Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Кампраміснае рашэньне ўлады з мэтай захаваць аблічча»


Берасьце, "Марш недармаедаў".
Берасьце, "Марш недармаедаў".

Што прымусіла Аляксандра Лукашэнку пайсьці на саступкі? Які лёс чакае дэкрэт «аб дармаедах» праз год? Ці пойдуць на спад акцыі пратэсту?

Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Віталь Цыганкоў, Валер Карбалевіч.

кампраміснае рашэньне ўлады з мэтай захаваць твар

Цыганкоў: Дэкрэт № 3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства» адмяняць ня стануць. Але на працягу году даручана не спаганяць адпаведны збор. Такое рашэньне сёньня на нарадзе аб актуальных пытаньнях разьвіцьця Беларусі агучыў Аляксандар Лукашэнка. Вось у якім сухім афіцыйным стылі перадае пра гэта карэспандэнт БелТА: «На працягу сакавіка нам трэба падкарэктаваць гэты дэкрэт, але адмяняцца ён ня будзе, перадайце перш за ўсё чыноўнікам, што ён будзе выконвацца з тымі карэкцыямі, пра якія я казаў». Тым, хто ня выплаціў, ніякіх пакараньняў ня будзе.

Відавочна, гэта кампраміснае рашэньне ўлады з мэтай захаваць аблічча, але і прызнаньне, што яна ня мела рацыі. І выглядала, што апошнія тыдні ўсё ішло менавіта да гэтага. Пра гэта сьведчылі ня толькі масавыя пратэсты ў Менску і рэгіёнах — аднаго гэтага, напэўна, было мала, — але і заявы многіх чыноўнікаў і праўладных аналітыкаў апошнія тыдні ў СМІ. Напрыклад, на ток-шоў на АНТ большасьць удзельнікаў казалі, які непрадуманы дэкрэт, як яго трэба мяняць, пры гэтым ні разу не ўзгадаўшы, хто аўтар гэтага дэкрэту і чаму ён дапусьціў такія памылкі. Аляксандра Лукашэнку яны ня ўзгадвалі, але ўвесь час крытыкавалі дэкрэт. Магчыма, гэтыя людзі ўжо мелі інфармацыю, што дэкрэт будзе прыпынены.

фармальная прычына далей пратэставаць супраць яго застаецца

Ці можна гэта ацаніць як нечую перамогу ці паразу? Як бы ўлада ні рэагавала цяпер, але гэта можна ацаніць як перамогу праціўнікаў дэкрэту, тых людзей — і простых грамадзян, і палітычных актывістаў, — хто выйшаў на пратэсты. Зь іншага боку, улада сама паказала, што, па-першае, яна можа рэагаваць на выступы народу, разумее, што гэтая сацыяльная напружанасьць мае вельмі вялікія шанцы ўзгарэцца ад любой драбніцы — таму, каб гэта папярэдзіць, улада пайшла назад.

На гэты момант застаецца адкрытым пытаньне, што будзе далей з гэтымі пратэстамі, якія праходзілі пад маркай адмены дэкрэту. Фармальна ён не адменены, а толькі прыпынены, і гэты дамоклаў меч падатку ўсё яшчэ вісіць над людзьмі. І менавіта такая фармальная прычына далей пратэставаць супраць яго застаецца. Але, вядома, такое рашэньне зьніжае запал гэтых пратэстаў, бо многія людзі разумеюць, што зь іх ужо ня будуць браць гэтыя грошы — а гэта быў максымум, чаго яны хацелі. Іншыя людзі, вядома, маюць больш высокія патрабаваньні — такія, што тычацца зьмены ўсёй сацыяльнай палітыкі ўладаў альбо ўвогуле палітычных перамен. Колькі з гэтых людзей выйдзе на наступныя акцыі — пабачым, але ўлада вырашыла ўсё ж гэты напал жарсьцяў панізіць.

А як вядома, правадыры, «бацькі нацыі», памыляцца ня могуць

Карбалевіч: З моманту, калі пачаліся гэтыя пратэсты, самым лягічным выйсьцем для ўлады з гэтай сытуацыі было б гэты дэкрэт увогуле адмяніць. Аднак Лукашэнка ня мог пайсьці на такі крок, бо гэта, па-першае, значыць прызнаць сваю памылку. А як вядома, правадыры, «бацькі нацыі», памыляцца ня могуць. Могуць памыляцца нейкія дробныя чыноўнікі. Усе памятаюць, хто менавіта быў галоўным ініцыятарам гэтага дэкрэту, галоўным прапагандыстам яго. Гэта быў Лукашэнка. І таму ўсё сьпіхнуць на нейкіх чыноўнікаў, якія падсунулі яму нейкі недарэчны дакумэнт, не выпадае. Таму тут ужо праблема ня толькі палітычная, а псыхалягічная.

