Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуса Сілівончыка, асуджанага ў Расеі за перапост «Укантакце», адмовіліся вызваліць датэрмінова


Кірыл Сілівончык, архіўнае фота
Кірыл Сілівончык, архіўнае фота

Паводле інфармацыі Радыё Свабода, ён можа выйсьці на волю 18 сьнежня 2016 году.

Беларус Кірыл Сілівончык асуджаны ў Расеі за «публічныя заклікі да ажыцьцяўленьня тэрарыстычнай дзейнасьці і публічнае апраўданьне тэрарызму» на 2 гады калёніі-пасяленьня. Ён знаходзіцца ў папраўчай калёніі 14 у Сухабязводным.

16 верасьня ў Сямёнаўскім судзе Ніжагародзкай вобласьці было разгледжана хадайніцтва ягонага адваката Юрыя Сідарава аб умоўна-датэрміновым вызваленьні. У задавальненьні хадайніцтва было адмоўлена — паведамляе расейская праваабарончая арганізацыя «Ніжагародзкі Палітычны чырвоны крыж». Рашэньне было прынята, нягледзячы на «ідэальную», па словах адваката, характарыстыку, якую выдала Кірылу адміністрацыя калёніі.

У судзе спаслаліся на тое, што Сілівончык дагэтуль знаходзіцца на «прафіляктычным уліку як «той, хто вывучае, прапагандуе, вызнае экстрэмісцкую ідэалёгію».

Ніжагародзкі Палітычны чырвоны крыж паведамляе, што прафіляктычны ўлік быў прызначаны Кірылу Сілівончыку ўлетку мінулага году, а сам Сілівончык даведаўся пра гэта толькі праз два месяцы і ня меў магчымасьці абскардзіць гэтае рашэньне.

Беларус Кірыл Сілівончык, які працаваў сыстэмным адміністратарам у Ніжнім Ноўгарадзе, быў асуджаны 9 красавіка выязным паседжаньнем Маскоўскага акружнога вайсковага суду на два гады калёніі-пасяленьня. Яго прызналі вінаватым у публічных закліках да тэрарыстычнай дзейнасьці. Сам Сілівончык праз адваката паведаміў, што пост у сацыяльнай сетцы «Ўкантакце», які фігураваў у справе, быў перапостам запісу адной з суполак. Запіс зьмяшчаў заклікі да зьнішчэньня расейцаў і іх маёмасьці і да збройных дзеяньняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG