Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія «канапавыя войны»: за што ламаюць дзіды ў сацсетках


Ці можна прадказаць, пра што будуць ламаць дзіды беларусы? Якая карысьць халівараў? Байнэт — люстэрка грамадзкай думкі ці яе гета?

Гэтыя пытаньні ў перадачы «Трайны ўдар — Экспэртыза Свабоды» абмяркоўваюць галоўны рэдактар парталу TUT.BY Марына Золатава і кіраўнік Эўрарадыё Віктар Малішэўскі. Вядзе перадачу Юры Дракахруст.

Што запальвае беларусаў?

Дракахруст: З апошніх халівараў у Байнэце, пэўна, можна прыгадаць спрэчку наконт рэклямы Mark Formelle, якую абвінавачвалі ў сэксізме, дыскусію наконт самалёта, на якім загінуў расейскі ваенны аркестар. Таксама дыскусію пра літвінаў.

А вось па вашым досьведзе, якія тэмы, сюжэты спараджаюць у байнэце халівары, так званыя «сьвятыя войны», ці ёсьць у іх нешта агульнае? Цікава, па маіх назіраньнях, гэта рэдка як такая палітыка, гэта нават рэдка як такі, даволі нізкае цяпер, матэрыяльнае становішча беларусаў. То бок якія-небудзь лічбы ВУП ці падзеньня заробкаў спрэчак не выклікаюць. А што выклікае? Якога тыпу, кшталту падзеі спараджаюць бурхлівыя спрэчкі сярод беларусаў?

Золатава: Я б яшчэ ў сьпіс халівараў апошняга часу дадала б учорашнюю гісторыю пра выпадак у мэтро, калі нібыта расіянін напісаў у кнізе скаргаў менскага мэтрапалітэну паведамленьне пра тое, што яго пакрыўдзіла супрацоўніца мэтро, якая зь ім гаварыла па-беларуску. Інфармацыя сапраўды разышлася дастаткова актыўна, пры тым зусім невядома дагэтуль,ці быў грамадзянінам Расеі той чалавек, які напісаў гэтае паведамленьне. Ну а наогул тое, што абмяркоўваецца ў сацсетках — гэта неабавязкова нейкія важныя падзеі, гэта халівары каштоўнасьцяў, меркаваньняў, калі чалавеку важна паказаць і даказаць, што менавіта яго погляд на сьвет правільны. І вось гэтая пазыцыя першапачаткова паказвае, што ва ўсіх гэтых халіварах сэнсу наогул ніякага, таму што правільнага сьветапогляду не можа быць.

Дракахруст: Віктар, а які ваш адказ? Што спараджае халівары? Ці можна сказаць, што гэта пераважна пытаньні маралі і пытаньні ідэнтычнасьці?

Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Малішэўскі: Па-першае, гэта павінная быць нейкая канфліктная пазыцыя нейкага чалавека. Кожны халівар пачынаецца з канфлікту, ці то беларуская мова, ці то як пішацца назва краіны, то бок нехта павінен некага раззлаваць. Ясна, што гнеў не выкліча пытаньне заробку — у каго ён вялікі, у каго маленькі. Хоць у прынцыпе, калі вы памятаеце, вельмі актыўна ў нас абмяркоўваецца тэма, ці нармальны заробак атрымліваюць айцішнікі.

Дракахруст: А гэта таксама ў пэўным сэнсе маральнае пытаньне — ці справядлівыя ў некага заробкі? Малішэўскі: Больш за тое, тут падлучаецца і пытаньне падаткаабкладаньня, то бок я зарабляю менш, а плачу падаткаў больш за іх. Але самая клясычная тэма — гэта нацыянальная ідэнтычнасьць, калі Беларусь назавуць Белоруссия.

Ці можна прадказаць халівар?

Дракахруст: А вы можаце загадзя сказаць, прадказаць, што менавіта спародзіць халівар? І ці часта вы траплялі і ці часта прамахваліся?

Малішэўскі: Я не магу сказаць дакладна, вельмі цяжка казаць, што менавіта выкліча. Ну калі гэта не тэма, якая была ўжо адыграная і ізноў будзе пачынаць круціцца. Калі гэта нейкая сьвежая тэма, я амаль ніколі не адгадваю, але магу сказаць, што першапачаткова гэтая тэма ўзьнікае хутчэй за ўсё ў сацыяльных сетках — у Фэйсбуку, ўва ВКонтакте, а потым СМІ ужо падхопліваюць. Яны бачаць, што гэта вельмі абмяркоўваецца, што гэта прынясе трафік. І ня могуць прайсьці міма і «разаграюць» гэтую тэму тым, што пішуць ужо ў сябе. Дракахруст: Марына, а вы хоць калісьці патраплялі? Угадвалі тэмы, сюжэты, вакол якіх народ пачне ламаць дзіды?

Віктар Малішэўскі
Віктар Малішэўскі

Золатава: Ёсьць тэмы, а ёсьць нагоды. Тэмы — яны вечныя, гэта нацыянальныя пытаньні, гендарныя, адносіны мяне і дзяржавы, хто каму болей павінен. Тэму ў прынцыпе прадказаць можна, але нагоды могуць быць абсалютна розныя.

Я не памятаю такіх канкрэтных сытуацый, калі я б прадбачыла, калі нешта будзе далей разьвівацца. У мяне проста няма такой задачы. Дракахруст: А вось пра рэкляму Mark Formelle ці пра расейскі самалёт?

Золатава: Мы сьвядома тэму Mark Formelle проста не разьвівалі. Таму што на ўзроўні абмеркаваньня ў сацсетках напэўна гэтая тэма была. Але для нас яна была высмактаная з пальца. Таму што які сэнс рабіць праблему ў тым месцы, дзе яе няма?

Дракахруст: Няма — для вас.

Цікаўнасьць няроўная жарсьці

Дракахруст: А вось яшчэ цікавы паварот нашай гутаркі. Мы ж зараз гаворым пра Байнэт. Гэта значыць пра сацыяльныя сеткі, але і форумы СМІ, прынамсі форумы TUT.BY — самага вялікага прыватнага парталу. Ці ёсьць нейкая прапорцыя, сувязь клікабельнасьці, папулярнасьці таго ці іншага паведамленьня і інтэнсіўнасьці халівару? Пра Mark Formelle вы не пісалі, пра самалёт вы безумоўна давалі паведамленьне.

Золатава: Пра самалёт мы давалі паведамленьне і асобна давалі меркаваньні з гэтай нагоды.

Дракахруст: Дык вось цікава — клікабельнасьць паведамленьня пра самалёт была такой жа высокай, як інтэнсіўнасьць халівара з гэтай нагоды?

Золатава: Сам артыкул быў вельмі папулярны, і ўсе тыя артыкулы, якія былі ў разьвіцьці, таму што гэта падзея, якая адбылася адносна недалёка, то бок гэтая катастрофа з самалётам, у якім загінулі расіяне. Дракахруст: У вас мноства паведамленьняў пра тое, што адбываецца ў Расеі. А гарачыя спрэчкі выклікала толькі гэтая. І таму ў мяне пытаньне ўсё ж такі больш шырокае: ці ёсьць нейкая сувязь клікабельнасьці нейкага сюжэту і жарсьцяў вакол яго?

Золатава: Памятаю, давалі мы нататку пра тое, што ў Uber не вельмі нібыта карэктна сябе паводзіў кіроўца ў адносінах да пасажыра, і адмовіўся прыбраць георгіеўскую стужку, а потым высадзіў пасажыра. Дык вось саму навіну прачыталі адносна іншых можа не так і шмат чытачоў, але абмеркаваньне было вельмі актыўнае. То бок так, гэта было тое самае балючае пытаньне. І гэта, і нацыянальныя пытаньні, і рэлігія — гэта вельмі адчувальныя тэмы.

Асаблівасьці беларускіх «канапавых войнаў»?

Дракахруст: Віктар, якія асаблівасьці халівараў менавіта ў Байнэце ў параўнаньні з расейскімі ці ўкраінскімі?

Малішэўскі: Напэўна нашая нацыянальная асаблівасьць, што мы вельмі не любім, калі нехта пачынае «наяжджаць» на нашую краіну, які б гэты наезд ні быў. Ці захапляюцца замежнікі чысьцінёй, ці захапляюцца палітычным рэжымам, які тут ёсьць, ці, наадварот, гаворыць, што мы тут кепска ўсе жывем. То бок у прынцыпе беларусы лічаць, што «наяжджаць» на дыктатуру, на чысьціню вуліц і ўсё такое, могуць толькі яны самі. Ну і з задавальненьнем гэта робяць. Напэўна гэта самая галоўная наша асаблівасьць.

Дракахруст: Але мне здаецца, што беларускія халівары ў Байнэце ў асноўным вядуць менавіта беларусы. Наколькі я ведаю, у спрэчках наконт расейска-ўкраінскіх сюжэтаў і расейцы, і ўкраінцы адзін у аднаго вельмі актыўна ўдзельнічаюць. Украінцы — ў расейцаў, расейцы — ва ўкраінцаў, «наяжджаюць», лаяцца і г.д. А вось у беларускіх халіварах, мне здаецца, не так ужо і шмат расейцаў ці ўкраінцаў.

Малішэўскі: Так, але пачынаецца ўсё зь нейкай канфліктнай сытуацыі, у якой удзельнічаюць беларусы ці расейцы, ці нейкія беларусы, якія абазвалі беларускую мову, напрыклад, недасканалай. Для нас галоўнае, каб была такая запалка, якая пачынае, а далей мы ўжо справімся.

Байнэт. люстэрка ці гета?

Дракахруст: Мы з вамі зараз гаворым пра Байнэт. Ці не атрымліваецца тут як у старым анэкдоце, у якім нехта згубіў гаманец у цемры, а шукае пад ліхтаром. Байнэт бачны, Байнэт — ліхтар. Але ці там страчаны гаманец? Ёсьць спрэчкі ў транспарце, ёсьць спрэчкі ў лазьні, у рабочай курылцы, ёсьць жа грамадзтва. І вось, на ваш погляд, спрэчкі ў Байнэце — гэта індыкатар, люстэрка спрэчак у цэлым у грамадзтве? Ці гэта гета, у якім свае гетавыя ідуць спрэчкі? Яны, відаць, пра штосьці сьведчаць, але ці пра грамадзтва ў цэлым?

Марына Золатава
Марына Золатава

Золатава: Любое абмеркаваньне ў гэтым пляне — ці то абмеркаваньне ў лазьні, ці ў курылцы, ці ў сацсетках — заўсёды будзе інфармацыйным гета. Частка праблемаў унівэрсальная, яны абмяркоўваюцца ўсюды на ўсіх узроўнях па-рознаму. А частка праблемаў безумоўна будзе адлюстроўваць тыя тэмы, якія цікавыя канкрэтнай сацыяльнай групе.

Натуральна, усё тое, што абмяркоўваецца на Фэйсбуку — гэта часта чыёсьці асабістае гета, таму што фрэндстужка ў кожнага свая. Нехта пагружаны ў два канфлікты, нехта ў тры. Прычым абмяркоўваюцца самыя розныя праблемы — ад выбараў, на якіх перамог Трамп, да асабістага жыцьця. І якраз вось гэтае часам набывае брыдкія рысы, гэта тое, за што можна не любіць сацсеткі.

Дракахруст: Віктар, вы ж не толькі ў Байнэце жывёце, які ваш адказ? Я паглядзеў цікавую лічбу, якую мы можа часам ігнаруем, не зважаем на яе. У Беларусі людзей з вышэйшай адукацыяй 19%. Гэта значыць, 81% — не. Калі браць аўдыторыю, напрыклад, Фэйсбуку, то я думаю, што там як мінімум 90% будуць людзі з вышэйшай адукацыяй. Ува Вконтакте напэўна менш, але мяркую, што больш, чым 19%.

Дык вось гэтыя ўдзельнікі халівараў у Байнэце — гэта лідэры думак? Іх спрэчкі іншыя падхопліваюць у курылцы? Вось прыходзіць у курылку чалавек, які ўдзельнічае ва ўсіх гэтых інтэрнэт-бітвах, усе астатнія яго слухаюць, і потым кажуць — вось Пятровіч прычытаў там у інтэрнэце, як гэта цікава, і падхопліваюць спрэчку, якая пачалася ў Байнэце. Гэта так?

Ці на таго Пятровіча зь яго інтэрнэт-жарсьцямі глядзяць у курылцы, як на нейкага марсіяніна?

Малішэўскі: На Пятровіча будуць глядзець як на марсіяніна — гэта раз. Даўно ўжо кажу, што ў нас ёсьць некалькі краінаў. Адна краіна жыве ў інтэрнэце, другая дзесьці на заводах, трэцяя — гэта ўлада, якая жыве па сваіх законах і правілах і думае, што ўсе так жывуць. Гэтыя краіны рэдка судакранаюцца, толькі калі ў іх пачынаюцца нейкія праблемы паміж сабой.

Дракахруст: Але ж грамадзтва па-за межамі Байнэту — гэта ж таксама не tabula rasa, яны ж таксама пра штосьці, відаць, спрачаюцца.

Малішэўскі: Я думаю, што калі яны не ў інтэрнэце, яны спрачаюцца і абмяркоўваюць менавіта эканамічныя пытаньні. Колькі засталося грошай, дзе ўзяць які крэдыт, мне не хапае на тое і гэтае, дажыць бы да пэнсіі, а тут пэнсію паднялі — тыя тэмы, якія не ўздымаюцца ў інтэрнэце, актыўна абмяркоўваюцца людзьмі на вуліцах. Нядаўна Севярын Квяткоўскі напісаў пост у Фэйсбуку пра тое, як ён сустрэў старога знаёмага, зь якім ён не бачыўся даволі працяглы час. І стаў пытацца, як той жыве, і пачуў нечаканы адказ — дык ты ж учора мяне забаніў, пасварыўся са мной у Фэйсбуку. І вось так яны жывуць, але пры гэтым не асацыююць, што гэта той самы жывы чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG