На вежы параднага ўваходу ў адрэстаўраваную сядзібу палітыка, дыплямата і кампазытара Міхала Клеафаса Агінскага ў Залесьсі ўсталяваны гадзіньнік. Ён не прэтэндуе на поўную адпаведнасьць страчанаму арыгіналу, больш за тое, кожная новая гадзіна на ім адлічваецца боем курантаў Спаскай вежы маскоўскага Крамля.
Фрагмэнт пераліву званоў падкарочаны і ўмяшчаецца ў некалькі сэкундаў, але пераблытаць першакрыніцу немагчыма. Удары, якія адбіваюць гадзіны, гэтаксама гучаць акурат як са Спаскай вежы. Чаму над тэрыторыяй сядзібы Агінскага не гучыць ягоны палянэз «Разьвітаньне з Радзімай», высьвятляў карэспандэнт Свабоды.
Першым на неадпаведнасьць гуку і мясцовасьці зьвярнуў увагу былы навуковы супрацоўнік палацава-паркавага комплексу, мастак-рэстаўратар Сяргей Верамейчык:
«Усе, у каго я пытаюся, што павінна гучаць у Залесьсі, уключна нават з вожыкамі ў парку, адказваюць: натуральна, гукі палянэзу. А тое, што гэтага няма і ніхто не пратэстуе? Ну дык паглядзіце на агульны стан грамадзтва — што і каго хвалюе? Але ў дадзеным выпадку сытуацыя відавочная: калі гаворка пра музычны кантэнт, іншых варыянтаў ня можа быць апрыёры. Існуе вэрсія: палянэз ля-мінор Агінскі стварыў менавіта тут — у сваім кабінэце на другім паверсе, дзе стаяў ангельскі музычны інструмэнт клявікорд. Адпаведна, менавіта Залесьсе можна лічыць радзімай твору, які граюць на ўсім зямным шары. Чамусьці адказныя пэрсоны не разумеюць унікальнасьці, разынкі гэтай мясцовасьці — акурат гэтыя краявіды натхнілі аўтара на стварэньне музычнага шэдэўру».
25 верасьня 2015 году ў Беларусі і сьвеце адзначалі 250-годзьдзе Міхала Клеафаса Агінскага. Падзея трапіла ў каляндар ЮНЭСКА, было адкрытае міжнароднае і бюджэтнае фінасаваньне. Да юбілею сядзібу кампазытара аднавілі, напоўнілі экспанатамі. Што не пасьпелі, тое даводзілі да ладу пасьля сьвяточных імпрэзаў.
Гадзіньнік, выявы якога засталіся на адной з гравюраў Напалеона Орды, быў усталяваны сёлета, ня так даўно ён зайграў. Праўда, зусім ня тымі гукамі, на якія разьлічваў Сяргей Верамейчык ды іншыя жыхары Залесься:
«Зразумела, што людзі ў масе сваёй ставяцца побытава, па-спажывецку: нешта гучыць — і добра. Магчыма, проста не асацыююць, што гэта фрагмэнт звону са Спаскай вежы Крамля. А можа, падсьвядома да гэтага прызвычаіліся: шмат хто жыў у Савецкім Саюзе, некаторыя нават настальгуюць, бо менавіта з гэтых гукаў штодня пачыналіся і заканчваліся трансьляцыі савецкага радыё. Значыць, усё нармальна: як некалі было, так і засталося. Пры гэтым не ўсьведамляюць, што тут куранты — нешта чужароднае. Крамлёўскі звон — ён і ў Афрыцы звон, а гукі палянэзу нарадзіліся і павінны гучаць у Залесьсі, дзе Агінскі працяглы час жыў і працаваў. У гэтым якраз і ёсьць каштоўнасьць кожнай славутай мясьціны. А не стандартызацыя пад гукі, прабачце, «русского мира».
Настаўнік фізкультуры Залескай сярэдняй школы Станіслаў Гаўрылкевіч часьцяком наведваецца ў парк разам са сваімі выхаванцамі. Кажа, што ў нелягічнасьці выбару разабраліся нават падлеткі, якіх ніхто адмыслова не настройваў:
«Я калі першы раз пабачыў гадзіньнік, нават не сумняваўся — зараз пачую палянэз. Якраз стаяў вартаўнік, кажа: пачакай трошкі, будзе музыка. А як бабахнула, то ўвесь настрой зьнік. Я зь дзецьмі часта хаджу да маёнтку, і яны самі запытваюць: „Станіслаў Ёсіфавіч, чаму не Агінскі?“. Гэта дзяўчаты, хлопцы 6–7 клясаў, я ўжо не кажу пра выпускнікоў. І што я магу адказаць? Кажу, ня ведаю, можа зь цягам часу нешта зьменіцца, памяняюць застаўку. Ясна, што вяскоўцы, якія жывуць далей ад маёнтку і на тэрыторыю не заходзяць, гэтым наўрад ці заклапочаныя. Але моладзь катэгарычная: толькі палянэз, ніякіх курантаў. Днямі сустрэлі вясельле, якраз былі зь дзецьмі ля каменя Жана Ралея, пэдагога Агінскага. Маладая цікавіцца: ужо даўно тут ходзім, і кожную гадзіну гучыць нейкі незразумелы бой... Таму, спадзяюся, нешта ўсё ж памяняецца».
Маскоўскі краязнаўца, выкладчык Расейскага эканамічнага ўніверсытэту імя Пляханава Юльян Бельскі — даўні руплівец спадчыны роду Агінскіх, часты госьць сядзібы ў Залесьсі, арганізатар імпрэзаў з удзелам беларускіх музыкаў, мастакоў, культуролягаў у Расеі. Адносна крамлёўскай экспансіі ў Залесьсе такога меркаваньня:
«Асабіста для мяне гукі Спаскай вежы, калі яны разносяцца над Краснай плошчай у Маскве, — рэч зразумелая і важная, гэта пазыцыяваньне Расеі дзяржавы. Але тут гэта, мякка кажучы, недарэчна. Я Залесьсе ведаю даўно, бываю тут дастаткова часта і перакананы: у якасьці гімну павінны гучаць гукі палянэзу ля-мінор, дзе яны і нарадзіліся. А ніяк не маскоўскія куранты. Бо, шчыра кажучы, выглядае крыху дзіўна. Я ведаю, як шмат было зроблена дзеля аднаўленьня сядзібы, але рэха Спаскай вежы — проста нейкая памылка. Тым больш, што перапрагамаваць гадзіньнік — ня самая вялікая тэхнічная праблема, гэта толькі мэханічная праца. Я ў свой час меў дачыненьне да вежавых гадзіньнікаў у Ольштыне і ў Гданьску. А паколькі ў Залесьсі гадзіньнік зусім невялікі, мяркую, гэта праца максымум на 2 гадзіны. Таму натуральна, памылку трэба выпраўляць».
Якое ведамства адказвае за «курантызацыю» гістарычнага аб’екту? У Міністэрстве культуры ўдакладнілі, што курыруюць агульную хаду рэстаўрацыйных працаў, але дэталі кладуцца на плечы мясцовых уладаў, якія ўтрымліваюць на сваім балянсе рэгіянальныя турыстычныя цэнтры. Тым часам даходзяць зьвесткі, што бой курантаў чулі і ў іншых месцах краіны. Дык ці не завезьлі падобныя гадзіньнікі гуртом з Расеі?
Намесьнік старшыні Смаргонскага райвыканкаму Генадзь Бычко прызнаецца, што не ўслухоўваўся ў матывы вежавага гадзіньніка ў Залесьсі, але запэўнівае, што ніякай «рукі Масквы» ў гэтым няма:
«Міністэрства культуры і Гарадзенскі аблвыканкам займаліся пытаньнямі фінансаваньня, а ўжо пытаньні тэндэрных закупак і ўсяго астатняга былі ў кампэтэнцыі Смаргонскага райвыканкаму. Мінкульт тут абсалютна ні пры чым. І казаць, што цэнтралізавана замовілі куранты, як для навагодняга сьвята, дык гэта адназначна ня так. Рабілася ўсё дзеля таго, каб гэты элемэнт пасаваў усяму палацава-паркаваму ансамблю. Перадусім, каб максымальна быў набліжаны да арыгіналу сам гадзіньнік. Прынамсі, тое, што ў нас ёсьць на гравюрах, на малюнках, дазваляе казаць, што такая мэта дасягнутая. Зразумела, што цяжка гаварыць пра фатаграфічнае падабенства, але тым ня меней. Гэта ж тычыцца ўсяго астатняга, у тым ліку бою гадзіньніка. І калі ўсё ж даведаюся, што нешта падобнае было і ў той час, пагадзіцеся, ніякага крыміналу ў гэтым няма».
У Залесьсі Міхал Клеафас Агінскі пражыў 20 гадоў — з 1802-га да 1822-га. Неўзабаве пасьля таго, як усталявалася ўлада Расейскай імпэрыі. Тэарэтычна можна дапусьціць, што гадзіньнік кампазытара выконваў нешта з тагачаснага расейскага рэпэртуару, але наўрад ці пазнавальныя пералівы Спаскай вежы ў Маскве. Як вынікае з гістарычных даведак, цяперашнія крамлёўскія куранты былі ўсталяваныя ў сярэдзіне 1850-х, праз 20 гадоў пасьля сьмерці Агінскага ў Італіі. А значыць, у часовым адрэзку ніяк не супадалі.