Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будзе вялікая вайна паміж Расеяй і Ўкраінай?


Сапраўднай ці ўяўнай была дывэрсія ў Крыме, пра якую 8 жніўня паведаміла ФСБ РФ? Якія мэты перасьледуе Расея ў цяперашняй фазе канфлікту?

Дракахруст: Пасьля інцыдэнту з украінскімі дывэрсантамі ў Крыме — сапраўднымі ці ўяўнымі — адносіны паміж Украінай і Расеяй надзвычай абвастрыліся. Прэзыдэнт Парашэнка прывёў у поўную баявую гатоўнасьць украінскія войскі на адміністрацыйнай мяжы з Крымам і на Данбасе, Пуцін скасаваў свой удзел у сустрэчы «нармандзкай» чацьвёркі па Ўкраіне, прэм’ер РФ Мядзьведзеў заявіў аб магчымасьці разрыву дыпляматычных адносінаў. Паведамляецца, пра канцэнтрацыю расейскіх войскаў у Крыме і на мяжы з Украінай.

У сьвятле гэтых падзеяў вельмі многія зараз прамаўляюць слова — вайна. Экспэрты прыгадваюць Майнілу і Гляйвіц — правакацыі, арганізаваныя Сталіным і Гітлерам, каб пачаць вайну адпаведна з Фінляндыяй і Польшчай.

Сталін і Гітлер даводзілі свае правакацыі да канца для большай праўдападобнасьці.

Гэткую ж ролю некаторыя экспэрты адводзяць той самай дывэрсійнай групе. Аднак варта заўважыць, што Сталін і Гітлер даводзілі свае правакацыі да канца для большай праўдападобнасьці: пазыцыі савецкіх войскаў каля Майнілы сапраўды былі абстраляныя, праўда, савецкімі ж гарматамі, ў Гляйвіцы сапраўды быў імітаваны напад, праўда, нямецкімі зэкамі ў польскай форме, якіх адразу ж перастралялі.

Да таго ж напад на Фінляндыю і Польшчу адбываўся адразу ж пасьля адпаведных інцыдэнтаў. Цяпер інфармацыя пра дывэрсійную групу зьявілася тыдзень таму, пагрозьлівыя дзеяньні ёсьць — вайны няма.

Наконт таго, была ці не спроба прарыву дывэрсійнай групы, існуюць розныя вэрсіі. Многія экспэрты і СМІ лічаць гэтую інфармацыю чыстай правакацыяй, вельмі цікавыя дасьледаваньні, ў якіх даказваецца, што выгляд Месяца на відэа пра дывэрсантаў не адпавядае яго сапраўднаму месцапалажэньню ў ноч на 8 жніўня, калі, паводле ФСБ, група была затрыманая.

Але, напрыклад, амэрыканскі дасьледчы цэнтар Stratfor, у якім працуюць былыя афіцэры разьведкі, піша: «У сытуацыі, якая склалася, ніякай аб’ектыўнай ацэнкі праўдзівасьці аргумэнтаў таго ці іншага боку быць ня можа». Аналітыкі Stratfor адзначаюць, што «Кіеў можа кантраляваць ня ўсё — ужо адзін раз ён не змог спыніць тых, хто спрабаваў самавольна абясточыць Крымскі паўвостраў ў 2015 годзе, падарваўшы ЛЭП».

Нават калі захоп дывэрсантаў — чыстая інсцэніроўка, ён неабавязкова зьяўляецца пралёгам да шырокамаштабнага ўварваньня. Ён можа быць скіраваны на абвастрэньне адносінаў, на ціск на Ўкраіну і на яе дыскрэдытацыю ў вачах заходніх партнэраў Кіева.

Абвінавачваньні Расеі на адрас Украіны, апэляцыі ў гэтым пытаньні да Захаду ёсьць сьвядомая ці несьвядомая псыхалягічная пастка.

Абвінавачваньні Расеі на адрас Украіны, апэляцыі ў гэтым пытаньні да Захаду ёсьць сьвядомая ці несьвядомая псыхалягічная пастка. Захад лічыць, што Расея ўтрымлівае Крым незаконна. Перавесьці размову на пытаньне, былі дывэрсанты ці іх не было, адводзіць увагу ад пытаньня, што з пункту гледжаньня як Кіева, гэтак і Захаду гэтыя дзеяньні, калі яны і былі, учыняліся на ўкраінскай зямлі.

Калі Расея здолее пераканаць Захад у ненадзейнасьці Ўкраіны як партнэра, у тым, што яна альбо як дзяржава схільная да дзеяньняў зь небясьпечнымі наступствамі, альбо проста не кантралюе сваіх грамадзянаў са зброяй у руках, тады Масква дасягне большага, чым банальнай ваеннай агрэсіяй. Агрэсія выкліча кансалідацыю Захаду, паспрыяе ўзмацненьню, прынамсі, ніяк не аслабленьню санкцыяў. Ціск і дыскрэдытацыя могуць даць Маскве значна больш.

Карбалевіч: Рэпартажы расейскіх тэлеканалаў пра ўкраінскіх дывэрсантаў у Крыме нагадалі мне шпіёнскія расказы ў СССР пра храбрага памежніка Карацупу. Яны на надзіманых лодках праз праліў, з выбухоўкай спрабавалі пратачыцца на паўвостраў. Але іх сустрэлі храбрыя расейскія эфэсбэшнікі і ўсіх павязалі. Мусіць, чакалі?

