16 лістапада ў Слуцку аднавіўся суд над Іванам Барбашынскім, які з 8 чэрвеня 2016 году ўтрымліваецца ў Жодзінскім СІЗА № 8. Братоў Ігара і Івана Барбашынскіх абвінавачваюць у «непадпарадкаваньні міліцыянтам пры выкананьні службовых абавязкаў, супраціве і зьбіваньні супрацоўнікаў РАУС». Суд над братамі Барбашынскімі пачаўся ў жніўні, прайшло тры судовыя пасяджэньні, але судовы працэс быў прыпынены ў канцы жніўня з прычыны запатрабаваньня адвакатам дадатковых экспэртызаў у справе.
Але 20 верасьня ў Жодзінскай турме раптоўна памёр 39-гадовы Ігар Барбашынскі, былы міліцыянт, спартовец. Брата Івана, нягледзячы на тое, што ён яшчэ не асуджаны, а знаходзіцца пад сьледзтвам, на пахаваньне Ігара не пусьцілі.
Ад ЛПП да СІЗА — шлях Жодзінскай турмы
Гісторыя гэтай папраўчай установы такая: у 1984 годзе ў Жодзіне быў адкрыты лячэбна-працоўны прафілякторый № 7. У 1992 годзе ён быў ператвораны ў сьледчы ізалятар № 8 УУС Менаблвыканкаму, а ў 2006 годзе — у турму № 8.
Пра Жодзінскую турму № 8 ходзіць нядобрая слава: умовы ў ёй даволі жорсткія і рэжымам утрыманьня, і стаўленьнем да вязьняў. Нягледзячы на тое, што з 1500 «сядзельцаў» бальшыня яшчэ знаходзіцца пад сьледзтвам, іх рэжым амаль не адрозьніваецца ад рэжыму тых, хто адбывае пажыцьцёвае пакараньне.
У Жодзінскай турме было некалькі выпадкаў самагубстваў, раптоўных сьмерцяў даволі маладых людзей. Летась кантралёр Жодзінскай турмы быў асуджаны за «давядзеньне да самагубства» і «перавышэньне службовых паўнамоцтваў» на 6 гадоў калёніі.
Праваабарончы цэнтар «Вясна» падрабязна вывучае акалічнасьці сьмерці ад сардэчнага захворваньня ў ізалятары турэмнай бальніцы жыхара Менску Алега Багданава. Зараз Жодзінскім гарадзкім аддзелам Сьледчага камітэту прызначаная дадатковая комплексная экспэртыза ў гэтай справе, пасьля якой можа быць распачатая крымінальная справа ў дачыненьні да мэдыцынскіх работнікаў.
Праваабаронцам «Вясны» сталі вядомыя некаторыя акалічнасьці раптоўнай сьмерці ў Жодзінскай турме № 8 жыхара Слуцкага раёну Ігара Барбашынскага.
Ігар разам з братам Іванам абвінавачваліся ў злосным непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі, у супраціве і зьбіваньні міліцыянтаў. У чэрвені 2016 году браты Барбашынскія былі арыштаваныя і да суду зьмешчаныя ў Жодзінскі сьледчы ізалятар. 20 верасьня Ігар Барбашынскі памёр у турэмнай мэдчастцы.
39-гадовы Ігар Барбашынскі, маёр міліцыі ў адстаўцы, займаўся спортам, да свайго арышту ніколі не скардзіўся на здароўе. Але ў апошнія дні жніўня, знаходзячыся ў сьледчым ізалятары, паскардзіўся на кароткачасовыя страты прытомнасьці пры аглядзе ў турэмнага лекара.
У сярэдзіне верасьня Барбашынскі падчас мэдыцынскага агляду паскардзіўся тэрапэўту на значнае пагаршэньне здароўя: фізычную слабасьць, галавакружэньні, высокую тэмпэратуру і нізкі ціск. Турэмны лекар адзначыў у хворага стан сярэдняга цяжару, аднак ня змог вызначыцца з дыягназам.
У той жа дзень, позна ўвечары 16 верасьня, стан Барбашынскага яшчэ пагоршыўся, дзяжурны фэльчар турэмнай мэдчасткі зафіксаваў паніжэньне артэрыяльнага ціску, высокую тэмпэратуру (вышэй за 39). Ён выклікаў «хуткую дапамогу» і накіраваў хворага ў Жодзінскую цэнтральную гарадзкую бальніцу з дыягназам «парушэньне мазгавога кровазвароту».
Там Барбашынскі знаходзіўся трое сутак, з 16 па 19 верасьня. Яго абсьледавалі больш грунтоўна і вызначылі, што прычынай пагаршэньня здароўя зьяўляецца энцэфаліт неўдакладненай этыялёгіі. Крыху падлячыўшы, у стане сярэдняй ступені цяжару яго вярнулі ў турэмную лякарню. А раніцай 20 верасьня Ігар Барбашынскі памёр.
Аднак праваабаронцам стала вядома, што разам з фактарамі, якія маглі паслужыць прычынай сьмерці зьняволенага, на целе Барбашынскага былі выяўленыя шматлікія пашкоджаньні: кровападцёкі на грудной клетцы і на нагах: «гэтыя пашкоджаньні ўтварыліся ад дзеяньня цьвёрдага тупога прадмета і маюць тэрмін даўнасьці каля 3 сутак. Колькасьць кровападцёкаў — 17. Таксама былі выяўленыя рубцы на галаве, якія ўзьніклі ад загойваньня глыбокіх ран месячнай даўнасьці, меркавана ў пэрыяд знаходжаньня яго пад арыштам».
Бяляцкі, Казулін, Дашкевіч, Пальчыс — былыя вязьні Жодзіна
Праз Жодзіна прайшлі дзясяткі даволі вядомых асобаў: палітвязьні Аляксандар Казулін, Алесь Бяляцкі, Мікола Статкевіч, Зьміцер Дашкевіч, Васіль Парфянкоў, Мікола Дзядок, а таксама нядаўна вызваленыя Эдуард Пальчыс, Зьміцер Паліенка.
Былы палітвязень, праваабаронца Алесь Бяляцкі так згадвае ў кнізе Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага» пра жодзінскую турму:
«У Жодзіне законы іншыя, там нашмат больш жорсткія ўмовы нагляду, чым на „Валадарцы“. На ложак удзень не прыляжаш, ногі выцягнуць няма куды, можна толькі сядзець. Праз кожныя тры хвіліны назіральнік падглядвае ў вочка дзьвярэй, псыхалягічна трымаюць у напрузе, штодня па паўгадзіны ідзе на так званы „шмон“ — ператрасаюць усе рэчы. Прагулкі адбываюцца ў дворыку на сем крокаў у адзін бок. Сем туды — сем назад. Выводзяць цэлымі камэрамі, таму на прагулцы адчуваеш сябе як селядзец у бочцы. Бібліятэка ёсьць, але кніжкі малацікавыя. Пісаць нешта можна, але ня ўсё, што ты напішаш, выйдзе за межы турмы».
Яшчэ адзін палітвязень Аляксандар Казулін у турме вёў дзёньнік і склаў сярэдні псыхалягічны партрэт наглядчыкаў. Гэта была амаль навуковая праца з наступнай высновай прафэсара Казуліна:
«Такім людзям нельга працаваць зь вязьнямі празь іх схільнасьць да садызму і праяў жорсткасьці, схільнасьць да правакацыяў у дачыненьні да вязьняў, ад чаго яны атрымліваюць асалоду». Гэтыя запісы Казулін аддаў начальніку Жодзінскай турмы, але ніякіх высноваў той не зрабіў: кадраў і так не хапае, штат наглядчыкаў запоўнены ўсяго на 80 працэнтаў, таму начальства, нават калі яно і кіруе турмой у рамках закону, мусіць працаваць з такімі ахоўнікамі, якія ёсьць».
Былы палітзьняволены Зьміцер Дашкевіч таксама сьцьвярджае, што ахоўнікі ў Жодзіне жорстка абыходзіліся з арыштантамі:
«Зьбівалі, малацілі так, што звон стаяў. І пры мне зьдзекаваліся. Жодзінская турма мае дрэнную славу. Шмат што залежала ад начальніка, маглі паставіць шалёнага, маладога, якому трэба было выслужыцца. Так што я цалкам дапускаю, што людзей даводзілі да самагубстваў і маглі зьбіць да сьмерці».
Адзін з самых апошніх вязьняў Жодзіна Эдуард Пальчыс кажа, што там, па-першае, камэры перапоўненыя, па-другое, зусім адсутнічае нармальная мэдыцынская дапамога:
«І паводле ўмоў утрыманьня, і паводле стаўленьня да сядзельцаў гэта вельмі жорсткая турма. Калі чалавеку стане кепска, вялікая верагоднасьць таго, што ён можа загінуць праз адсутнасьць мэдыцынскай дапамогі. Лекара не даклічасься. Зь лекаў ад усіх хваробаў даюць асьпірын і вугаль.
Я сам ня бачыў, каб кагосьці зьбівалі, але расказвалі, што такое было. І пра аднаго апэратыўніка ходзіць такая слава, што вельмі жорстка абыходзіцца з арыштантамі. Для асобных няўгодных проста ствараюць невыносныя ўмовы. У некаторых камэрах проста няма чым дыхаць, элемэнтарна няма кіслароду. Памяшканьне разьлічана на 10 чалавек, а ўтрымліваецца 15. 14 зь іх кураць, і няма вэнтыляцыі. І той, хто ня паліць, проста задыхаецца. Я цалкам дапускаю, што зь няўгоднымі там маглі расправіцца, што людзей там зьбівалі і катавалі.
Хоць у верасьні я сядзеў у Жодзіне, інфармацыі пра тое, што ў турме хтосьці памёр, не было. Я даведаўся пра сьмерць арыштаванага ўжо пазьней, на Валадарцы, з газэты».
Раварыст Зьміцер Паліенка адседзеў 5 месяцаў і «катаўся» туды-сюды: то турма ў Жодзіне, то «Валадарка», зноў Жодзіна і зноў «Валадарка»:
«Умовы ўтрыманьня прыкладна аднолькавыя, але ў Жодзіне больш жорсткі рэжым, больш жорсткае стаўленьне ахоўнікаў. Чытаў у газэце, што ў Жодзінскім СІЗА зноў памёр вязень, але калі там быў, пра гэта ня ведаў і ня чуў. Там такія справы спрабуюць адразу сьцішыць, каб ня ведалі і не гаварылі».
Праваабаронца, кіраўніца «Рэгіёну 119» Алена Красоўская-Касьпяровіч сытуацыю са сьмерцю Ігара Барбашынскага камэнтаваць адмовілася, бо пакуль яшчэ працуе камісія і няма афіцыйнага заключэньня. Сама яна не адзін раз была ў Жодзінскай турме і адзначае надзвычай строгі рэжым:
«Рана-рана пад’ём, усе ўсталі, засьцялілі свае нары, і больш ня могуць ні ляжаць, ні сядзець. Гэта строга караецца. Ад 6.00 да 22.00 зьняволеныя знаходзяцца ў душнай перапоўненай камэры, прагулкі рэдкія, у вельмі маленькім дворыку. За рэжым Жодзіна вельмі ня любяць».