Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дзьверы ў агні» — новы спэктакль Свабоднага Тэатру атрымаў найвышэйшую ацэнку брытанскай крытыкі


У Лёндане ў Тэатры Soho ідзе новы спэктакль Беларускага Свабоднага Тэатрупад назвай «Дзьверы ў агні» (Burning Doors).

Кіраўнікі Свабоднага Тэатру, Мікалай Халезін і Натальля Каляда, гэтым разам паклалі аснову свайго сцэнічнага расповеду тры гісторыі перасьледу свабоды — Марыі Алёхінай і «Pussy Riot», расейскага мастака-пэрформэра Пятра Паўленскага і ўкраінскага рэжысэра Алега Сянцова. У спэктаклі ў ролі самой сябе, выступае Марыя Алёхіна.

Фота: Алекс Брэнэр (Беларускі Свабодны тэатар)
Фота: Алекс Брэнэр (Беларускі Свабодны тэатар)

Спэктакль «Дзьверы ў агні» атрымаў найвышэйшыя ацэнкі ад шэрагу брытанскіх тэатральных крытыкаў і выданьняў.

«Гісторыя Алёхінай — самая вядомая публіцы, але яе досьвед побыту ў турме сапраўды шакуе. Часам лірычны, часам брутальны расповед вядуць з жахлівым дынамізмам і неверагоднай фізычнай напругай васьмёра актораў», — напісала Дэбра Клэйман у «The Reviews Hub».

Фота: Алекс Брэнэр (Беларускі Свабодны тэатар)
Фота: Алекс Брэнэр (Беларускі Свабодны тэатар)

«Ніводная брытанская тэатральная кампанія ня можа ўнесьці такога ўзроўню інтэлектуальнай, эмацыйнай і палітычнай інтэнсіўнасьці ў свае пастаноўкі... Беларускі Свабодны Тэатар і „Дзьверы ў агні“ — цудоўныя», — заканчвае сваю ўхвальную рэцэнзію Кэрал Ўодыс, даючы спэктаклю найвышэйшую ацэнку — пяць зорак.

Фота: Мікалай Халезін (Беларускі Свабодны тэатар)
Фота: Мікалай Халезін (Беларускі Свабодны тэатар)

«Праз увесь спэктакль прайшоў вялікі паток фізычнага тэатру, калі акторы ўкладвалі пласты сваімі целамі і праляталі праз паветра. Быў гумар, але ў асноўным гэта было пакутліва — асабліва фрагмэнт Кірылы Канстанцінава, які заплакаў і памачыўся на сцэне, каб схаваць і здушыць эмоцыі свайго мінулага», — напісаў ў рэцэнзіі на «Дзьверы ў агні» тэатральны аглядальнік The Guardian.

Фота: Мікалай Халезін (Беларускі Свабодны тэатар)
Фота: Мікалай Халезін (Беларускі Свабодны тэатар)

«„Дзьверы ў агні“ — магутны матэрыял. Яго жывёльны гнеў і пачуцьцё несправядлівасьці расплюшчвае вас, як грузавік», — тэатральны крытык Вікторыя Садлер.

Фота: Беларускі Свабодны тэатар
Фота: Беларускі Свабодны тэатар

«Яны адлюстроўваюць найменш прывабныя аспэкты жыцьця па той бок ранейшай „жалезнай заслоны“ са змрочным смуткам, імкнучыся паказаць Захаду, што насамрэч адбываецца, ды зь відавочным жаданьнем дамагчыся зьменаў», — адзначае British Theatre Guide.

Гаворачы пра спэцыфіку «Дзьвярэй у агні» у параўнаньні з ранейшымі пастаноўкамі Свабоднага Тэатру, Мікалай Халезін сказаў «Белсату»:

«Мы паспрабавалі дайсьці да рысы, якая азначае мяжу цялесных магчымасьцяў актора. Мы нават выйшлі крыху за гэтую рысу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG