Беларускія (і ня толькі) лінгвісты, што прыехалі літаральна з усяго сьвету, прапаноўвалі свае зьмены ў беларускі альфабэт і правапіс. Якія новыя літары маглі б зьявіцца ў беларускай мове — у аглядзе Свабоды.
Навукоўцы сабраліся ў Менску праз восем год пасьля выхаду «Беларускай граматыкі для школ» Браніслава Тарашкевіча. Менавіта на гэтым дапаможніку грунтавалася тагачасная літаратурная мова.
Падрабязна пра тое, як праходзіла канфэрэнцыя і якія пытаньні там абмяркоўвалі, пісаў на Свабодзе мовазнаўца Вінцук Вячорка, а мы на падставе ягоных росшукаў сьцісла нагадаем, што ж прапаноўвалі навукоўцы.
Афіцыйнай нагодай для канфэрэнцыі звычайна называюць недасканаласьць артаграфіі Тарашкевіча. Іншыя дасьледнікі бачаць у канфэрэнцыі найперш палітычны кантэкст. Народны камісар асьветы СССР Луначарскі ў сваім віншаваньні да ўдзельнікаў канфэрэнцыі пісаў, што яна паспрыяе «более тесному об’единению всех белоруссов, находящихся пока за пределами СССР».
Як бы ні было, але канфэрэнцыя сабрала ўсіх вядомых беларускіх лінгвістаў зь Беларусі, Літвы, Латвіі і Чэхіі. Сярод усіх пытаньняў, якія абмяркоўвалі ў Менску цэлы тыдзень — з 14 па 21 лістапада — Свабода засяродзілася на новых літарах беларускай мовы, якія прапаноўвалі ўвесьці лінгвісты.
J — й, але толькі на пачатку і ў канцы складу
Калі ў беларускай мове выкарыстоўваецца «і», то лягічна было б, каб «і кароткае» пісалася адпаведна як «j». Язэп Лёсік, ад якога паступалі самыя радыкальныя прапановы па рэформе правапісу, называў літару «й» недарэчнасьцю.
Вацлаў Ластоўскі, наадварот, не пагаджаўся зь ётам у беларускай мове, бо гэтым парушаецца «аднацэльнасьць кампазыцыі кірылаўскіх літар» і бо «пахаджэньне ёта ёсьць фалічнае».
На канфэрэнцыі вырашылі, што літару «й» сапраўды варта замяніць лацінскім ётам. Новая літара мусіла б абазначаць адпаведны гук на пачатку і ў канцы складу. Гэта значыць словы «jаблык», «краj», «знаjoмы» «абjава» пісаліся б праз j, а «сесьці», «мяне», «малюнак», «чацьвёрты» захоўвалі літары е, ё, ю, я.
Дз — ђ, дж — ћ, літары ўзятыя ў сэрбаў
Адразу некалькі варыянтаў прапанавалі для новага адлюстраваньня на пісьме гукаў [дзь] і [дж]. Пра стварэньне асобных літараў для гэтых афрыкатаў гаворка ішла яшчэ з 1920 году. Гэта натуральная зьява, калі ў альфабэце маецца асобная літара для кожнага гуку.
Язэп Лёсік прапанаваў абазначаць дзь і дж як д̌ і ӂ з птушачкай-гачком уверсе. Але ягоны варыянт раскрытыкаваў прафэсар Маскоўскага ўнівэрсытэту Павел Растаргуеў. На ягоную думку, «беларуская афрыката дз зьяўляецца даволі яркім гукам, які розьніцца ад д, і на пісьме гэтыя дзьве літары павінны быць больш выразна адмежаваны».
У сваю чаргу Растаргуеў прапанаваў для гукаў [дзь] і [дж] узяць літары ђ і ћ з сэрбскага альфабэту. На думку навукоўца, яны «формай сваёй не парушалі агульнага стылю беларускай азбукі».
Праўда, у сэрбскай мове гэтыя гукі абазначаюць іншыя гукі. Беларускі [дзь] даволі блізкі фанэтычна да сэрбскага мяккага гуку [ђ]. А вось цьвёрды беларускі [дж] зусім не адпавядае сэрбскай літары ћ (у сэрбаў гэта вельмі мяккі гук [ць] або [чь]). У сэрбскім альфабэце вукавіцы для [дж] ёсьць літара џ. Але, на думку Растаргуева, гэтая літара нязручная для пісаньня.
Калі выкарыстаць прапанаваныя рознымі навукоўцамі на канфэрэнцыі літары, выраз «спадзяемся, ня будзе дажджлівага надвор’я» выглядаў бы так: «спађяjэмся, ня буђе дажћлівага надворjа».
Сярод іншых, яшчэ больш радыкальных, варыянтаў, графічная падкамісія Канфэрэнцыі нязначнаю бальшынёю галасоў ухваліла прапанову Растаргуева з выкарыстаньнем сэрбскіх літараў.
Дубоўка распрацаваў уласныя літары і выкарыстоўваў іх ва «Ўзвышшы»
Ізноў жа Яэп Лёсік прапаноўваў замяніць «чыста расейскую» літару Ээ на сваю старую Єє, а літару Ыы памяняць на «прыгажэйшую» Ии. Такія літары, дарэчы, ужываюцца ва ўкраінскай мове: першая зусім зь іншым значэньнем, а другая з падобным. Але Лёсікава «упрыгожваньне» беларускага альфабэту на канфэрэнцыі не падтрымалі. Як і многія іншыя радыкальныя зьмены.
Уздымалася пытаньне і пра выбухны ґ. Літара, якая была ў граматыцы Тарашкевіча, рэдка выкарыстоўвалася ў БССР. Аднак сёньня клясычны правапісны стандарт беларускай мовы раіць яе пісаць прынамсі ў іншамоўных імёнах і назвах.
Атрымалася, што сярод усіх літараў, якія абмяркоўвалі на канфэрэнцыі, лінгвісты прагаласавалі за тое, каб замяніць й на j, а дзь і дж на ћ і ђ.
Праўда, новаўвядзеньні не былі абавязковымі. Гаворкі пра неадкладную рэформу беларускага альфабэту, як і правапісу, у 1926 годзе яшчэ не ішло. Агульная рэзалюцыя Канфэрэнцыі толькі раіла «прыняць да ведама і дасьледаваньня ў далейшай працы Адзьдзелу Мовы і Літаратуры Інбелкульту даклады і ўсе прынятыя пастановы». Вучоныя спадзяваліся на працяг свабоднае дыскусіі.
Далей за рэзалюцыю прапановы новых літараў не пайшлі. Ані j, ані ћ у друку БССР не выкарыстоўваліся (за межамі БССР нейкі час ужываў літару j Ян Станкевіч).
А вось Уладзімер Дубоўка пасьля Канфэрэнцыі распрацаваў уласныя літары для гукаў [дзь] і [дж]. У 1928 годзе ён надрукаваў у часопісе «Ўзвышша» тлумачальны артыкул пра новыя літары. «Проэкт літар для дз зьяўляецца адначасна і сымболем нашае еднасьці з народамі Саюзу ССР, з братнімі па Саюзу ССР армянскім і грузінскім народамі», — пісаў Дубоўка.
Сапраўдная рэформа правапісу адбылася празь сем год пасьля Канфэрэнцыі: у 1933 годзе беларускую мову значна наблізілі да расейскай. Яшчэ да таго ці ня ўсіх беларускіх удзельнікаў Акадэмічнай канфэрэнцыі 1926 году напаткалі рэпрэсіі.
Вінцук Вячорка: Беларускай мове і сёньня бракуе літараў для гукаў ^[дзь] і [дж]
Беларускі альфабэт мае патрэбу ў рэфармаваньні і сёньня. Вінцук Вячорка зьвяртае ўвагу на афрыкаты [дз] і [дж], якія дагэтуль так і не атрымалі адпаведных літараў.
«Любыя графічныя рэформы — рэвалюцыйныя, — кажа Вячорка. — Дагэтуль так і ня вынайдзеныя літары для гукаў [дз] і [дж]. Але пакуль няма адназначнай графічнай прапановы, якая б усіх задавальняла. І гэтая дыскусія можа аднавіцца».