Стакгольмскі міжнародны інстытут праблемаў міру (SIPRI) назваў Беларусь 18-й у топ-20 найбуйнейшых экспартэраў асноўных відаў узбраеньня ў сьвеце за 2012-2016 гады. За гэты час напрадавалі зброі на 625 млн даляраў.
Што праўда, за адзін 2016 год Беларусь толькі на 23-м месцы — у экспарце зброі яе, паводле індыкатара трэнду SIPRI, абагналі Партугалія, Чэхія, Аўстралія, Бразылія і Інданэзія.
Паводле зьвестак SIPRI, апошнія 5 гадоў (2012-2016) Беларусь прадавала толькі былыя ва ўжываньні («second-hand») баявыя машыны: самалёты Су-24, Су-25 і Іл-76, верталёты Мі-8, Мі-24 і Мі-35, танкі Т-72 і Т-80, бронетранспартэры БТР-70, зэнітна-ракетныя комплексы «Куб», «Квадрат» і «Печора», самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі «Пион».
Найбольш зброі ад Беларусі атрымалі, паводле SIPRI, Азэрбайджан (11 Су-25 і 93 Т-72М1), , Емэн (92 Т-80), М’янма (100 «Кубоў» і два «Квадраты») і Судан (усяго патроху). Зброю таксама пастаўлялі ў Анголу, Ірак, Кітай і Лібію.
З 1991 году, паводле зьвестак SIPRI, Беларусь гандлявала толькі былой ва ўжываньні альбо «верагодна былой ва ўжываньні» зброяй, найбольш прадавалі Анголе, Азэрбайджану, Вугоршчыне, Емэну, Марока, Пакістану, Пэру, Судану і Сырыі.
Імпартавалі ж зброю ў Беларусь з 1991 году пераважна з Расеі (сотні часткова былых у карыстаньні зэнітна-ракетных комплексаў, БТР-ы, самалёты, радары...). Іншых пастаўшчыкоў два: Кітай (6 сыстэмаў залпавага агню для «Палянэзаў») і Ўкраіна (10 самалётаў L-39C «Альбатрос», 18 ракет Р-27 і 18 турбарэактыўных рухавікоў для самалётаў).