«Офіс будуюць на старых сетках, непазьбежныя праблемы для мясцовых жыхароў», — сказала Свабодзе спэцыялістка ў праектаваньні будынкаў, якая ўзялася дапамагчы абаронцам Курапатаў.
28 лютага ў лягер абаронцаў Курапатаў прыехала Тацяна Тупікава. Яна экспэрт у галіне праектаваньня і будаўніцтва, мае вялікі досьвед працы на пазыцыях галоўнага інжынэра праектаў і галоўнага архітэктара праектаў.
Пашпарт абʼекта сьведчыць пра парушэньні
Зыходзячы са свайго досьведу, спадарыня Тупікава зрабіла некалькі высноваў:
«Адразу бачу па інфармацыі, якая зьмешчаная ў „Пашпарце абʼекта“, што ў іх могуць быць парушэньні. Вось зьвярніце ўвагу на перадапошні радок: „Заключэньне дзяржаўнай экспэртызы“ атрымана ў верасьні 2014 году. А цяпер ужо 2017. Да таго ж у „Пашпарце абʼекта“ не пазначана, хто непасрэдны аўтар праекту. Пазначана, што генэральны праекціроўшчык — ААА „Геатон“, які мог з кімсьці заключыць дамову на выкананьне праекту, але калі той праект зрабілі? Між тым праз два гады праект павінен або карэктавацца, або атрымліваць новую экспэртызу», — кажа Тацяна Тупікава.
Экспэрт абураецца, што абʼект зьбіраюцца пабудаваць сярод жылых дамоў на дзейных камунальных сетках. Гэта можа спарадзіць праблемы з забесьпячэньнем цяплом і электрычнасьцю, бо сеткі «не гумовыя» і ўжо зношаныя.
Шмат і іншых пытаньняў, якія трэба высьвятляць, кажа Тацяна Тупікава:
«Прыкладам, ці сапраўды праводзілі сход мясцовых жыхароў, які нібыта пагадзіўся на будоўлю? Ведаю, што часта сходы насамрэч не праводзяць зусім ці імітуюць, хоць на паперы ўсё добра. Другая тэма — ніхто ня бачыў праекту, а значыць, невядома нават, колькі там будзе паверхаў — 5 ці 125? У пашпарце ж не напісана, габарыты абʼекта не ўказаныя. І, канечне, трэба высьвятляць, як аказалася, што яны ўлезьлі ў ахоўную зону Курапатаў».
Тацяна Тупікава прапануе абаронцам падчас заўтрашняй сустрэчы ў Менгарвыканкаме падымаць наступныя пытаньні:
«Трэба запатрабаваць зыходныя дадзеныя, высьветліць, хто зацьвярджаў праект. Зразумела, што яго зацьвярджала галоўная архітэктурна-пляніровачная ўправа Менгарвыканкаму. Але хто дазволіў зьмяненьне мяжы ахоўнай зоны? І на якой падставе ўзялі і скарацілі гэтую зону? Яны спашлюцца на нейкія дакумэнты — хай іх пакажуць грамадзкасьці. Пакуль пра гэтыя дакумэнты невядома, яны не ў адкрытым доступе».
«Калі б такі сход праводзілі, была б супраць»
Падчас размовы з Тацянай Тупікавай у лягер абаронцаў прыйшла мясцовая жыхарка Вольга Міхайлаўна. Яна цікавіцца, ці ўдаецца пераканаць будаўнікоў спыніць працу. Паказвае на аўтакран, які стаіць побач з плотам: на яго якраз грузяць цэглу.
«Гэта не на будоўлю прывезьлі, а наадварот, вывозяць», — супакойваюць хлопцы пэнсіянэрку.
Вольга Міхайлаўна жыве ў доме насупраць. Пытаюся, ці памятае яна пра сход жыхароў, які меліся праводзіць у 2013–2014 гадах наконт новабудоўлі? Пэнсіянэрка кажа, што ня памятае пра такі сход і ня чула пра яго размоваў:
«Калі б такі сход праводзілі цяпер, я была б супраць».
У лягеры абаронцаў Курапатаў тым часам заканчваюць падрыхтоўку сцэны для выступаў гасьцей. Раней над пляцоўкай памерам 3 на 3 мэтры расьцягнулі тэнт, на зямлю паклалі дошкі, падвесілі белы транспарант з сымбалем абароны Курапатаў: выява пагрузчыка-экскаватара зь бел-чырвона-белым сьцягам.
Уладзь Яроменак канчае пракладаць драты, на слупах замацоўваюць лямпачкі ў самаробных пляфонах.
На пытаньне, хто будзе выступаць першым, Зьміцер Дашкевіч разводзіць рукамі:
«Ды ня ведаем. Хто сёньня прыйдзе першым, той і будзе. Мы ўсіх запрашаем».
Міліцыянты сочаць
За лягерам трывала сочаць сама меней два супрацоўнікі ў цывільным. На прапановы падысьці і пагрэцца каля бочкі з вогнішчам яны нават не адказваюць.
Пакуль абаронцы Курапатаў не атрымлівалі позваў зь міліцыі, зьвязаных зь іхным удзелам у абароне Курапатаў. Сяргей Пальчэўскі, які на мінулым тыдні клаўся пад МАЗ і чапляў сябе кайданкамі да бампэра, папераў зь міліцыі таксама не атрымліваў.
Але позвы прыходзяць зь іншай нагоды. Удзельніка абароны Курапатаў таксіста Леаніда Кулакова міліцыянты запрасілі ў РУУС, каб скласьці пратакол аб ягоным удзеле ў «Маршы недармаедаў» 17 лютага. Такую ж паперу атрымаў Павал Севярынец.
«У міліцыю не хадзіў і не пайду. Хай судзяць безь мяне», — сказаў пра гэта Павал Севярынец.
Іншага абаронцу Курапатаў Паўла Пракаповіча ўчора аштрафавалі на 50 базавых велічынь за акцыю 31 сьнежня мінулага году. Тады яго затрымалі за некалькі гадзін да Новага году па дарозе да Кастрычніцкай плошчы. У іншым месцы тады затрымалі і Зьмітра Дашкевіча.
«Плянавалі раздаваць агітацыйныя матэрыялы, толькі нічога не пасьпелі. Але штраф усё роўна маю. Буду абскарджваць», — сказаў Павал Пракаповіч, якога за мінулы год штрафавалі 18 разоў.