Супраць удзельнікаў шэсьця паліцэйскія ўжылі спэцыяльныя сродкі. Многія былі затрыманыя, ёсьць пацярпелыя. Паводле дадзеных Міністэрства аховы здароўя Армэніі, з рознымі цялеснымі пашкоджаньнямі, атрыманымі ў ходзе сутыкненьняў, шпіталізаваныя каля 60 грамадзян.
Прадстаўнік партыі «Спадчына» Армэн Марцірасян сьцьвярджаў, што першыя сутыкненьні з паліцыяй былі справакаваныя паліцыянтамі ў цывільным. Паліцыя абвергла гэтую інфармацыю.
Журналісты армянскай службы Радыё Свабода Карлен Асланян, Аванэс Маўсісян і апэратар Гарык Аруцюнян, якія асьвятлялі сутыкненьні дэманстрантаў з паліцыяй у квартале Сары-Тах, зазналі напад. Як паведамляе Аванэс Маўсісян, людзі ў цывільным без разбору ўсіх білі дубінкамі, зрывалі з журналістаў бэйджы. Тэхніка Свабоды часткова была пашкоджаная, з прычыны чаго тэхнічна стала немагчыма працягваць наўпроставую відэатрансьляцыю.
Пацярпелі таксама журналісты CivilNet.TV і расейскага выданьня «Лайф». Начальнік упраўленьня інфармацыі і па сувязях з грамадзкасьцю паліцыі Армэніі Ашот Агаранян у сваю чаргу заявіў, што ўсе інцыдэнты, зьвязаныя з гвалтам у дачыненьні да прадстаўнікоў СМІ, будуць неадкладна расьсьледаваныя.