Праваабаронца ад Беларускага Хэльсынскага камітэту ў Горадні Віктар Сазонаў зьвярнуўся са скаргай у абласную тэрытарыяльную камісію на газэту Гарадзенскага раёну «Перспектива». Праваабаронца сьцьвярджае, што, як і раней, на этапе збору подпісаў у дзяржаўнай прэсе электарат рыхтуюць да заплянаваных вынікаў выбараў.
Сазонаў цытуе радкі з «Перспективы» № 54 ад 20 ліпеня 2016 году. Аўтар Вадзім Ялфімаў у артыкуле «Кто идет?» ужо цяпер робіць высновы пра вынікі выбараў і заранёў агучвае тое, як апазыцыя, прайграўшы, будзе на гэтыя вынікі рэагаваць. Цытата з газэты: «...Впрочем, найдутся, как всегда, и такие из них, кто свой проигрыш опять спишут на пресловутый административный ресурс...».
Гэта, паводле Сазонава, ужо нават ня скрытая апрацоўка выбарцаў, а папросту прымітыўная і непрыхаваная. Хаця, паводле яго, у пастанове ЦВК № 22 прадугледжаны пералік пытаньняў, якія павінны публікаваць мясцовыя газэты падчас выбарчай кампаніі.
― У артыкуле ў прынцыпе шмат рэчаў, якія пярэчаць выбарчаму заканадаўству. Але вось у гэтым выпадку яскрава падрыхтоўваецца грамадзкая думка, якая павінна будзе не зважаць на фальсыфікацыі выбараў. Маўляў, «знойдуцца і такія, хто сьпіша свой пройгрыш...». Але яшчэ нават няма кандыдатаў у дэпутаты, а чалавек ужо нібыта ведае хто яны, а можа яшчэ і прозьвішчы гэтых людзей назаве, хто будзе сьпісваць сваю паразу на адміністрацыйны рэсурс? Задача газэты на гэтым этапе аб’ектыўна асьвятляць хаду выбарчай кампаніі, а не агітаваць выбарцаў за тое, што «знойдуцца такія». Атрымліваецца, што пэўную катэгорыю прэтэндэнтаў у кандыдаты можна ўжо сёньня запісваць у шулеры, якія знарок зьбіраюцца муціць ваду пасьля выбараў?
Раман Юргель, праваабаронца ад БХК паказвае раздрукоўкі з абласной газэты «Гродзенская праўда» і задаецца пытаньнем — чаму падчас выбарчай кампаніі зьяўляюцца артыкулы і інтэрвію з праўладнымі прэтэндэнтамі ў кандыдаты, а пра апазыцыю і беспартыйных ніхто ня піша?
― Ну вось нумар ад 22.07.2016. У ім зьмешчана інтэрвію з кіраўніком абласной арганізацыі прафсаюзаў дзяржаўных і іншых устаноў Валерыем Саўко з нагоды 60-годдзя прафсаюзу. Саўко зьяўляецца вылучэнцам па выбарчай акрузе № 49 у Шчучынскім і Мастоўскім раёнах. За яго вядзецца збор подпісаў, і я так думаю, што ён будзе вылучацца і ад працоўнага калектыву. Гэта ягонае права. Але чаму рэдакцыя, ведаючы пра тое, што Саўко вылучыўся ў кандыдаты, бярэ інтэрвію ў яго, а не напісала пра 60 гадоў жыцьця гэтага самага прафсаюзу, ягоную дзейнасьць, дасягненьні і калі хочаце недахопы? Гэта яўнае парушэньне выбарчага заканадаўства і яскрава сьведчыць аб тым, што ўдзельнікі выбарчай кампаніі на дадзеным этапе выбараў знаходзяцца ў няроўных умовах.
Юргель прыводзіць чарговы прыклад публікацыі з дзяржаўнай газэты «ГП», дзе зьмешчаны артыкул пра дзеючага дэпутата Тамару Даўгашэй, якая спрабуе вылучацца і сёлета ў парлямэнт па акрузе № 52 у Горадні.
У нумары ад 12.07.2016 году размова вядзецца нібыта пра кардыялягічны цэнтар, галоўным урачом якога зьяўляецца Даўгашэй і чамусьці «пра высокія дасягненьні» распавядае менавіта Тамара Даўгашэй.
― Ніколі і нічога ня маю супраць лекараў, але падчас выбарчай кампаніі і лекары становяцца ў роўныя ўмовы з тымі, хто пачынае зьбіраць подпісы за вылучэньне іх кандыдатамі. Дарэчы, дзеючыя дэпутаты парлямэнту павінны гэта ведаць лепш за астатніх.
Раман Юргель зафіксаваў яшчэ тры публікацыі абласной газэты, дзе зьмешчаны матэрыялы пра праўладных вылучэнцаў. У прыватнасьці там фігуруе прозьвішча Ліліі Кір’як, дырэктара школы № 13 Горадні, якая імкнецца вылучыцца па Гарадзенскай-Цэнтральнай выбарчай акрузе № 51. Дзеючая дэпутатка Ала Сопікава, ініцыятыўная група якой зьбірае подпісы за яе ў Слонімскім і Зэльвенскім раёнах, ― таксама на старонках «ГП».
Да гэтай кампаніі Юргель далучыў і дырэктара Скідзельскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафэсійнага ліцэю, аб якім артыкул у «ГП» зьявіўся 23.07.2016 году. Сяргей Літвін імкнецца стаць кандыдатам у Гарадзенскай сельскай выбарчай акрузе № 53. А на старонках газэты ён нібыта дзеліцца перадавым вопытам рабочых спэцыяльнасьцяў.
Праваабаронца лічыць, што ва ўсіх выпадках незаконна выкарыстаны адміністрацыйны рэсурс з парушэньнем часткі 16 артыкула 13 Выбарчага кодэксу РБ.
У Зэльвенскім раёне мясцовая дзяржаўная газэта на сваіх старонках асьвятляла збор подпісаў толькі дзеючай дэпутаткі Алы Сопікавай. Прадстаўнік ад БНФ Іван Шэга зьвярнуўся зь лістом у рэдакцыю і запытаўся — чаму на старонках газэты нічога ня пішуць пра ягоную ініцыятыўную групу, якая таксама зьбірала подпісы за вылучэньне яго кандыдатам у Зэльвенскім раёне. Атрымаў адказ:
«Паважаны Іван Іванавіч! На ваш зварот паведамляем, што публікацыі ў газэце „Праца“ аб дзейнасьці вашай ініцыятыўнай групы адсутнічаюць па прычыне таго, што Вы не праінфармавалі нас аб правядзеньні пікетаў па зборы подпісаў. Рэдакцыя зэльвенскай раённай газэты „Праца“ гатова да супрацоўніцтва».
На гэта Іван Шэга сказаў Свабодзе:
― У прынцыпе нічога новага, усё як заўсёды. Праўда, я пакуль не кандыдат і таму ніякіх прэтэнзій не выказваю. А далей будзем глядзець, як і наколькі наша раённая прэса дасьведчаная.