Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алексіевіч і кітайская стратэгія непрамых дзеяньняў


Чаму кітайцы далі Сьвятлане Алексіевіч тры літаратурныя прэміі?

Дракахруст: На мінулым тыдні беларуская нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч прыехала ў Кітай. Праграма 10-дзённага візыту пісьменьніцы прадугледжвае атрыманьне трох літаратурных прэміяў: прэміі Шанхайскага кніжнага кірмашу, прэміі Пэкінскага кніжнага кірмашу і ганаровай прэміі Вэньцзінь, якая лічыцца найважнейшай літаратурнай узнагародай Кітаю. 20 жніўня адбылася сустрэча Сьвятланы Алексіевіч з кітайскім пісьменьнікам Мо Янем, ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі 2012 году.


У чым прычыны такой увагі, такой пашаны з боку кітайцаў да пісьменьніцы з далёкай ад іх краіны? Ну можна прапанаваць і просты адказ — спадабаліся яе кнігі, вось і шануюць і ўзнагароджваюць. Напэўна і гэта прысутнічае. Але ня толькі. Кітай пры ўсіх пераменах — аднапартыйная дыктатура, і кампартыя такія рашэньні на самацёк не пускае. Да таго ж тры прэміі разам наводзяць на думку, што кіруючыя і накіроўваючая роля КПК у гэтых рашэньнях была далёка не апошняй. Ну і сустрэча з Мо Янем, гэткім кітайскім Шолахавым, таксама сьведчыць пра тое, што візыту беларускай ляўрэаткі надаецца дзяржаўная ўвага.

Кітайцы — майстры стратэгіі непрамых дзеяньняў. Ніхто ня будзе падкупаць Алексіевіч. Але чалавеку ўласьцівая ўдзячнасьць. Асабліва калі пра яе ня просяць

Зь якой мэтай? Напэўна, для кітайскіх уладаў не сакрэт, што стаўленьне да пісьменьніцы з боку ўладаў яе бацькаўшчыны, мякка кажучы, прахалоднае, а ў Расеі, да літаратуры якой творчасьць Алексіевіч часам адносяць — ледзь не варожае. Так што кітайскія ўлады не маглі спадзявацца, што шчыры прыём і прэміі ляўрэатцы будуць прынятыя ў Менску і Маскве як знак пашаны да іх. Хутчэй наадварот, гэта выкліча раздражненьне ў абедзьвюх сталіцах. Аднак Пэкін дэманструе, што гатовы ня браць гэтую адмоўную рэакцыю пад ўвагу дзеля нейкіх іншых, больш значных мэтаў. Якіх?

Кітай ужо даўно рэалізуе маштабную праграму прасоўваньня сваёй культуры ў сьвеце. КНР мае магутную эканоміку, велізарныя грошы, ну і ваенныя магчымасьці ў яго не апошнія. Але ў сучасным сьвеце вялікае значэньне мае і «мяккая сіла», аўтарытэт, прывабнасьць той ці іншай краіны. У тым ліку і прывабнасьць культуры.

А Пуцін і Лукашэнка праглынуць, перацерпяць

Кітайцы — майстры стратэгіі непрамых дзеяньняў. Ніхто ня будзе падкупаць Алексіевіч. Але чалавеку ўласьцівая ўдзячнасьць. Асабліва калі пра яе ня просяць. Да таго ж Кітай — сапраўды цікавая і важная краіна зь вялікай культурай. Ня ў тым задума, каб Алексіевіч Кітай хваліла, а ў тым, каб пра яго гаварыла. Пра яго ролю, пра «вецер з Усходу», найперш інтэлектуальны, духоўны, каб прыгадвала ролю, тэму Кітаю ў сваіх выступах і развагах пра выклікі часу і адказы на іх.

А большага і ня трэба. І гэта варта шчырага прыёму і прэміяў. А Пуцін і Лукашэнка праглынуць, перацерпяць. Калі Лукашэнку хопіць розуму, ён падчас візыту ў Кітай у верасьні можа нават і скарыстаць новую кітайскую лінію адносна Алексіевіч. Усё ж афіцыйны Менск вайну ёй не абвяшчаў, МЗС нават павіншаваў.

Глод: Чаму далі тры прэміі? Ну такая таленавітая пісьменьніца. Сьвятлана сапраўды таленавіты чалавек, яе адзначылі прэміяй Нобэля, самай вялікай прэміяй, і кітайцы пайшлі ў працяг гэтай ўзнагароды. Але вы маеце рацыю, што ў такой краіне, як Кітай, проста так нічога не робіцца.

У верасьні Лукашэнка прыедзе ў Пэкін. Можа сапраўды ён зразумее сытуацыю і разыграе яе на сваю карысьць, як гэта ён умее рабіць

Безумоўна, там саюз пісьменьнікаў існуе ў тым выглядзе, у якім ён існаваў у Савецкім Саюзе, і літаратурныя ўзнагароды, канешне, узгадняюцца па меншай меры з аддзелам прапаганды ЦК кампартыі Кітая. Але тое, што Кітай ідзе на гэта, ведаючы ўсё ж пра нэгатыўнае стаўленьне і Ўладзімера Пуціна, і Аляксандра Лукашэнкі да Сьвятланы Алексіевіч, паказвае, што Кітай ня вельмі клапоціцца, як адрэагуюць афіцыйныя Масква і Менск. Кітай зараз набраў такую сілу, што для іх рэакцыі Пуціна і Лукашэнкі не такі чыньнік, на які трэба зьвяртаць вялікую ўвагу.

У верасьні Лукашэнка прыедзе ў Пэкін. Можа сапраўды ён зразумее сытуацыю і разыграе яе на сваю карысьць, як гэта ён умее рабіць. Мне падаецца, што варыянт тлумачэньня, які найбольш адпавядае рэчаіснасьці, гэта кітайская мудрасьць, кітайская ўвага да вялікіх людзей, а Сьвятлана Алексіевіч, безумоўна, вялікі чалавек. Яны яе ўзнагародзілі, яны яе цудоўна сустрэлі, ну і якім жа трэба быць чалавекам, каб пасьля гэтага нешта дрэннае казаць пра Кітай? Тут ўжо альбо будзеш гаварыць нешта добрае, альбо ў горшым выпадку прамаўчыш.

Думаю, што кітайцы як людзі з вялікай культурнай традыцыяй усё гэта пралічылі, зразумелі, і прынялі менавіта такую тактыку. Кітайцы любым дзеяньням прысвойваюць назоў. Тактыку ўзнагарод прынялі, скажам так.

Цыганкоў: Калі казаць пра назовы, то пра Кітай зараз кажуць, што ён дзейнічае «мяккай сілай». Вось гэта напэўна яшчэ адна праява такой палітыкі, калі Кітай прасоўвае свае інтарэсы, каштоўнасьці не ваенным чынам, ня рэзкімі дыпляматычнымі крокамі, а мяккім пранікненьнем у тым ці іншыя сфэры грамадзтва.

магчыма кітайцы адчулі, што Сьвятлана Алексіевіч — тая фігура, якая неадназначна выказваецца пра нейкія зьявы не толькі ў Расеі, але і ў заходнім грамадзтве, спрабуе глядзець на сьвет шырока, а не толькі з пункту гледжаньня нейкай краіны ці адной цывілізацыі

То ён уваходзіць у Афрыку з інвэстыцыямі і дабрачыннай дапамогай, то дае крэдыты, напрыклад, краінам Лацінскай Амэрыкі. Дадам, што тут прысутнічае самасьцьвярджэньне — мы ж таксама прагрэсіўныя, не на ўзбочыне сучасных тэндэнцыяў, мы сочым за літаратурай. Другое, магчыма кітайцы адчулі, што Сьвятлана Алексіевіч — тая фігура, якая неадназначна выказваецца пра нейкія зьявы не толькі ў Расеі, але і ў заходнім грамадзтве, спрабуе глядзець на сьвет шырока, а не толькі з пункту гледжаньня нейкай краіны ці адной цывілізацыі. Але ў цэлым варта пагадзіцца, што гэта такі мудры крок, жаданьне, каб яшчэ адзін голас гучаў за Кітай на сусьветнай арэне. Ёсьць тут і палітычная падкавырка ў бок афіцыйных Масквы і Менску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG