Глод: У працэдуры галасаваньня на беларускіх выбарах, незалежна ад іх ранжыру — прэзыдэнцкія, парлямэнцкія альбо мясцовыя — найбольшыя нараканьні выклікае датэрміновае галасаваньне. У ім зьдзіўляюць дзьве рэчы. Па-першае, нідзе ў сьвеце не чуваць, каб да асноўнага дня выбараў на ўчасткі прыходзіла амаль траціна выбарнікаў. Па-другое, вынікі датэрміновага волевыяўленьня істотна адрозьніваюцца ад вынікаў асноўнага дня. І заўжды чамусьці на карысьць праўладных кандыдатаў.
Справа дайшла да таго, што такі вядомы знаўца выбараў, як Сяргей Альфер, учора публічна заявіў: для сёньняшняй Беларусі датэрміновае галасаваньне наагул непрымальнае. Між тым спадар Альфер цудоўна ведае, што датэрміновае галасаваньне, у тым ліку і праз інтэрнэт, існуе ў шмат якіх краінах. Чаму ж тады яно непрымальнае ў Беларусі?
Экспэрты, якія выступаюць за адмену датэрміновага прыходу грамадзян Беларусі на выбарчыя ўчасткі, кажуць, што такая прапанова выкліканая найперш новымі ўмовамі правядзеньня выбараў у Палату прадстаўнікоў. Адметнасьць сёлетніх выбараў у тым, што на іх ні фактычна, ні нават тэарэтычна ўжо ня будзе другога туру. Так прапісана ў выпраўленым Выбарчым кодэксе.
Экспэрты прыводзяць такі прыклад. У датэрміновым галасаваньні ўдзельнічае як мінімум чвэрць выбарнікаў. Цалкам відавочна, што калі праўладны кандыдат па выніках датэрміновага галасаваньня забярэ сабе бальшыню іх галасоў, то гэта ягоная перамога ў акрузе апрыёры. У асноўны дзень камісіі могуць нават лічыць бюлетэні збольшага сумленна. Усё роўна датэрміновага задзелу праўладнаму кандыдату хопіць для агульнай перамогі. Такім чынам, непразрыстасьць датэрміновага галасаваньня рэальна фальсыфікуе вынікі ўсяго галасаваньня.
На першых прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі, якія праходзілі ў 1994 годзе, таксама можна было аддаць свой голас раней. Але тады, каб атрымаць бюлетэнь, выбарнік мусіў прынесьці ва ўчастковую камісію даведку, якая пацьвярджала, што ён ня мае магчымасьці прагаласаваць у асноўны дзень. Цяпер жа для датэрміновага волевыяўленьня ніякіх дакумэнтаў не патрэбна. Наадварот, улады заахвочваюць грамадзянаў скарыстацца такой магчымасьцю. Такіх прыкладаў мноства. Асабліва іх шмат у інтэрнатах, вайсковых частках, вёсках...
І што важна — ад выбараў да выбараў колькасьць выбарнікаў, якія галасуюць датэрмінова, увесь час нарастае. Улады заахвочваюць удзельнікаў гэтага працэсу і відавочна ня маюць ніякага жаданьня яго спыніць. Таму размовы пра адмену датэрміновага галасаваньня выглядаюць нерэалістычнымі. Патрэбна нешта зьмяняць у самой працэдуры гэтага працэсу. Што? Вяртацца да даведак, як у 1994 годзе? Увесьці электроннае галасаваньне праз інтэрнэт? Ці галасаваньне праз пошту? Што б вы, калегі, зьмянілі ў гэтай непразрыстай працэдуры? Бо калі нічога не зьмяняць, ступень даверу грамадзтва да вынікаў падліку бюлетэняў будзе толькі зьніжацца.
Каліноўскі: Я перакананы, што Беларусі ўвогуле не патрэбнае датэрміновае галасаваньне. Як засьведчыла практыка, менавіта падчас датэрміновага галасаваньня і адбываюцца фальсыфікацыі вынікаў выбараў. У Беларусі трэба галасаваць у адзін дзень, у нас не такая вялікая краіна, каб расьцягваць выбары.
Так робіцца ва Ўкраіне, якая нашмат большая. Калі ўжо хто ня можа прыйсьці ў дзень галасаваньня на свой участак, то можна ўзяць адмацавальны талён. Але адказны грамадзянін павінен узяць удзел у выбарах, калі гарантавана, што ягоную волю ўлічаць.
Большасьць насельніцтва на выходных дома ці недалёка ад дома. Дастаткова праводзіць выбары, напрыклад, у лістападзе, калі сканчаецца дачны і адпускны сэзон. Камандзіровачныя таксама на выходных вяртаюцца дахаты. Датэрміновае галасаваньне, ды яшчэ на пяць дзён расьцягнутае, — гэта ў нашых умовах інструмэнт фальсыфікацыяў і больш нічога.
А ўжо гэтыя фантастычныя 25–30 працэнтаў — гэта штучна, фальшыва, пад ціскам сабраныя галасы, якія потым можна памяняць у ноч перад выбарамі. Пра гэта было шмат сьведчаньняў, і шмат разоў лавілі за рукі фальсыфікатараў, як той падпалкоўнік міліцыі Мікалай Казлоў, які на адным зь менскіх участкаў зафіксаваў замену скрыняў зь бюлетэнямі.
Я задаваў пытаньне аб скасаваньні датэрміновага галасаваньня і празрыстых умовах правядзеньня выбараў летась, перад прэзыдэнцкімі выбарамі асабіста Аляксандру Лукашэнку падчас шматгадзіннага інтэрвію. Але гэта была тая тэма, дзе ні на якія саступкі ён ісьці не пагаджаўся. Ён цудоўна разумее, што тут крыніца ягонай улады.
Карбалевіч: Я зьвярнуў увагу, што чым бліжэй выбарчая кампанія да фінішу, тым больш парушэньняў выбарчай працэдуры. Выбарчая машына набірае ходу, і таму ўсё больш выяўляюцца, скажам так, асаблівасьці беларускіх выбараў.
Датэрмінова прагаласавала ўжо 17% выбаршчыкаў. А наперадзе яшчэ 2 дні датэрміновага галасаваньня. Назіральнікі канстатуюць вялікі разрыў паміж афіцыйнымі дадзенымі яўкі і тымі, якія яны фіксуюць. Здаецца, такога разрыву і на прэзыдэнцкіх выбарах, і на мінулых парлямэнцкіх выбарах не было.
Вось прагучала заява Ярмошынай, што ЦВК рэкамэндаваў выбарчым камісіям пры падліку галасоў не адсоўваць назіральнікаў далей за тры мэтры ад стала, аднак іх могуць дапусьціць і да самога стала. То бок канчатковае рашэньне перадаецца старшыням выбарчых камісіяў. Я чамусьці думаю, што вось гэтая адлегласьць тры мэтры і стане арыенцірам для ўсіх камісіяў. А раней абяцалі, што назіральнікаў пусьцяць да стала, дзе будзе адбывацца падлік. З трох мэтраў мала што можна ўбачыць.
Што тычыцца самой працэдуры датэрміновага галасаваньня. Я таксама лічу, што яго трэба адмяніць. Ва ўсякім разе, на нейкі час, пакуль выбары ня стануць дэмакратычнымі.
Бо калі арганізаваць допуск на датэрміновае галасаваньне па даведках, то, я ўпэўнены, улады змогуць і тут выкруціцца. Выдача даведак будзе пастаўлена на канвэер. Усе мэдычныя ўстановы спыняць працу і будуць выдаваць даведкі, што чалавек ня можа прагаласаваць у асноўны дзень галасаваньня. І трэць насельніцтва раптам акажацца хворымі. Аўтобусы будуць прывозіць людзей з інтэрнатаў і прадпрыемстваў спачатку ў паліклінікі, потым — на выбарчыя ўчасткі. Калі ўлады ня хочуць праводзіць дэмакратычныя выбары, то мэханізм ці спосаб абысьці гэтую перашкоду знойдуць.