У Віцебску йдзе збор подпісаў супраць зьнішчэньня гістарычнага будынка, у якім цяпер месьціцца музэй партызанскага камандзіра Міная Шмырова, і пераносу помніка Ўладзіміру Караткевічу. Абодва аб’екты знаходзяцца пад пагрозай зносу — ці пераносу, як абяцаюць гарадзкія ўлады — у тым выпадку, калі справа дойдзе да даўно заплянаванага будаўніцтва Паўночнага мосту цераз Дзьвіну.
Збор подпісаў арганізавала каардынатар БХД Тацяна Севярынец. У калектыўным лісьце, які яна зьбіраецца накіраваць у Міністэрства культуры, віцебскія гарвыканкам і гарсавет, вядзецца і пра недапушчальнасьць зьнішчэньня парку. Яно таксама паўстане рэальнай пагрозай, калі дойдзе да пашырэньня вуліцы Чэхава дзеля будаўніцтва новага мосту. Гэта той самы парк, дзе Віцебская эпархія праваслаўнай царквы ўжо адгарадзіла частку тэрыторыі пад будоўлю Сафійскага сабору — аб’екту, супраць узьвядзеньня якога гараджане актыўна пратэстуюць ужо ня першы месяц.
І паколькі ўвага да гэтай праблемы падвышаная, то ўсе размовы міжволі пераходзілі ад тэмы захаваньня помніка да пытаньня наконт сабору. Віцябляне выступаюць супраць будаўніцтва праваслаўнага храму — копіі полацкага Сафійскага сабору ўзору 11 стагодзьдзя, бо ня лічаць яго патрэбным гораду. І прычын для гэтага некалькі: у гістарычным цэнтры гораду й так ёсьць тры праваслаўныя храмы, у якіх вернікаў нават па сьвятах бывае няшмат, тым часам як Віцебску бракуе школ і дзіцячых садкоў, недабудаванымі стаяць многія мэдычныя і культурніцкія аб’екты, разбураюцца, не дачакаўшыся рэстаўрацыі, сапраўдныя помнікі архітэктуры. Гараджане ня ўпэўненыя, што на будаўніцтва знойдуцца спонсарскія сродкі, некалі абяцаныя расейскім «Газпромам» . Таму людзі занепакоеныя, што праект стане даўгабудам, на які ўлады змусяць зарабляць грошы дабрачыннай працай на прымусовых суботніках.
Віцябляне прапануюць перанесьці будаўніцтва ў іншае месца — напрыклад, у новыя «спальныя» раёны, дзе насамрэч няма цэркваў. Аднак гэтая ініцыятыва застаецца без адказу, хоць жыхары сабралі некалькі тысяч подпісаў пад пэтыцыяй да мітрапаліта Паўла. Няма адказу і на калектыўны ліст, адрасаваны Аляксандру Лукашэнку, подпісы пад якім зьбіралі 26-га верасьня. Тады аргумэнты віцяблян прыйшоў аспрэчваць настаяцель будучага сабору пратаярэй Міхаіл, які спрабаваў запалохаць прысутных.
Сёньня ж размаўляць з крытычна настроенымі гараджанамі выйшаў манах віцебскага Маркавага манастыра Сергій. Ен паводзіўся з апанэнтамі куды больш тактоўна, але паразуменьня ўсё адно не атрымалася. Жыхары Віцебску пэўныя, што будаўніцтва псэўдагістарычнага помніка архітэктуры, копіі гістарычнага будынку — гэта ня спроба прыцягнуць у горад турыстаў, а сьвядомы крок прарасейскіх сіл. І наступ «рускага сьвету» віцябляне ўспрымаюць катэгарычна адмоўна.
На сёньняшні дзень аніякай будаўнічай актыўнасьці за ўсталяваным у парку плотам ня бачна. Мясцовыя жыхары спадзяюцца, што ім удалося спыніць будаўніцтва Сафійскага сабору, дзеля якога плянуецца зьнішчыць больш за 200 дрэваў. Яны хочуць, каб парк пакінулі ў спакоі, каб зялёная зона паміж вуліцамі Чэхава і Ўрыцкага засталася некранутай.
Што да помніка Ўладзімеру Караткевічу ў гэтым парку, то актывісты прапануюць надаць яму статус культурна-гістарычнай каштоўнасьці. А гараджане, якія выступаюць супраць зьнішчэньня дрэваў, вырашылі зьбірацца каля помніка пісьменьніку-земляку штопанядзелка, каб карэктаваць далейшыя супольныя дзеяньні.