«Украіна настойліва патрабуе, каб прадстаўнікі Міжнароднага камітэту Чырвонага крыжу былі дапушчаныя да акупаваных тэрыторыяў, каб яны атрымалі доступ у турмы і былі прыцягнутыя да пошуку і вызваленьня палонных», — цытуе BBC паведамленьне прэс-службы ўкраінскага лідэра.
Паводле словаў Пятра Парашэнкі, з пачатку вайны ўжо знойдзена і вызвалена 3080 закладнікаў, у палоне ўсё яшчэ знаходзяцца 107 цывільных і вайсковых украінцаў.
Цяпер інфармацыя пацьверджаная па 45 закладніках, дадаў прэзыдэнт: «А гэта значыць, што мы будзем змагацца за іх больш хуткае вызваленьне».
У адміністрацыі паведамілі, што 19 жніўня намесьнік яе старшыні Канстанцін Елісееў у Бэрліне перадасьць сьпісы з прозьвішчамі тых 45 закладнікаў у офісы прэзыдэнта Францыі і канцлера Нямеччыны — «для таго, каб у эўрапейскіх сталіцах ведалі пра кожнага ўкраінца, якога ўтрымліваюць у палоне».
Першая намесьніца старшыні Вярхоўнай Рады Ірына Герашчанка, якая ўдзельнічае ў пасяджэньнях менскай кантактнай групы, адзначыла, што пытаньне вызваленьня закладнікаў стане адным з ключавых падчас сустрэч у Менску 25 жніўня і 7 верасьня. Папярэднія спробы дамовіцца пра гэта ня сталі пасьпяховымі.