Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Людзі прагаласуюць за апазыцыйных кандыдатаў, але як палічаць галасы...» — зьбіральнік подпісаў з Гарадзеншчыны


Сябры ініцыятыўных груп прэтэндэнтаў у кандыдаты ад дэмакратычных партыяў і рухаў цьвердзяць, што сабраць подпісы для вылучэньня ў кандыдаты не было цяжка. Аднак усіх хвалююць наступныя этапы выбарчай кампаніі: рэгістрацыя і падлік галасоў пасьля выбараў.

Найбольш пікетаў у Горадні па зборы подпісаў за вылучэньне сваіх прэтэндэнтаў у кандыдаты праводзілі сябры аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя». Нават у апошнія дні, калі прадстаўнікі іншых партый і рухаў панесьлі здаваць сабраныя подпісы, яны працягвалі стаяць на вуліцах Горадні пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.

Мікола Баўсюк, за якога зьбіраюць подпісы ягоныя калегі, распавядае, што сам пабываў на пікетах амаль ва ўсіх раёнах горада. Паводле яго, БХД ладзіць пікеты ня толькі ў тых акругах, дзе вылучаюцца іх сябры партыі, але і там, дзе іх няма.

Мікола Баўсюк, кіраўнік абласной арганізацыі БХД
Мікола Баўсюк, кіраўнік абласной арганізацыі БХД

— У нас такая тактыка, мы хочам, каб людзі ўсюды пабачылі нас, каб ведалі, што мы такія, як яны, і ў нас тыя ж праблемы. І ведаеце, вось пабачаць бел-чырвона-белы сьцяг — і бягуць, каб падпісацца, каб выгаварыцца. Пра выбары нават часам і не гавораць, бо ня вераць, кажуць, што ніводзін дэпутат да іх ніколі не прыходзіў. А да нас ідуць, бо ведаюць, што мы супраць гэтае ўлады.

Да пікета падыходзіць сталага веку спадарыня, відаць, што ёй цяжка хадзіць. Цікавіцца, што тут адбываецца. Ёй тлумачаць, што гэта пікет, дзе зьбіраюць подпісы за вылучэньне ў кандыдаты прадстаўніка БХД. Яна кажа не задумваючыся:

— А навошта тыя выбары, калі і так у краіне ўжо 20 год адзін і той самы чалавек кіруе. А мне вунь адзін укол каштуе паўмільёна, а вы кажаце выбары... Нам бы хоць выжыць, толькі выжыць, баюся, што хутка за сваю пэнсію толькі і змагу адзін укол купіць.

Пікетоўцы на плошчы Савецкай у Горадні
Пікетоўцы на плошчы Савецкай у Горадні

Ёй спрабуе пярэчыць маладзён: маўляў, таму і хочам зьмяніць сыстэму, каб вы маглі на пэнсію жыць. Але жанчына толькі махае рукою.

Малады хлопец побач ставіць свой подпіс за вылучэнца, а ягоная дзяўчына кажа, што яе гэта не цікавіць і яна наагул апалітычная. Праўда, размову трошкі з гумарком хлопец усё ж падтрымлівае.

— Сабраўся ажаніцца, а бачу, што да пэнсіі нават на вясельле пры такіх заробках не зьбяру. А яшчэ куды прывесьці жонку, а як дзеці зьявяцца, то як іх карміць... Трэба хутчэй мяняць гэтую сыстэму, рабіць рэформы, бо хочацца папросту пажыць нармалёва.

Сябры кампаніі «Гавары праўду» пераважна хадзілі па кватэрах, амаль не праводзячы пікетаў. Каардынатар па Гарадзенскай вобласьці Зьміцер Бандарчук распавядае, што ўсе прэтэндэнты набралі неабходную колькасьць подпісаў. Праўда яго і ягоных калегаў хвалюе тое, што нікога з дэмакратычных прадстаўнікоў не ўключылі ва ўчастковыя камісіі.

Зьміцер Бандарчук, каардынатар руху «Гавары праўду» на Гарадзеншчыне
Зьміцер Бандарчук, каардынатар руху «Гавары праўду» на Гарадзеншчыне

— Мы разумеем, што і ў нашых кандыдатаў на гэтых выбарах малыя шанцы. Але з другога боку людзі ўсё больш разумеюць, што кандыдаты ад улады — значыцца ня будзе зьменаў, усё застанецца па-ранейшаму. А людзі хочуць пераменаў. У нас яшчэ будзе магчымасьць сустракацца зь людзьмі і распавядаць ім сваю пазыцыю, і мы будзем выкарыстоўваць гэты шанец.

Прадстаўнік Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў распавядае, што за пэрыяд збору подпісаў у гэтай кампаніі відавочным стаў факт, што дзейная ўлада страціла давер у народа.

Вадзім Саранчукоў, кіраўнік арганізацыі БНФ на Гарадзеншчыне
Вадзім Саранчукоў, кіраўнік арганізацыі БНФ на Гарадзеншчыне

— Калі раней толькі і казалі выбарцы пра Лукашэнку, то цяпер яго ніхто ня хоча ўзгадваць. Напружаньне і незадаволенасьць у грамадзтве толькі падвышаецца, і калі і гэтым разам улада нахабна сфальсыфікуе выбары, то, думаю, што пераважную большасьць людзей гэта вельмі азлобіць. А па ўсім відаць ужо цяпер, што галасы зьбіраюцца лічыць па старым сцэнары.

Кіраўнік выбарчага штабу прэтэндэнта ў кандыдаты ад Партыі БНФ Івана Шэгі ў Слоніме Віктар Марчык распавядае, што іх ініцыятыўная група сабрала неабходную колькасьць подпісаў амаль за тыдзень. Ён таксама адзначае зьмены ў сымпатыях электарату да апазыцыі. Паводле яго, нават у вёсках людзі не баяліся бел-чырвона-белага сьцяга.

Віктар Марчык, кіраўнік штаба ініцыятыўнай групы Івана Шэгі ў Слоніме
Віктар Марчык, кіраўнік штаба ініцыятыўнай групы Івана Шэгі ў Слоніме

— Часта даводзілася чуць у вёсках, калі людзі бачылі сьцяг, што можа нешта ўжо памяняецца. Ды і не баяліся казаць, што час мяняць уладу — раней такога не было. Я перакананы, што за апазыцыю прагаласуе большасьць, але ўся праблема ў тым, як палічаць галасы. У нас з 25 прапанаваных кандыдатаў ва ўчастковыя камісіі ўключылі толькі аднаго чалавека. А сталінскую формулу — ня важна як прагаласавалі, а галоўнае, хто падлічыў — яшчэ ніхто не адмяняў у нашай краіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG