Беларуская ІТ-кампанія распрацавала мультымэдыйную бібліятэку школьніка. У адной праграме — усе падручнікі з 5 па 11 клясу. І гэта не адсканаваныя вэрсіі папяровых падручнікаў, а паўнавартасная праграма — з гіпэрспасылкамі, слоўнікамі, падказкамі, вонкавымі матэрыяламі і нават агучваньнем ад Алеся Камоцкага.
Гэта як выкладчык-энцыкляпэдыст
Інавацыйны праект «Мультымэдыя-бібліятэка школьніка». Так афіцыйна называюцца новыя электронныя падручнікі. Насамрэч жа гэта нешта большае, чым звычайны электронны падручнік. Самі распрацоўшчыкі называюць яе «бібліятэкай ведаў».
«Уся школьная база сабраная ў адным месцы, — сказаў Свабодзе пра распрацоўку дырэктар кампаніі „Сакрамэнт“ Валер Ягораў. — З адной прылады вы атрымліваеце доступ да ўсіх школьных ведаў».
У мультымэдыя-бібліятэку на сайце mbook.by увайшлі ўсе падручнікі з 5 па 11 клясу. У аснове — тыповыя школьныя падручнікі, зацьверджаныя Міністэрствам адукацыі. Яны зьвярстаныя ў дынамічным дызайне. Гэта значыць, што шрыфт і маштаб старонкі можна ў любы час зьмяніць у залежнасьці ад прылады, зь якой праглядаецца падручнік.
Таксама тут ёсьць глясарый з усімі тэрмінамі школьнай праграмы. Калі, прыкладам, у 9-й клясе школьнік забыўся на нейкае азначэньне з ранейшых гадоў, яго можна імгненна знайсьці.
Акрамя глясарыю, ёсьць і пошук па ўсёй базе. Празь яго можна пабачыць, у якіх клясах і на якіх прадметах згадваўся, напрыклад, Арыстоцель ці кісларод.
«Гэта канцэпцыя міжпрадметных сувязяў, — кажа Ягораў. — Розныя зьявы прыроды ў нашых падручніках разглядаюць у розны час. А сабраць гэта і ўсебакова патлумачыць можа толькі выкладчык-энцыкляпэдыст. Такіх адзінкі. А тут, нават ня будучы супэрспэцыялістам, можна знайсьці і скампанаваць гэта ўсё».
Падручнікі, якія можна слухаць у дарозе
Кампанія «Сакрамэнт» з 2006 году зарэгістраваныя ў Парку высокіх тэхналёгій. Але раней яна не працавала над навучальнымі праграмамі. У «Сакрамэнце» спэцыялізаваліся на распазнаваньні і сынтэзе мовы. Сёньня іхнія праграмы па агучваньні тэкстаў працуюць на пяці мовах: беларускай, расейскай, літоўскай, ангельскай і грузінскай.
«Mbook арганічна выйшаў зь мінулых распрацовак», — кажа Ягораў.
Агучваньне тэкстаў — бадай, адзін з самых цікавых дадаткаў да мультымэдыя-бібліятэкі. Можна ўключыць сынтэзатар мовы і паслухаць разьдзел падручніка ці апавяданьне з праграмы па літаратуры проста ў дарозе. Сынтэзатар працуе і для беларускай, і для расейскай мовы.
Некаторыя вершы адмыслова для мультымэдыя-бібліятэкі агучылі беларускія артысты і музыкі.
«Тут ёсьць дадатковыя кнігі, якія можна набываць, — кажа Ягораў. — Вось праходзяць Барадуліна, а на дадатак да школьнай праграмы можна набыць зборнік вершаў, якія агучыў Алесь Камоцкі».
Калі нагляднасьці няма ў папяровых падручніках, яе трэба даць тут
Увесь час, як ішла праца над мультымэдыя-бібліятэкай, распрацоўшчыкі раіліся са школьнымі настаўнікамі і рэпэтытарамі. Іхнія заўвагі яны ўносілі ў электронныя падручнікі.
«Звычайна настаўнікам бракуе нагляднасьці, — кажа Андрэй Рубчэня, галоўны мэтадыст „Сакрамэнту“. — У школах сёньня няма чучалаў, прэпаратаў для мікраскопаў, нават саміх мікраскопаў».
Таму шмат да якіх тэмаў побач з ілюстрацыямі з падручніка яшчэ зьявіліся фота (праўда, пакуль толькі ў дэма-вэрсіі падручніка). Або нават цэлыя энцыкляпэдыі, як, напрыклад, для курсу батанікі.
«Любую назву ці факт нічога ня зьвязвае з вобразам, — кажа Рубчэня. — Абавязкова трэба, каб чалавек пабачыў. Таму ілюстраваць можна ўсё».
Ён параўноўвае ілюстрацыі сальвініі плывучай — чырванакніжнага віду расьліны — на малюнку з падручніка і на фота. Пасьля школьнага падручніка біялёгіі сальвінію сапраўды няпроста пазнаць у прыродзе.
«Моманты замацаваньня, дыдактыка — вельмі важная, — кажа Рубчэня. — Калі нагляднасьці няма ў папяровых падручніках, яе трэба даць тут».
Таксама па просьбах выкладчыкаў у мультымэдыя-бібліятэку ўключаць савецкія падручнікі па матэматыцы і фізыцы.
«У дадатковыя матэрыялы можна дадаць што заўгодна, — кажа Ягораў. — Усё, што цікава і трэба для навучаньня, мы можам дадаць».
Для настаўнікаў доступ да бібліятэкі бясплатны
Пасьля трох год распрацоўкі, узгадненьняў з рознымі дзяржструктурамі, падпісваньня аўтарскіх дамоваў Міністэрства адукацыі 31 жніўня 2016 году рэкамэндавала мультымэдыйную бібліятэку для выкарыстаньня ў школах.
Асобная кніга каштуе 1,5 рубля, камплект за ўсю клясу — 9 рублёў, а поўны камплект школьнай праграмы — 30. Плюс дадатковыя кнігі і дапаможнікі, якія не ўваходзяць у курс школьнай праграмы. А вось для настаўнікаў доступ да ўсёй бібліятэкі бясплатны.
«Праз настаўніка бібліятэкай будуць карыстацца вучні і бацькі, — кажа Ягораў. — Таксама — вы ж ведаеце, што настаўнікі ня вельмі багатыя».
Валер Ягораў кажа, што мультымэдыя-бібліятэка можа быць цікавая ня толькі школьнікам. Падручнікі могуць спатрэбіцца людзям, якія б хацелі, напрыклад, вывучыць беларускую мову ці паўтарыць пэўныя правілы.
«За мяжой жывуць некалькі мільёнаў беларусаў, — кажа Ягораў. — Цяпер яны могуць выкарыстоўваць кнігі для дадатковага чытаньня летам у якасьці літаратуры».
Што да вывучэньня моваў, то ў «Сакрамэнце» хочуць падрыхтаваць электронны падручнік па беларускай і расейскай мовах для замежнікаў. Тэхналягічна для выданьня любой кнігі ў кампаніі ўсё гатова.
«Трэба знайсьці падручнік, падпісаць дамовы, зьвярстаць яго, вэрыфікаваць і выкласьці. Гэта можна за пару тыдняў зрабіць».
З усімі аўтарамі тут падпісваюць дамовы і выплачваюць адлічэньні па аўтарскіх правах. Таму можна казаць, што разам са школьнай бібліятэкай тут разьвіваецца і онлайн-кнігарня.
Рэпэтытар: я б узяў такую штуку сабе і сваім дзецям
За пару месяцаў з mbook.by, GooglePlay і Istore ужо спампавалі каля пяці тысяч падручнікаў. Складаней за ўсё да кніг у новым фармаце прызвычаіцца бацькам.
«Бацькі не разумеюць, што такое электронны падручнік, пакуль не растлумачыць, — кажа Ягораў. — Маўляў, яшчэ адзін pdf-падручнік за грошы. Навошта?»
Але ў дзяцей складанасьцяў зь бібліятэкай няма. А настаўнікі і рэпэтытары самі раяць ёй карыстацца. Напрыклад, Яўген Лівянт, рэпэтытар па матэматыцы і фізыцы, яшчэ год таму тэставаў мультымэдыя-бібліятэку.
«Я крытычна стаўлюся да ўсіх гэтых электронных прыладаў, таму што гэта форма, а ня зьмест, — сказаў Лівянт Свабодзе. — Але яшчэ год таму мне гэта вельмі спадабалася. Я сказаў, што ўзяў бы сабе і сваім дзецям такую штуку. Настолькі яна зручная ў карыстаньні, настолькі яна запатрабаваная».
Лівянт кажа, што беларускія падручнікі ўжо шмат год выпускаюцца няякаснымі. Іх пішуць пад дрэнныя школьныя праграмы, яны не праходзяць апрабацыі, там шмат памылак. А ў мультымэдыя-бібліятэцы прадугледжана шмат карысных навучальных дапаможнікаў.
«Найзручнейшая рэч, якую я бачыў, — гэта праца з ключавымі словамі, — кажа Лівянт. — Умоўна кажучы, калі ты знаходзіш у тэксьце тэарэму Пітагора, ты націскаеш на гэтае слова ці словазлучэньне, і адразу зьяўляецца падказка: што такое тэарэма Пітагора, адкуль яна ўзялася. Гэта было прадумана вельмі клясна».
Такіх падручнікаў вельмі чакаюць у спэцшколах
Сама ідэя электроннага падручніка, на думку Лівянта, — неадназначная. З аднаго боку, зручна несьці адзін пляншэт замест пяці падручнікаў. Гэта і таньней, бо ня трэба кожны раз выдаваць шматтысячныя наклады, а хібу ці памылку друку можна імгненна выправіць.
«Шварцэнэгер, калі балятаваўся ў губэрнатары Каліфорніі, абяцаў і выканаў пункт сваёй перадвыбарчай праграмы — замяніць усе папяровыя падручнікі для школьнікаў на электронныя, — кажа Лівянт».
У той жа час, калі вучань карыстаецца на ўроку пляншэтам, у яго адначасова можа быць уключана яшчэ і гульня ці сацыяльная сетка.
У кожным разе, электронныя падручнікі цяпер укараняюцца па ўсім сьвеце. І ў «Сакрамэнце» мяркуюць прасоўваць сваю распрацоўку за мяжой.
«Нашай канцэпцыі бібліятэкі, дзе зьвязаныя ўсе веды школьнай праграмы, ёсьць сынтэз мовы і глясарый — няма нідзе ў сьвеце, — кажа Ягораў. — Нейкія асобныя тэхналёгіі выкарыстоўваюцца, але ў такой сукупнасьці — не».
Распрацоўваць аналягічныя бібліятэкі для іншых краін у «Сакрамэнце» зьбіраюцца самі. А вось настаўнікі беларускіх спэцшколаў вельмі чакаюць, калі такія падручнікі распрацуюць для іхніх вучняў.
«Такія падручнікі вырашаюць праблемы дзяцей, якія церпяць ад дысьлексіі і дысграфіі, — кажа Рубчэня. — Для адных гэта зручна і прэстыжна, а для іншых — проста неабходна».