Ёсьць розныя вэрсіі, каму і навошта трэба нагнятаць напружанасьць. Магчыма, Расеі трэба нейкая кампэнсацыя ў вачах уласнага насельніцтва за правал расейскай апэрацыі ў Сырыі, у баях вакол Алепа. Пераможныя рэпартажы расейскіх тэлеканалаў дрэнна суадносяцца з рэальнасьцю. Таму трэба адцягнуць ўвагу насельніцтва і пераключыць на іншыя сюжэты, прычым такія, дзе быў бы прадэманстраваны посьпех расейскіх сілавікоў. Вось і паказваюць, як ФСБ у Крыму прадухіліла тэракты і дывэрсіі.

Другі момант. Восеньню ў Расеі выбары ў Дзярждуму. У сацыяльна-эканамічным пляне пахваліцца кіраўніцтву краіны няма чым. Эканоміка краіна ў рэцэсіі, узровень жыцьця апошнія два гады падаў. І рэйтынг Пуціна трохі зьменшыўся.

Уладам трэба пераключыць ўвагу, падняць патрыятычны градус.

І таму ўладам зноў жа трэба пераключыць ўвагу, падняць патрыятычны градус. Якім чынам? Апавядаць пра страшных украінскіх дывэрсантаў.

Вось Юрый Дракахруст адзначыў, што напад СССР на Фінляндыю і фашыстоўскай Нямеччыны супраць Польшчы адбыўся адразу пасьля правакацыі. Але ёсьць і іншы прыклад. Першая сусьветная вайна пачалася праз месяц пасьля правакацыі — сараеўскага забойства спадкаемца трону Аўстра-Вугоршчыны.

Хочацца спадзявацца, што ўсё ж да новага маштабнага ваеннага абвастрэньня справа ня дойдзе.

Цыганкоў: Тое, што дывэрсанты, паводле расейскай вэрсіі, прарываліся з боем праз мяжу, дастаткова загадкава, калі не сказаць сьмешна. Дывэрсанты павінныя пранікаць ціха, каб іх не заўважылі. Тым больш, што мяжа там даволі вялікая, калючага дроту няма, яна яшчэ за гэтыя 2 гады пасьля анэксіі Крыма так моцна не ахоўваецца, нават украінскія курортнікі езьдзяць па-ранейшаму адпачываць у Крым, і ўявіць, што не знайшлі дывэрсанты спакойнага спосабу перайсьці украінска-крымскую мяжу, дзіўна.

Ужо фактычна адмененая сустрэча ў «нармандзкім» фармаце, пра што абвясьціў Уладзімер Пуцін. Паводле некаторых аналітыкаў, гэта і была першасная задача гэтага інцыдэнту.

Хто б ні быў вінаваты ў гэты інцыдэнце, важныя яго палітычныя наступствы. Па-першае, ужо фактычна адмененая сустрэча ў «нармандзкім» фармаце, пра што абвясьціў Уладзімер Пуцін. Паводле некаторых аналітыкаў, гэта і была першасная задача гэтага інцыдэнту, паколькі падчас гэтай сустрэчы, як меркавалася, магла адбыцца даволі жорсткая размова пра невыкананьне Расеяй умоваў менскага мірнага працэсу. І каб пазьбегнуць гэтай размовы, як мінімум, пацягнуць час, быў створаны такі інцыдэнт.

Можна казаць пра больш доўгатэрміновыя наступствы. Гэта жаданьне Расеі пагражаць Украіне магчымасьцю дэстабілізацыі сытуацыі ў самой Украіне і ставіць пад сумнеў яе здольнасьці кантраляваць сытуацыю і яе спэцслужбы перад тварам Захаду. Гэта пэрманэнтная задача, якую, на думку, многіх аналітыкаў, ставіць перад сабой Расея.

Ня так даўно ў расейскай «Новай газеце» быў апублікаваны даволі вялікі артыкул- расьсьледваньне пра тое, што і ў Расеі, і ва Ўкраіне многія цяпер гатовыя да абвастрэньня сытуацыі ў Данбасе ледзь не да поўнамаштабнага ваеннага канфлікту.

Пэўны час зацішша паказаў, што і ў Расеі, і ва Украіне многія палітычныя сілы і значная частка насельніцтва не задаволеныя ўмовамі гэтага замірэньня, лічаць свой бок пацярпелым альбо прайграўшым, таму рэваншысцкія настроі на дадзены момант актыўныя.

Як не ўзгадаць тое, што, калі розныя краіны абвяшчалі свой уваход у Першую сусьветную вайну, то фактычна без выключэньняў у кожнай зь іх адбываліся патрыятычныя шавіністычныя дэманстрацыі, дастаткова масавыя, дзясяткі і сотні тысяч людзей выходзілі ў падтрымку сваіх урадаў, якія вырашылі ўвайсьці ў вайну.

Штосьці падобнае магчыма і зараз. Расеі і Украіна не «насыціліся» тым канфліктам, які адбываецца ў Данбасе, яны не дайшлі да той стадыі, калі абодва бакі стаміліся ад вайны, калі ўсім хочацца канца вайны. Зараз, і на думку «Новай газэты», і многіх іншых назіральнікаў, яшчэ такія настроі, што трэба працягваць, трэба перамагчы. І гэта, безумоўна, вельмі трывожна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG