Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Без каралёў». Што варта ведаць пра сёньняшнія пратэсты ў ЗША


Пратэст у горадзе Фарга, штат Паўночная Дакота, падчас мінулай акцыі «Без каралёў» 14 чэрвеня 2025
Пратэст у горадзе Фарга, штат Паўночная Дакота, падчас мінулай акцыі «Без каралёў» 14 чэрвеня 2025

У ЗША сёньня праходзіць другая хваля масавых пратэстаў «Без каралёў» (No Kings) супраць палітыкі прэзыдэнта Дональда Трампа — на фоне шатдаўну (адсутнасьці бюджэтнага фінансаваньня) урадавых установаў і спрэчак пра выкарыстаньне вайскоўцаў у амэрыканскіх гарадах.

Аглядальнік расейскай службы Радыё Свабода Валянцін Барышнікаў падае падрабязнасьці пра самі пратэсты і іх кантэкст.

На пратэсты пад лёзунгам «У Амэрыцы няма каралёў, улада належыць народу» чакаецца, маюць выйсьці мільёны людзей — заплянавана больш за 2500 дэманстрацый па ўсёй краіне. Першыя пратэсты «Без каралёў» прайшлі 14 чэрвеня, у дзень нараджэньня Трампа. У той жа дзень у Вашынгтоне адбываўся вайсковы парад у гонар 250-годдзя амэрыканскай арміі.

Арганізатары пратэсту — кааліцыя розных груп і рухаў, вядомыя палітыкі Дэмакратычнай партыі і іншыя апанэнты Трампа — кажуць, што абараняюць ад яго дэмакратыю, і падкрэсьліваюць мірны характар пратэстаў. Рэспубліканцы заяўляюць, што дэманстранты рэпрэзэнтуюць лявацкія рухі, іх аб’ядноўвае нянавісьць да Амэрыкі, і што пратэсты «праплачаныя».

Што кажуць бакі

Арганізатары: [Трамп] «адпраўляе ваенізаваных агентаў у нашыя супольнасьці, затыкае рот выбарнікам, раздае мільярдэрам падарункі, пакуль людзі змагаюцца за выжываньне. Гэта ня проста палітыка. Гэта барацьба дэмакратыі з дыктатурай».

Актор Роберт дэ Ніра: «Першы пратэст „Без каралёў“ быў 250 гадоў таму, амэрыканцы вырашылі, што ня хочуць жыць пад уладай [брытанскага] караля Георга III. У нас ёсьць два з паловай стагодзьдзі дэмакратыі, і яе ў нас хоча адабраць чалавек, які жадае быць каралём Дональдам I».

Дональд Трамп: «Яны называюць мяне каралём. Я не кароль».

Сьпікер Палаты прадстаўнікоў Майк Джонсан: «Дэманстрацыі нянавісьці да Амэрыкі... зьбяруць разам марксістаў, сацыялістаў, анархістаў, прыхільнікаў антыфа, пра-хамасаўскае крыло вельмі левай Дэмакратычнай партыі... Яны ненавідзяць капіталізм. Яны ненавідзяць нашы прынцыпы»

Рэспубліканскі сэнатар Тэд Круз: «Ёсьць важкія сьведчаньні таго, што за фінансаваньнем пратэстаў „Без каралёў“ стаіць Джордж Сорас і яго арганізацыя». (У якасьці доказу тэлеканал FoxNews прыводзіць грант 2023 году праекту Indivisible, які цяпер выступае адным з арганізатараў пратэстаў. Сорасаўскі фонд «Адкрытае грамадзтва» заяўляе, што падтрымлівае «права кожнага на ўдзел у негвалтоўных публічных пратэстах, гарантаванае ў Канстытуцыі ЗША, але ня плаціць людзям за ўдзел у пратэстах».

Агульная карціна

Фокус сёньняшніх пратэстаў — на шатдаўне (адсутнасьці бюджэтнага фінансаваньня) урадавых установаў, які працягваецца ўжо трэці тыдзень, і на выкарыстаньні адміністрацыяй Трампа вайскоўцаў для падтрымкі яе дзеяньняў у кантраляваных дэмакратамі буйных гарадах.

За апошнія месяцы Дональд Трамп аддаў указаньні адправіць салдат Нацыянальнай гвардыі ў Лос-Анджэлес, Вашынгтон, Портлэнд і Чыкага бяз згоды мясцовых уладаў, тлумачачы гэта неабходнасьцю спыніць беспарадкі і абараніць агентаў, якія праводзяць рэйды ў барацьбе зь нелегальнай іміграцыяй.

Рашэньні прэзыдэнта апратэставаныя ў судах. У звычайнай сытуацыі войска забаронена выкарыстоўваць для забесьпячэньня правапарадку ўнутры краіны, і гэта прадмет юрыдычных спрэчак і ўзаемных абвінавачваньняў: дэмакраты абвінавачваюць Трампа ў аўтарытарызьме, адміністрацыя сьцьвярджае, што змагаецца з гвалтам і беспарадкамі, якія ладзіць «тэрарыстычная арганізацыя Антыфа».

За шатдаўнам ураду стаіць спрэчка паміж рэспубліканцамі і дэмакратамі ў Кангрэсе наконт фінансаваньня прынятай падчас прэзыдэнцтва Барака Абамы праграмы пашырэньня мэдычнага страхаваньня. Перад выбарамі ў Кангрэс у канцы наступнага году дэмакраты спрабуюць вынесьці ў цэнтар дыскусіі пытаньне аб страхаваньні і агулам аб сацыяльнай падтрымцы, фінансаваньне якой можа быць абмежавана рэспубліканцамі.

Праверка рэальнасьцю

Судзячы па апытаньнях, большасьць у грамадзтве супраць адпраўкі вайскоўцаў у буйныя амэрыканскія гарады, лічачы, што вайскоўцы павінны супрацьдзейнічаць толькі вонкавым пагрозам. Але дэмакраты па-ранейшаму саступаюць рэспубліканцам у вачах выбарнікаў у здольнасьці разьвязаць іміграцыйны крызіс — а гэта было адным з ключавых фактараў абраньня Трампа на другі тэрмін.

Паводле апошніх апытаньняў, адбыўся зрух у тым, каго грамадзтва больш вінаваціць шатдаўне. Калі на пачатку віну ўскладалі ў асноўным на рэспубліканцаў, то цяпер усё больш выбарнікаў вінавацяць дэмакратаў — абедзьве партыі цяпер выклікаюць прыкладна аднолькавы ўзровень незадаволенасьці.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG