Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гонар даражэйшы»: Алексіевіч не зьвярталася да Лукашэнкі, каб вызваліцца ад падатку 197 тысяч эўра


Сьвятлана Алексіевіч. Менск, 17 лістапада 2016 году
Сьвятлана Алексіевіч. Менск, 17 лістапада 2016 году

Беларуская пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч заплаціла падаходны падатак на Нобэлеўскую прэмію па літаратуры, атрыманую ёю ў 2015 годзе. На кніжнай выставе, якая прайшла ў Менску, Алексіевіч паведаміла журналістам, што сума падатку склала 197 тысяч эўра.

Сьвятлана Алексіевіч атрымала 8 мільёнаў швэдзкіх крон (парадку 970 тысяч даляраў) у якасьці грашовай прэміі. У Беларусі Нобэлеўская прэмія, як і іншыя даходы, абкладаецца падаткам 13 адсоткаў. Прэзыдэнт краіны меў права вызваліць ляўрэата ад падатку, але Аляксандр Лукашэнка вырашыў гэтую магчымасьць не выкарыстоўваць, а сама пісьменьніца да яго не зьвярталася.

— Не, не зьвярталася. Гонар даражэйшы, — сказала яна Свабодзе.

— Але вы ж маглі б выкарыстаць гэтыя грошы на дабрачыннасьць?

Валяцца ў нагах у іх — гэта прыніжальна.

— Так, я вялікую суму выдаткавала на дабрачыннасьць, але, паводле нашага заканадаўства, гэта ня ўлічваецца ў падатак. Я адкрыла «Інтэлектуальны клюб», дапамагла некалькім маладым пісьменьнікам у цяжкой сытуацыі, пастаралася многіх выручыць — у мяне каля 100 тысяч даляраў на гэта пайшло. Але я спадзявалася, што ўлада таксама павінна мець гонар, але яго, аказваецца, няма. А валяцца ў нагах у іх — гэта прыніжальна.

Сьвятлана Алексіевіч пры гэтай нагодзе ўзгадала, што на Міжнародным кніжным кірмашы ў Менску ёй нават не далі асобнага памяшканьня, і людзі гадзінамі выстойвалі чаргу па аўтограф, а калі расейскі выдавец Алексіевіч зьвярнуў на гэта ўвагу міністра інфармацыі Ліліі Ананіч, тая адказала: «Яна павінна была да нас зьвярнуцца — тады, магчыма, мы і дазволілі б».

— У краіне адзіны Нобэлеўскі ляўрэат, і не яны мне прапаноўваюць, а я павінна да іх зьвяртацца! У іх нават паняцьця няма, што такое Нобэлеўская прэмія, і што гэта значыць для краіны... Людзі мне вельмі падабаюцца, а нашы начальнікі — не, — падсумоўвае Сьвятлана Алексіевіч.

У шэрагу краін, у тым ліку ў Расеі, ляўрэаты Нобэлеўскай прэміі вызваляюцца ад выплаты падатку. Але не ў ЗША, сярод грамадзян якіх, паводле статыстыкі, больш за ўсё нобэлеўскіх ляўрэатаў. Падатак з амэрыканскага ляўрэата ня будзе спагнаны, калі ён перадасьць усю прэмію адразу на дабрачыннасьць. Так паступіў прэзыдэнт ЗША Барак Абама, які разьмеркаваў сваю «Нобэлеўскую прэмію міру» паміж дабрачыннымі арганізацыямі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG