Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядома яшчэ аб адным беларусе, які ваяваў на баку Расеі. Ён вярнуўся з фронту зь цяжкім раненьнем


Расейскія вайскоўцы. Ілюстрацыйнае фота
Расейскія вайскоўцы. Ілюстрацыйнае фота

Грамадзянін Беларусі Барыс Качан падпісаў кантракт з расейскай арміяй і паехаў ваяваць супраць Украіны 26 верасьня 2024 году, а ўжо ў студзені 2025 году — атрымаў цяжкае раненьне і быў шпіталізаваны.

Як расказала праекту «НЕ ЖДИ меня из Украины» ягоная грамадзянская жонка Анастасія, саслужыўцы яе мужа загінулі.

Анастасія патрабуе асабістай сустрэчы з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным, каб «дабіцца справядлівасьці». Паводле яе, калі Барыса адправілі на вайну, яна чакала чацьвертае дзіця і сутыкнулася з поўнай адсутнасьцю сацыяльнай падтрымкі.

«Мой муж ня меў расейскага грамадзянства, ён зьяўляецца грамадзянінам Беларусі, без вайсковага білета, нас не расьпісалі, хоць у нас агульныя дзеці», — сказала Анастасія. Яна таксама не расейская грамадзянка, але не ўдакладніла краіну свайго паходжаньня.

Паводле яе, камандзіры вайсковай часткі адразу забралі ў яе мужа беларускі пашпарт і кантракт, а выплаты не ажыцьцяўлялі. Ёй давялося напісаць шэраг скарг, каб іх пачалі выплачваць. У той жа час, жанчына сьцьвярджае, што ёй адмовілі ў прысваеньні статусу шматдзетнай сям’і і прызначэньні адпаведных сацыяльных выплат.

Анастасія таксама пераконвае, што Барыса Качана доўга не выпісвалі са шпіталю і не афармлялі дакумэнты, неабходныя для вайсковых выплат, а ў ягонай частцы адмаўляліся вярнуць пашпарт і кантракт.

Жанчына паведаміла, што спрабавала выйсьці ў наўпроставы эфір з Уладзімірам Пуціным, каб расказаць гісторыю сваёй сям’і, але яе ігнаравалі.

«Мой муж інтарэсы абараняў Расейскай Фэдэрацыі, а на інтарэсы ягонай сям’і ўсім было напляваць. І цяпер напляваць. Я вельмі прашу зьвярнуць на нас увагу і дапамагчы нам разабрацца», — заявіла Анастасія.

Грамадзяне Беларусі ваююць, як на баку Расеі, так і Ўкраіны. Супраць тых, хто ваюе на ўкраінскім баку, улады Беларусі завялі крымінальныя справы і абвясьцілі іх у міжнародны вышук.

Нядаўна стала вядома, што Максіма Зязюльчыка, які ваяваў супраць Украіны на баку Расеі і быў вызвалены з украінскага палону ў 2024 годзе, прызналі ў Беларусі вінаватым паводле арт. 133 (найміцтва) і арт. 356 (Здрада дзяржаве) Крымінальнага кодэксу Беларусі і прысудзілі 10 гадоў зьняволеньня. Пакараньне Зязюльчык адбывае ў папраўчай калёніі № 17 у Шклове (Магілёўская вобласьць).

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG