Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронца Судаленка зьбірае грошы на пратэз інваліду, які выйшаў на акцыю пратэсту ў Пінску


Жыхар Пінску Мікалай Крычко на «Маршы недармаедаў»
Жыхар Пінску Мікалай Крычко на «Маршы недармаедаў»

Жыхар Пінску Мікалай Крычко ў жывым эфіры відэатрансьляцыі Свабоды зь Пінску расказаў, чаму ён выйшаў на акцыю пратэсту 11 сакавіка.

«Я 14 гадоў хаджу на адной назе, не магу купіць пратэза. 6 000 000 каштаваў раней, затым стаў 10 000 000, потым яшчэ больш. Не магу сабраць. Пэнсія ў мяне маленькая».

Пра праблему інваліда даведаліся многія. Праваабаронца з Гомеля Леанід Судаленка пачаў шукаць гэтага чалавека праз Фэйсбук, каб дапамагчы.

Гісторыя з інвалідам, які на адной назе на мыліцах выйшаў 11 сакавіка ў Пінску на «марш недармаедаў» і выказаў свой боль, знайшла адлюстраваньне і ў дзяржаўнай прэсе. Газэта адміністрацыі прэзыдэнта «СБ. Беларусь сегодня» прысьвяціла гэтаму чалавеку артыкул. Праўда, выказала сумнеў, ці праўдзівая ягоная гісторыя.

У артыкуле «Без протеза?» афіцыйнае выданьне паставіла пытаньне, чаму пра чалавека на мыліцах ня ведаюць у Пінскім цэнтры сацыяльнага абслугоўваньня. Аўтары дзяржаўнага выданьня не даюць веры, што сытуацыя з мэдычнай падтрымкай інвалідаў выглядае так сумна. Падкрэсьліваюць, што пратэзы каштуюць каля 2 тысяч рублёў, але дзяржава бясплатна выдае пратэзы ўсім, каму трэба.

З самім інвалідам зь Пінску журналісты «СБ» так і не зьвязаліся.

Свабода знайшла жыхара Пінску Мікалая Трафімавіча Крычко, які на мыліцах пратэставаў у Пінску супраць галечы і нізкіх пэнсіяў.

Мікалай Крычко мае ад дзяржавы пратэз, але карыстацца ім ня можа. Прылада, якую яму выдалі ў цэнтры сацабслугоўваньня, вельмі грувасткая і цяжкая. Мікалай Трафімавіч скардзіцца, што зь ёй практычна нельга хадзіць. Але, нягледзячы на складанасьці, 11 сакавіка пінчук выйшаў на плошчу, каб выказаць сваё абурэньне:

Мне пратэзы выдаюцца кожныя два гады. Але я максымум магу хадзіць зь імі 15 хвілін. Пасьля гэтага адчуваю вельмі моцны боль.

«Мне пратэзы выдаюцца кожныя два гады. Але я максымум магу хадзіць зь імі 15 хвілін. Пасьля гэтага адчуваю вельмі моцны боль. Акрамя гэтага, апошнім часам у мяне абвастрыўся так званы „фантомны боль“. Таму ўзьнікла неабходнасьць у тым, каб набыць лёгкі і якасны пратэз, які б зьменшыў мае пакуты.

Я вырашыў паехаць у Менск, каб зрабіць імпартны пратэз. Ён ажно ў тры разы лягчэйшы за наш, нашмат больш зручны. І кошт, які мне агучылі, — гэта шэсьць мільёнаў тады яшчэ недэнамінаваных рублёў.

Адна справа — зрабіць пратэз, а вось пазьней яшчэ ж працэдуры: стацыянар, трэба навучыцца хадзіць з гэтым пратэзам. Я пачаў зьбіраць грошы, і калі ўжо меў неабходную суму на руках, ізноў паехаў у Менск. Заходжу да ўрача, а там мне кажуць, што кошт пратэза вырас і цяпер складае 10 мільёнаў. Добра, я пачаў зьбіраць далей. Праз два гады, калі меў на руках гэтыя грошы, кошт пратэза складаў 18 мільёнаў.

Мяне ўзяла такая крыўда, такая злосьць закіпела ўнутры. Таму я палічыў абавязкам прыйсьці на мітынг і выказаць сваю нязгоду з тым, што адбываецца ў краіне. Як жа так, я зьбіраю грошы на пратэз і не магу сабраць?

Мяне ўзяла такая крыўда, такая злосьць закіпела ўнутры. Таму я палічыў абавязкам прыйсьці на мітынг і выказаць сваю нязгоду з тым, што адбываецца ў краіне. Як жа так, я зьбіраю грошы на пратэз і не магу сабраць? І я маю права выказаць сваю думку».

Без нагі і бязь якаснага пратэза Мікалай Трафімавіч жыве ўжо 14 гадоў. Прычынаю ампутацыі стаў стрэл п’янага міліцыянта:

«Тады, 14 гадоў таму, я быў на рыбалцы. Сталася так, што побач на возеры былі міліцыянты. Сярод іх нейкі высокі афіцэр быў вельмі п’яны, чапляўся да людзей. Потым палкоўнік падышоў да мяне і запатрабаваў, каб я яго адвёз дадому. Я сказаў, што нікуды не паеду, ды адышоў у бок машыны. А гэты міліцыянт узяў ружжо, зарадзіў яго і пачаў накіроўваць у мой бок. Стала так, што ці то рука здрыганулася, ці то ён пасьлізнуўся, але зброя стрэліла. У выніку я стаў інвалідам. Таго міліцыянта асудзілі на сем гадоў турэмнага зьняволеньня. Але празь некалькі гадоў ён выйшаў на волю. Праўда, літаральна праз два месяцы пасьля вызваленьня гэты палкоўнік памёр. І яго ня стала, а я вось мучаюся ўсё жыцьцё. Уявіце, тады я важыў 115 кіляграмаў, а цяпер 60».

Праваабаронца з Гомля Леанід Судаленка зьвярнуў увагу на актыўны ўдзел Мікалая Трафімавіча ў мітынгу, на ягоную праблему, і напісаў у Фэйсбуку, што хоча дапамагчы інваліду. Чалавек варты павагі за тое, прыйшоў самастойна, каб выказаць сваю пазыцыю, мяркуе праваабаронца:

Леанід Судаленка
Леанід Судаленка

«Я ўжо маю практыку дапамогі людзям. Працэдура такая — ствараецца рахунак, куды ахвочыя пералічваюць грошы. Усё празрыста, бо не жадаю нейкіх закідаў. Таму неўзабаве скантактуюся з жыхаром Пінску. Трэба ж атрымаць нейкія фізычныя дадзеныя. Сам ахвярую пажылому пінчуку пэўную суму і заклікаю іншых людзей дапамагчы сабраць грошы для гэтага чалавека. Спадзяюся, на маю просьбу адгукнуцца і Мікалай Трафімавіч атрымае прыстойны і якасны пратэз і зможа нармальна хадзіць. У тым ліку і для таго, каб свабодна выказваць сваю думку», — кажа Леанід Судаленка, які ўжо пачаў зьбіраць грошы і з дапамогай карэспандэнта Свабоды зьвязаўся зь Мікалаем Крычком.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG