на мітынг — і раптам заўважылі, і вырашылі дапамагчы.

І сапраўды, на спэцыяльна створаны рахунак 000092 у ААТ «АСБ Беларусбанк», аддзяленьне № 121/134 у Пінску, ужо пачалі паступаць грошы для Мікалая Трафімавіча, каб ён змог сабе набыць пратэз. Ініцыятыва сабраць сродкі на пратэз належыць гомельскаму праваабаронцу Леаніду Судаленку. Яго ўразіла, што інвалід без нагі прыйшоў на мітынг.

Мікалай Крычко на «Маршы недармаедаў»
Мікалай Крычко на «Маршы недармаедаў»

Ужо бліжэйшым часам Мікалай Трафімавіч зможа назваць дакладны кошт пратэзу, які будзе набываць у Менску.

Пінчук кажа, што пасьля таго як яго фота на плошчы зьявілася ў інтэрнэце, першымі да яго прыйшлі не журналісты, а чыноўнікі зь мясцовага цэнтру сацыяльнага абслугоўваньня:

«Літаральна праз пару дзён пасьля мітынгу да мяне прыйшлі тры чалавекі з сацабслугоўваньня. Хлусьня, што нібыта мяне не знайшлі і імя маё ім не вядомае, як пісалася ў „СБ“. Усё яны вельмі добра ведаюць.

Я ім патлумачыў, што немагчыма хадзіць на гэтым пратэзе, які выдаецца бясплатна. Яшчэ спачатку — і так, і сяк. Але празь нейкі час нага проста боўтаецца ў гэтым пратэзе, націрае, баліць.

А чыноўнікі кажуць нейкую лухту. Сказалі, што раптам нешта спатрэбіцца, то каб тэлефанаваў ім. Але дапамога мне іх не патрэбная. Па доме я яшчэ ў стане рабіць працу. Іх словы падтрымкі мне таксама не патрэбныя.

Калі ж пачулі, што мне дзяржава плаціць пэнсію ў памеры каля 300 рублёў, то сказалі, што гэта ж шмат. А што такое гэтая сума грошай сёньня? Мне трэба харчавацца, лекі набываць. Аплаты камунальныя цяпер неверагодна высокія. А напісаць пазьней — дык што заўгодна могуць».

Хоць Мікалай Трафімавіч без нагі, ён атрымаў толькі другую групу інваліднасьці. Першую, кажа, дактары даваць не захацелі. У бальніцы запыталіся, ці мае ён пратэз. Калі пачулі станоўчы адказ, то сказалі, што ён варты нават трэцяй групы, а пра першую і гаворкі няма.

Нагу жыхар Пінску страціў, калі на яго напаў п’яны палкоўнік міліцыі:

«Разам зь зяцем і сябрам я 14 год таму выбраўся на рыбалку. Ужо на возеры да нас падышлі мужчыны і запыталі, чыя машына і ці змаглі б мы іх адвезьці. Адзін зь іх падышоў да мяне, прапанаваў грошы. Прычым вельмі нахабна праходзіў той дыялёг — маўляў, трымай спачатку тры, а потым пяць рублёў і сам шукай сабе іншую машыну.

Калі я катэгарычна адмовіўся, то гэты чалавек зьняў з пляча стрэльбу, зарадзіў два патроны і сказаў, што пастраляе мне колы. Я падумаў, што стану каля машыны — ну ня будзе ж страляць па чалавеку. Прайшоў чатыры мэтры. А гэты чалавек стрэліў.

Я ўпаў, краем вока пабачыў, як нага ў мяне проста адпала. Прычым гэты міліцыянт далей патрабаваў ад мяне, каб я не ўставаў, гразіўся мяне наагул застрэліць. Мае зяць і сябар, калі пабачылі такое, кінуліся на гэтага чалавека. Але той пасьпеў навесьці на іх стрэльбу, загадаў легчы і гразіўся, што калі хто падыме галаву, то ён адразу ж стрэліць.

Я ў гэты час проста сплываў крывёй. Міліцыянту ж сказалі, што калі я тут памру, то ён будзе адказваць за забойства. Мабыць, гэта яго ацьверазіла, ён нібы апрытомнеў. Падышоў да мяне. Падбеглі таксама мае зяць і сябар і паклалі мяне на гумовую лодку. У гэты момант стрэльбу забралі ў міліцыянта.

Але той раптам выхапіў вялізны нож, я толькі пасьпеў закрычаць: „Юра, сьцеражыся, у яго нож“. Мужчыны пасьпелі перахапіць зброю. А той міліцыянт адышоў ад нас і спакойна пакрочыў сабе ў бок вёскі.

Мяне завезьлі ў шпіталь. Гэта было каля 12 гадзіны дня. Доктар агледзеў мяне і сказаў, што будзе ампутаваць нагу вышэй калена. Я пачаў спрачацца, прасіць, каб пакінуў калена. Тады доктар сказаў, што ня будзе рабіць апэрацыі. Таму з Магілёва выклікалі хірурга, каб ён заняўся мною. Але доктар, які прыбыў, быў проста п’яны. Ён як дыхнуў на мяне перагарам, я спалохаўся, паклікаў доктара, які раней адмовіўся займацца мною, і пагадзіўся на ампутацыю вышэй калена».

«Пратэз айчыннай работы, які мне выдаюць, цяжкі, ён важыць каля 15 кіляграмаў. Імпартны важыць 3–4 кіляграмы»

З таго часу Мікалай Трафімавіч ходзіць на мыліцах. Пратэзы, якія выдзяляюцца інваліду, настолькі нязручныя, што ён ня можа імі карыстацца:

«Пратэз, які мне выдаюць, цяжкі, ён важыць каля 15 кіляграмаў. Яго трэба перавязваць, прымацоўваць. Апошні раз хадзіў з выдадзеным мне пратэзам у сьнежні летась. У гэтай кватэры, у Пінску, у мяне нават няма пратэзаў. Я імі тут не карыстаюся, усе складаю ў Бабруйску, дзе ў мяне прыватны дом.

У мяне гэтых пратэзаў ужо столькі сабралася, проста ня ведаю, што зь імі рабіць. Максымум я магу прайсьці зь імі 300–400 мэтраў. Больш проста немагчыма, бо вельмі балюча. Націрае, б’е гэты пратэз па костках здаровай нагі. Нашы вырабы вельмі нязручныя, тым больш фантомны боль мучае мяне вельмі.

Пры гэтым урачы і тут, і ў Менску, і ў Бабруйску, мне ў адзін голас кажуць, што я павінен зрабіць сабе імпартны пратэз. Яго вага ўсяго тры-чатыры кіляграмы. Да таго ж надзець яго вельмі проста. Ня трэба нацягваць рамяні. Нашмат ён зручнейшы».

«Я ж з мыліцамі нічога не магу зрабіць, бо рукі ўвесь час занятыя. Торбу з пакупкамі немагчыма несьці»

Праблема ў тым, што імпартныя пратэзы каштуюць вельмі дорага. Некалькі год таму Мікалаю Крычку сказалі, што каб яго зрабіць, ён мусіць заплаціць каля 18 мільёнаў недэнамінаваных рублёў. Такіх грошай у пэнсіянэра няма. Таму інвалід адмовіўся ад думкі пра якасны пратэз. Але цяпер, з дапамогай праваабаронцы з Гомля, а таксама неабыякавых людзей ён мае на яго шанец:

«Нарэшце я хаця б у краму выйсьці або ў паліклініку змагу самастойна. Я ж з мыліцамі нічога не магу зрабіць, бо рукі ўвесь час занятыя. Мыліцы вельмі моцна абмяжоўваюць. Торбу з пакупкамі немагчыма несьці. Калі я пакідаю адну мыліцу, то ледзь ня падаю, цяжка трымаць раўнавагу. А так, калі будзе нармальны пратэз, то хоць адна рука дакладна будзе вольная, змагу быць больш самастойны».

Інвалід наракае, што складанасьцяў шмат і зь лекамі. І справа тут нават ня ў коштах, якія сапраўды высокія. А ў забаронах ды абмежаваньнях, якія досыць часта ўводзяць чыноўнікі:

«Але да гэтага часу вельмі мучыць мяне так званы фантомны боль. Раней неяк было добрае лякарства зь Нямеччыны. Але ж прэзыдэнт яго забараніў да продажу ў нашай краіне. Адзіная магчымасьць забыцца пра яго — гэта праца. Я жыву ў Пінску толькі зімою. А так зьяжджаю да сябе ў Бабруйск, там у мяне дом, каля 30 сотак прысядзібны ўчастак. За домам прыватызаваны гектар зямлі. У мяне вінаграднік. Я працаголік. Цяпер я гэтыя месяцы зімовыя ў кватэры, дык для мяне гэта проста турма. Нібы прыкаваны да крэсла. А там і на рыбалку выйду. Маю добрыя інструмэнты, таму раблю нейкія вырабы, з дрэва, напрыклад. Працы шмат. Летась у мяне было столькі памідораў. Сёлета пасаджу трускалкі ў агародзе. Калі пачнецца сэзон — абавязкова выберуся ў грыбы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG