73278 чалавек афіцыйна зарэгістраваныя акруговымі камісіямі ў якасьці патэнцыйных сябраў участковых выбарчых камісіяў на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў шостага скліканьня. Гэтую лічбу назваў сёньня Свабодзе сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік.
Ён патлумачыў, што назваць дакладную колькасьць лічыльнікаў бюлетэняў, якіх адбяруць з гэтых 73 тысяч, немагчыма. Справа ў тым, што Выбарчы кодэкс дазваляе фармаваць участковую камісію ў складзе ад 5 да 19 чалавек.
«Мы рэкамэндавалі не рабіць участковыя камісіі вялікімі. Там, дзе максымальная колькасьць выбарцаў (а гэта каля трох тысяч чалавек), мы прапануем, каб у камісію ўвайшлі 11-13 чалавек. А там, дзе ўчасткі маленькія, напрыклад, у шпіталі, хопіць і 5. За мяжой, у краінах, дзе беларусаў мала, мы дазволілі скараціць колькасьць сябраў камісіі да трох» — распавёў Мікалай Лазавік.
Паводле статыстыкі ЦВК, найбольшую колькасьць вылучэнцаў ва ўчастковыя камісіі маюць грамадзкія арганізацыі — 49,9%. Праз збор подпісаў падалі заяўкі — 37,5%, ад працоўных калектываў — 12,6%.
Палітолягі зьвяртаюць увагу на вельмі нізкую актыўнасьць палітычных партыяў пры вылучэньні кандыдатаў ва ўчастковыя камісіі. Па-першае, з 15 афіцыйна зарэгістраваных у Міністэрстве юстыцыі партыяў, роўна траціна наагул не скарысталася такой магчымасьцю. Па-другое, 10 партыяў супольнымі намаганьнямі «наскрэблі» толькі 5,8% ад агульнай колькасьці кандыдатаў на падлік бюлетэняў. Прынамсі, Аб’яднаная грамадзянская партыя — 0,3%, «Справядлівы сьвет» — 0,2%, партыя БНФ і Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) — па 0,1%. І гэта прытым, што партыйныя лідэры неаднаразова абяцалі вылучыць кандыдатаў найперш ва ўчастковыя камісіі, дзе непасрэдна лічацца галасы выбарцаў.
«Магчыма, сытуацыя ўскладнілася з-за таго, што кіроўныя партыйныя органы ня могуць вылучаць сваіх прадстаўнікоў ва ўчастковыя камісіі, калі гэтыя партыі ня маюць зарэгістраваных філіяў у рэгіёнах — камэнтуе сытуацыю для Свабоды экспэрт кампаніі „Праваабаронцы — за свабодныя выбары“, юрыст праваабарончага цэнтру „Вясна“ Валянцін Стэфановіч. — Але калі казаць пра ролю палітычных партыяў, то яна ад выбараў да выбараў прынцыпова не зьмяняецца. Бо ў нас па колькасьці вылучэнцаў з вялікім адрывам лідзіруюць грамадзкія арганізацыі. І гэта — дзіўна, паколькі, паводле Выбарчага кодэксу, грамадзкія арганізацыі не надзеленыя правам вылучаць кандыдатаў у дэпутаты. Кандыдатаў яны не вылучаюць, а ў камісіі прадстаўнікоў даюць тысячамі.
Я асабіста лічу гэта спэцыфікай палітычнай сыстэмы Беларусі, дзе на першы плян выходзяць не палітычныя партыі, як ва ўсім цывілізаваным сьвеце, а грамадзкія арганізацыі. Ведаеце, у нас склалася пяцёрка грамадзкіх арганізацыяў, якія фактычна становяцца арганізатарамі выбараў. Гэта — Фэдэрацыя прафсаюзаў, „Белая Русь“, БРСМ, жаночая і вэтэранская арганізацыі».
Словы Валянціна Стэфановіча пацьвярджаюць і лічбы сёлетняй кампаніі. Калі 10 палітычных партыяў супольна вылучылі для падліку галасоў 4272 чалавекі, то 5 згаданых грамадзкіх арганізацыяў — аж 25646.
Фармаваньне ўчастковых камісій завяршаецца ў сераду, 27 ліпеня. Тады ж стане вядомай і дакладная колькасьць лічыльнікаў бюлетэняў.