Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ноч у Курапатах прайшла спакойна, абаронцы чакаюць рашэньня гарвыканкаму


Курапаты, 1 сакавіка 2017 году
Курапаты, 1 сакавіка 2017 году

Мінулай ноччу ў лягеры абаронцаў Курапатаў на ноч заставалася каля 20 чалавек, ніякіх здарэньняў зь вечара да раніцы не было.

А 8-й раніцы людзі сабраліся на малітву. Абаронцы спадзяюцца на станоўчае рашэньне старшыні Менскага гарвыканкаму Андрэя Шорца, да якога сёньня раніцай ідуць чатыры іх прадстаўнікі.

«Сёньня ўсё можа вырашыцца, нашы надзеі на добрае рашэньне ў гарвыканкаме», — кажуць абаронцы ахоўнай зоны Курапатаў ад будаўніцтва тут офіснага цэнтру.

Пад'ехалі даішнікі, спыталі, ці ўсё добра
Пад'ехалі даішнікі, спыталі, ці ўсё добра

Будаўніцтва замарожанае зь мінулай пятніцы, частка тэхнікі выведзеная.

***

Пратэсты на будаўнічай пляцоўцы трываюць ужо другі тыдзень.

Забудоўнік лічыць, што будаваць на тэрыторыі мэмарыяльнага комплексу законна, бо яна «ўжо не ахоўная тэрыторыя», а абаронцы Курапатаў з гэтым нязгодныя. Адміністрацыя Савецкага раёну Менску тлумачыць, што зямельны ўчастак плошчай 0,32 га быў выдзелены пад будаўніцтва ў выніку аўкцыёну, які прайшоў 26 чэрвеня 2013 году.

Паводле апошняй вэрсіі межаў зонаў аховы Курапатаў, зацьверджанай у 2014 годзе, будоўля-2017 не трапляе ні ў ахоўную зону, ні ў зону рэгуляванай забудовы.

Ці законная будоўля ў Курапатах? Чыноўнікі даказваюць, што так, архітэктар дэманструе, што не

Прадстаўнікі грамадзкай ініцыятывы «Экспэрты ў абарону Курапатаў» ужо некалькі гадоў вядуць суды супраць Генэральнай пракуратуры, Міністэрства культуры і пэрсанальна супраць Ігара Чарняўскага, які ўзначальваў у Міністэрстве дэпартамэнт аховы гістарычна-культурнай спадчыны.

Гэта ня першы раз, калі Курапаты бароняць ад будаўнікоў. Больш за пятнаццаць гадоў таму моладзевыя актывісты выступілі супраць пабудовы кальцавой дарогі праз урочышча Курапаты. Кругласутачнае дзяжурства ва ўрочышчы доўжылася больш за восем месяцаў — ад 24 верасьня 2001 году да 3 чэрвеня 2002 году. Усе гэтыя дні Радыё Свабода штодня асьвятляла падзеі ва ўрочышчы. Вынікам гэтага стала кніга аднаго рэпартажу «Дарога праз Курапаты» (PDF).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG