Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саша, Вася і Алімпіяда: Ня дай сабе засохнуць


Алег Дашкевіч
Алег Дашкевіч

Сачу за мэдалёвымі вынікамі нашых алімпійцаў і думаю пра тое, як чалавечыя словы й учынкі парадкуюць рэальнасьць.

Жыцьцё й насамрэч нашмат цікавейшае, чым мы яго ўяўляем, бо выкручвае часам зусім ня так і не туды, здавалася б, відавочныя рэчы. Але, тым ня менш, нельга не прызнаць у тым выніковую справядлівасьць.

Здавалася б, раварысту Васілю Кірыенку мэдаль быў наканаваны, дзейны чэмпіён сьвету са стабільна высокімі вынікамі на працягу году, але ён ні ў воднай з гонак нават не наблізіўся да мэдаля.

Іншы прыклад – Аляксандра Герасіменя. Ня надта каб высокія вынікі на працягу сэзону. Не трапляньне ў фінал на сваёй кароннай стомэтроўцы вольным стылем. Ледзь-ледзь пратачылася у фінал на пяцьдзясят мэтраў.

Сашу падтрымвалі многія, але мала хто спадзяваўся на мэдаль, бо відавочна, што зборная па плаваньні ўвогуле й Герасіменя ў прыватнасьці былі, што называецца, зусім ня ў форме. Мэдаль у плаваньні не павінен быў быць.

Але адбыўся цуд, Герасіменя, з горшым часам выйшаўшы ў фінал, па самай нязручнай восьмай дарожцы даплыла да бронзы.

Што ж, любы цуд мае свае складовыя часткі.

Як сьцьвярджаў адзін з рэклямных слоганаў Пэпсі эпохі 1990-х – «Імідж – нішто, смага – усё! Ня дай сабе засохнуць».

Што ж ня дала Сашы засохнуць, як астатнім калегам у зборнай плыўцоў ці таму ж Васілю Кірыенку?

Думаю, яе допіс у фэйсбуку шмат што можа патлумачыць.

Аляксандра Герасіменя:

«Дзякуй усім вялізны за віншаваньні, і самае галоўнае за веру і падтрымку!

Ня ўсё заўсёды атрымліваецца так, як хочацца, бываюць і ўзьлёты і падзеньні, бываюць хвіліны, калі наогул хочацца ўсё кінуць і забыцца, як у страшным сьне…

І галоўнае, у такія моманты, каб побач былі тыя, хто заўсёды верыць у цябе, шануе і любіць, і без мэдалёў.

Вы ўсе зьяўляецеся часьцінкай майго жыцьця, вы сачылі за маімі посьпехамі й няўдачамі, вы былі побач і перажывалі разам са мной, і я лічу цалкам справядліва прысьвяціць гэты мэдаль вам! Вы гэта заслужылі !!!»

Мяркую, не ўмаляючы Сашын характар і майстэрства, беларускія заўзятары й сапраўды сваёй пазытыўнай энэргіяй не ў малой ступені далучыліся да стварэньня гэтага бронзавага цуду, бо адчуваюць за Герасіменяй праўду й неабыякавасьць – да сваёй краіны, мовы, да звычайнага, простага чалавека, да яго пачуцьцяў, мараў і надзеяў. Да таго, з чым ён сам сябе атаясамлівае. Неабыякавасьць – важная рэч.

Варта параўнаць гэты допіс Герасімені з інтэрвію Кірыенкі пасьля першай няўдалай гонкі.

Кірыенка:

«Быццам нядрэнна ўсё складалася, але калі мяне дагнаў прэтэндэнт на трэцяе месца, які стартаваў пазьней... У гэты момант наступіла поўная дэматывацыя. Я прывык ганяцца ў прафэсіяналах, таму мне што сёмае месца, што дваццаць сёмае – розьніцы няма...

Як вы лічыце, шасэйная каманда годна выступіла ў Рыа?

Так разумею, што вынік няўдалы, бо няма нават алімпійскіх ачкоў. Але асабіста я супрацоўнічаю зь міністэрствам спорту, скажам так, на ўзаемавыгадных умовах. Нікому нічога не абяцаю. І, калі разабрацца, увесь інвэнтар, які вы бачыце пры мне, на бюджэт краіны наогул ніяк не паўплываў. Таму ў цэлым, думаю я годна прадстаўляю Беларусь на сусьветным узроўні. І ніякім чынам сваё жыцьцё не мяняў бы. Ну а тое, як прайшла Алімпіяда... Як ёсьць.

Алімпіяда зжывае сябе?

Яна мне ня вельмі цікавая як форум».

Розьніца ня толькі спартовых, але й жыцьцёвых установак відавочная. Таму й вынікі на Алімпіядзе гэтых чальцоў нашай алімпійскай каманды цалкам справядлівыя.

І яшчэ адна, на маю думку, значная акалічнасьць. Кірыенка нарадзіўся ў 1981 годзе, Герасіменя ў 1985. Здаецца, толькі чатыры гады розьніцы, але паміж імі цэлая эпоха й абсалютна розная атмасфэра.

1981 згусьцелая атмасфэра канца эпохі савецкага застою. Эпохі, дзе галоўнымі мэтамі жыцьця чалавека былі – кватэра, дача, машына. Усё проста. Кожны сам за сябе. Ніякіх спадзеваў. Ніякіх палётаў душы. Ніякіх цудаў.

У 1985 здарыўся цуд пад назвай «перестройка», і атмасфэра пачала імкліва рабіцца празрыстай, лёгкай, радаснай. Людзі ўбачылі твары адно аднаго й зразумелі, што неабыякавасьць адно да аднаго робіць немагчымае магчымым. Яны раптам адчулі ў сабе крылы.

Пагадзіцеся, нарадзіцца ў час такой атмасфэры – гэта як дакрануцца да цуду, які застаецца назаўжды з табой.

Мяркую, менавіта вера ў магчымасьць цудаў людзкой салідарнасьці вызначыла канчатковыя алімпійскія вынікі Аляксандры Герасімені й Васіля Кірыенкі.

Атмасфэра рэч вызначальная.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG