Назва ініцыятывы паходзіць ад вёскі ў Віцебскім раёне, каля якой у лістападзе 2014 году знайшлі чалавечыя парэшткі — косткі і чарапы з кулявымі адтулінамі.
Сябар КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў апытаў мясцовых старажылаў, і многія ўзгадалі пачутыя ад старэйшых страшныя аповеды пра тое, як у лес каля Хайсоў у 1937–1939 гадах прывозілі на машынах людзей і тут расстрэльвалі.
Больш за год Ян Дзяржаўцаў і ягоныя аднадумцы вялі перапіску зь мясцовым сельсаветам, Сьледчым камітэтам і міліцыяй, патрабуючы дасьледаваньняў у гэтых мясьцінах. Старшыня Мазалаўскага сельсавету Леанід Дубіна выклікаў на месца пошукавы батальён, і вайскоўцы эксгумавалі косткі і чарапы зь вялікіх ямін. Было відавочна, што раней тут дзейнічалі «чорныя капальнікі», але іх не цікавілі ні людзкія парэшткі, ні фрагмэнты адзеньня і абутку — таму іх пакідалі, дзе знайшлі.
Вайскоўцы з пошукавага батальёну сабралі ўсё знойдзенае ў некалькі цыратавых мяхоў і вывезьлі ў невядомым кірунку. Актывісты доўгі час ня ведалі, што сталася з чалавечымі парэшткамі — да тае пары, пакуль з тыдзень таму раённая газэта «Голас Прыдзьвіньня» не надрукавала артыкул пра перапахаваньне. Аказалася, што косьці і чарапы зь «віцебскіх Курапатаў» пахавалі як парэшткі «ахвяраў вайны». Нібыта да такіх высноваў прыйшлі вайсковыя археолягі, што праводзілі раскопкі.
Аднак зь іхнай справаздачай актывістаў так і не пазнаёмілі ў поўным абʼёме — паказалі толькі некалькі аркушаў. Там гаворыцца, што былі знойдзены фрагмэнты мужчынскага і жаночага адзеньня ды абутку, колькі манэт, датаваных 1930-мі гадамі. Сярод высноваў, якія актывістам усё-ткі паказалі, было й сьцьверджаньне, што час і прычыну сьмерці людзей, чые парэшткі знайшлі пад Хайсамі, вызначыць немагчыма.
«Пра перапахаваньне, якое адбылося на брацкіх могілках каля чыгуначнай станцыі Лосьвіда, нам нават не паведамілі. Я перадаў аргкамітэту, створанаму мясцовымі ўладамі, адрасы ўсіх апытаных мной людзей, якія сьведчылі пра тое, што ў лесе пад Хайсамі адбываліся „сталінскія“ расстрэлы. Але аргкамітэт, які апекаваўся справай са знойдзенымі ў лесе парэшткамі, вырашыў усё сьпісаць на вайну і чарговы раз замаўчаць злачынствы НКВД у Беларусі», — кажа Ян Дзяржаўцаў.
Спадар Дзяржаўцаў перакананы, што на ўзьлеску каля вёскі Хайсы засталося яшчэ шмат безыменных магілаў, дзе ляжаць ахвяры сталінскіх рэпрэсій. Таму віцебскія актывісты ўсталявалі ў гэтых мясьцінах яшчэ некалькі мэмарыяльных крыжоў — цяпер іх ужо больш за дзясятак.
На крыжы павязалі стужкі зь беларускім арнамэнтам, пад імі запалілі сьвечкі. А ўздоўж лясной сьцежкі, якая вядзе да раскапаных ямаў, паставілі адмысловыя ўказальнікі. Каб кожны, хто выпадкова або адмыслова сюды трапіць, адразу разумеў: гэта мэмарыяльнае месца. Зрэшты, віцебскія актывісты спадзяюцца, што некалі тут будзе і сапраўдны мэмарыял.