гэта перамога — перамога здаровага сэнсу, перамога народу

Ну, і другі момант: адмяніць дэкрэт пад ціскам вуліцы, пратэставых акцыяў, апазыцыі — гэта значыць прызнаць сваю паразу і прызнаць перамогу апазыцыі, можа, упершыню за 20 гадоў існаваньня аўтарытарнага рэжыму ў Беларусі. І таму вось вырашылі знайсьці такі кампрамісны варыянт: нібы дэкрэт ня будзе дзейнічаць цэлы год, але ён захоўвае сваю юрыдычную сілу. Ну, і плюс будуць унесеныя карэкціроўкі, якія павінныя вывесьці з-пад дзеяньня гэтага дэкрэту нейкія сацыяльныя слаі насельніцтва, тым самым зьменшыць, зьбіць гэтую хвалю незадаволеньня, якая ўзьнікла ў зьвязку з гэтым дэкрэтам. А што будзе праз год — нікому не вядома. Як у прыпавесьці пра Хаджу Насрэдзіна — за год можа і зь ішаком нешта здарыцца, і з усімі астатнімі ўдзельнікамі гэтага працэсу.

Пытаньне ў тым, як гэта будзе ацэнена грамадзтвам, апазыцыяй. Ну, зразумела, што апазыцыя абвесьціць гэта сваёй перамогай. І сапраўды гэта перамога — перамога здаровага сэнсу, перамога народу, які выказаў сваё незадаволеньне. Пакуль, праўда, не зразумела, што рабіць з тымі людзьмі, якія ўжо заплацілі. І ўзьнікае думка, што ня трэба сьпяшацца выконваць тыя загады, якія дае ўлада. Гэта таксама вялікі ўрок будзе для грамадзтва, і гэты ўрок зноў жа не на карысьць улады.

Ці саб’е гэта напал тых вулічных акцыяў, якія плянавала і плянуе апазыцыя — і, мусіць, ня будзе іх адмяняць? Ну, трэба паглядзець. Тады можна будзе рабіць нейкія паўнавартасныя высновы.

Глод: Першыя дзьве думкі, якія адразу прыходзяць у галаву пасьля нечаканага рашэньня ўладаў, такія. Першая — улада дае слабіну. Другая — за свае правы трэба змагацца, і тады можна разьлічваць на нейкі посьпех.

Канечне, рашэньне ўладаў нечаканае. Праўда, некалькі дзён таму намесьнік старшыні Палаты прадстаўнікоў Баляслаў Пірштук, чалавек не апошні ва ўладных структурах, казаў, што ўлады не зьбіраюцца адмяняць дэкрэт аб дармаедах, але рыхтуюць зьмены ў гэты дакумэнт. Прычым удакладнялася, што зьмены будуць падрыхтаваныя не пазьней за сярэдзіну сакавіка, а сьпіс сацыяльных утрыманцаў могуць сур’ёзна скараціць.

Пірштук казаў, што створаная працоўная група пад кіраўніцтвам Натальлі Качанавай. І гэтая група павінная выключыць з-пад дзеяньня дэкрэту тых, хто трапіў туды неаб’ектыўна. Аналіз паказаў, што такія грамадзяне ёсьць. А дакумэнт усё-ткі быў скіраваны на тое, каб прымусіць грамадзян працаваць, а не на тое, каб іх караць. Ад гэтай пазыцыі ўлады адыходзіць ня хочуць. Таму яны і не адмяняюць дэкрэт цалкам, а толькі прыпыняюць на некаторы час яго дзеяньне.

трэба паглядзець, як павядуць сябе лідэры апазыцыі

Калі казаць, што ўлада дае слабіну, то тады ўзьнікае думка, што барацьбу трэба працягваць. І працягваць яе можна. Бо тыя акцыі пратэсту, якія ўжо прайшлі, паказваюць, што людзі выходзяць на акцыі пратэсту ня столькі дзеля палітыкі, а таму, што ім цяжка жывецца. На палітычныя акцыі зьбіралася значна менш удзельнікаў. А цяпер усё больш людзей разумее, што беларуская эканоміка ў цэлым ідзе ня ў той бок. Расейскія бонусы скончыліся альбо заканчваюцца, і зразумела, што ў эканоміцы трэба нешта мяняць. І ўлады ўжо ня могуць з гэтым не лічыцца.

Калі ж казаць, што за сваё трэба змагацца, то раней тут звычайна казалі: трэба паглядзець, як павядуць сябе лідэры апазыцыі. Пратэсты супраць дэкрэту паказалі, што да гэтага трэба дадаць новае чаканьне: а як павядуць сябе новыя людзі, тыя, што сталі стыхійнымі лідэрамі пратэстаў? Ці задаволяцца яны толькі прыпыненьнем дзеяньня дэкрэту, ці запатрабуюць нечага больш сур’ёзнага і больш рашучага?

за свае правы трэба змагацца, і тады можна разьлічваць на нейкі посьпех

І яшчэ хачу сказаць пра адзін чыньнік, якога мае калегі сёньня ня згадвалі. Фінансавы. Калі гэтая катавасія з «дармаедамі» толькі нараджалася і стваралася, улады казалі, што гэтыя захады дазволяць папоўніць бюджэт краіны на сотні мільёнаў даляраў. Цяпер выходзіць, што вымярэньне ідзе ў дзясятках тысяч даляраў. І ня болей. То бок фінансавыя мары стваральнікаў дэкрэту разбурыліся. І гэта, як мне падаецца, таксама адна з прычын сёньняшняга рашэньня Аляксандра Лукашэнкі.

І апошняе. Мы назіралі, як простыя на пачатку патрабаваньні ўдзельнікаў акцыяў пратэсту супраць дэкрэту перарасталі ў палітычныя патрабаваньні, уключна з адстаўкай самога Лукашэнкі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG