Сьцісла:
- Беларускія шкаляры мелі адметныя слоўцы даўно, іх старанна апісаў Іван Насовіч у сваім знакамітым слоўніку беларускай мовы.
- У сучасных беларускамоўных школьнікаў — новыя жарганізмы.
- Неад'емнага ад школы акулярыстага „батана“ завуць акулярнік (ёсьць жа і зьмяя-акулярніца!).
- Пра сьпісваньне нашыя студыёзусы адвеку казалі шпакі лавіць. Шпакі — тое, што і шпаргалкі.
- Колішнія шкаляры лаціну даўбалі — што адпавядае расейскаму „зубрить“. Даўбаюць, натуральна, даўбень і даўбня.
- А пра іх антыподаў сьпяваў Зьміцер Сідаровіч: “Ты лайдак і абібок, ты ня вывучыў урок!“
- У лайдака і абібока прыгодаў шукае „сэмпітэрня. От лат. sempiternus — всегдашний. Задница, всегдашняя ответчица за шалости и леность“, — акадэмічна тлумачыць Насовіч.
- Як назваць апошні шэраг, дзе і сядзяць абібокі? Не „камчаткай” жа. У нас далёкі край — гэта цёплы вырай!
У верасьні традыцыйна нагадваем, што беларуская мова мусіць ісьці ад школы, ад пэдагога. Але іншы неад’емны бок пытаньня — калі па-беларуску гаворыць сама моладзь, прычым нязмушана, тады мова сапраўды жыве.
У жывой мове абавязкова ёсьць жаргоны. Гэта такі асаблівы код, які служыць для распазнаваньня „сваіх“. Ці ёсьць беларускі шкалярскі жаргон? Сябра, колішні настаўнік, зьдзівіўся такому пытаньню. Няма, а калі і ёсьць, то пазычаны з расейскіх сэрыялаў пра крымінальнікаў, — кажа.
Але сьвядома беларускамоўных школьнікаў у гарадох ужо зноў дастаткова, каб было асяродзьдзе. Яны слухаюць сваю музыку, гуртуюцца ў сеціве, ходзяць на свае вулічныя й канцэртныя падзеі. I, маючы патрэбу ў сваёй умоўнай мове, нешта ствараюць, калькуюць. Прыкладам, стромы ў пераносным значэньні расейскага «крутой» — але гэта няўдалая, на маю думку, калька.
Зьмей-акулярнік
Як назваць неад'емнага ад школьнага жыцьця акулярыстага пэрсанажа-«батана»? Вось выдатная песьня Зьмітра Сідаровіча, якую ён разам са школьнікамі і запісаў:
Я маленькі акулярык,
У мяне на носе шнарык.
І, здараецца, з-за гневу
Абзываеце мяне вы!
Але я зусім ня сумны –
Дастаткова я разумны!
І зь сябрамі — я сябрую,
І на вас я — не крыўдую.
Акулярык!
Наагул «Школьная нізка» Сідаровіча — выдатны прыклад жывых, не афіцыёзных песень. Іх бы ставіць на школьныя сьвяты, а не бясконцае даўкае «Учат в школе».
Зьміцер шукаў і знаходзіў і жывыя словы. Праўда, наватвор акулярык ня самы ўдалы: і быццам маленькі акуляр мікраскопа, і адчуваецца калька з расейскага «очкарика». Па-беларуску ж, паводле слоўнікаў 1920-х гадоў, «очковая змея» — акулярніца. Значыць, у пáру ёй павінен быць і акулярнік.
І сапраўды, знаходзім акулярніка ў прозе Янкі Брыля, Сакрата Яновіча. Скажуць — на іх уплывала польская мова. Але і ў магілёўскага пісьменьніка Сяргея Ўкраінкі ёсьць акулярнік. Ну і ваш адданы слуга таксама належыць да гэтага племя (фота ўнізе пацьвярджае).
Шпакі пад партамі
Напэўна, слова акулярнік гістарычна новае, як і зьява — дзеці ў акулярах. Але вось звычка сьпісваць такая самая даўняя, як і навучаньне. Зьвернемся да слоўніка беларускае мовы, які ўклаў Іван Насовіч на аснове чутага ад беларускіх сялянаў, шляхты, мяшчанаў, у тым ліку і шкаляроў. У сярэдзіне пазамінулага стагодзьдзя ў беларускіх студыёзусаў быў свой паўнацэнны жаргон, а ў ім важнае слова:
Шпакі, ужываецца ў множным ліку. Слова школьнае. Запазычваньне вучнем працаў у свайго таварыша. Шпакі лавіць — значыць падглядаць у іншага лепшага вучня і запазычваць. Шпакамі жывець — значыць сам не складае, а запазычвае ў іншых.
Жаргоннае слова даўніх беларускіх шкаляроў шпакі цалкам пасуе да цяперашняй шпаргалкі. Дык хай бы праз 150 гадоў вярнуліся шпакі — ня зьява, яна і так неўміручая, а вобразнае і непазычанае беларускае слова — у школьна-студэнцкі жаргон.
Хаця слова шпаргалка расейская мова запазычыла акурат са старабеларускае. У апошняй было слова шпарґал, і абазначала яно пісульку, неістотную або часовую — для нататак. Прыклад: Заплацілі... за сто шэсьцьдзесят сьвеч асмаковых лоевых... рахуючыся з шпаркгалаў (1689). Гэтае слова ў сваю чаргу з лацінскага sparganum, (а тое з грэцкага σπάργανον, што значыць ‘дзіцячая пялюшка’).
А тыя шкаляры мусілі лаціну даўбаць — што адпавядае значэньнем расейскаму «зубрить». «Зубрилка» па-беларуску і ёсьць даўбень або даўбня — «непонятливый», як тлумачыць Насовіч расейскамоўнаму чытачу. Зрэшты, даўбень хаця б даўбе, а ёсьць такія, што нічога ня робяць, і для іх словаў і ў сучаснай беларусай практыцы не бракуе. Ізноў Зьміцер Сідаровіч зь дзецьмі:
— Ты лайдак і абібок,
Ты ня вывучыў урок,
Ты ня ведаеш зусім
Анічога ані ў чым!
Добра ўчора адпачыў?!
— Я вучыў...
Але ў галавах і даўбнёў, і лайдакоў усё ж заставаліся нейкія лацінскія словы. Вось Насовіч падае слова фарнапікс — жорсткае катаваньне. Задаў яму фарнапіксу. Адкуль такое? Ад лацінскага Inferna pix — пякельная смала.
Той жа Насовіч запісаў беларускія шкалярскія выразы пра ўсякія хуліганствы. Фінфа — папяровая трубачка, тонкі канец якой устаўляюць у нос соннага чалавека, а шырокі падпальваюць. Жах. У пераносным значэньні фінфа азначае непрыемнасьці.
І гэтыя непрыемнасьці могуць сустрэць пэўнае шкалярова месца:
Сэмпітэрня. От лат. sempiternus — всегдашний. Задница, как бы всегдашняя ответчица за шалости и леность (слово перешедшее от школьников к простому народу). Усыпалі ў сэмпітэрню дзясяткі два, няхай носіць здароў.
Але і свае беларускія словы, ня толькі шпакі, у школьнай практыцы могуць набываць жаргоннае значэньне.
Як назваць апошні шэраг сталоў, дзе зьбіраюцца вышэйзгаданыя лайдакі, абібокі, аматары фінфаў і лаўцы пакемонаў? Ну не “камчаткай” жа ці іншымі магаданскімі паняцьцямі. Дык вось, у нас далёкі край — гэта вырай! У выраі добра, утульна, настаўнікава вока не дастане. З Днём настаўніка!