Паводле дадзеных кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», на 153 участках, дзе вялося назіраньне, колькасьць тых, хто прагаласаваў, за першы дзень датэрміновага галасаваньня склала 7695 чалавек, а паводле пратаколаў выбарчых камісіяў — 8359 чалавек. Такім чынам, яўка была завышаная на 8% (664 чалавекі).
Гэта вышэй, чым на парлямэнцкіх выбарах 2012 году (6,7%) і прэзыдэнцкіх выбарах 2015 году (5,5%).
Прадстаўнік кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Ўладзімер Лабковіч распавёў у інтэрвію Свабодзе, што на некаторых выбарчых участках розьніца паміж дадзенымі назіральнікаў і выбарчых камісіяў дасягала проста фэнамэнальных памераў.
«Бачна ўжо, што ўлады ведаюць, што ў іх будуць праблемы зь яўкай, бо мы фіксуем самы вялікі для першага дня датэрміновага галасаваньня памер адрозьненьняў паміж рэальнай яўкай (якую налічылі нашы назіральнікі) і яўкай паводле дадзеных камісіяў. Фактычна кожная трэцяя група назіральнікаў (у нас па 2 чалавекі на ўчастку) заяўляла пра выпадкі разыходжаньня ў дадзеных. Ёсьць участкі, асабліва ў Фрунзенскім раёне Менску, якія паказваюць проста фэнамэнальныя адрозьненьні. Напрыклад, нашы назіральнікі налічылі 9 выбаршчыкаў, а паводле дадзеных камісіі, там прагаласавалі 105 чалавек. Гэта сьведчыць пра тое, што гэта ўжо ня можа быць памылкай, гэта сплянаваная акцыя. Такога ўзроўню не было на прэзыдэнцкіх выбарах, бо ўлады разумелі, што на прэзыдэнцкіх выбарах яўка заўсёды вышэйшая», — кажа ён.
Лабковіч кажа, што назіральнікі таксама фіксуюць выпадкі прымусу да ўдзелу ў галасаваньні.
«Мы, як і заўсёды, фіксуем масавае арганізаванае галасаваньне студэнтаў і супрацоўнікаў дзяржаўных прадпрыемстваў, якія гэта робяць выключна пад прымусам сваёй адміністрацыі. Хоць нельга сказаць, што выпадкаў прымусу стала больш. Машына адпрацаваная для кожных выбараў, і такая практыка ўжываецца ўвесь час. Хіба што зь сярэдзіны 2000-х гадоў мы гэтую практыку фіксуем, калі людзей масава заганяюць на выбарчыя ўчасткі. Умоўна кажучы, тут трэба разумець словы прэзыдэнта, які ўчора сказаў, што ня трэба нікога прымушаць да ўдзелу ў галасаваньні, наадварот: значыць, людзей будуць заганяць», — кажа праваабаронца.