У Ерэване ў пятніцу на тэрыторыі захопленага будынка паліцыі адбылася страляніна паміж членамі ўзброенай групы і праваахоўнымі органамі. Тры чалавекі параненыя, паведамляе армянская рэдакцыя Радыё Свабода.
Абодва бакі абвінавачваюць адзін аднаго ў парушэньні часовага перамір’я. Узброеныя людзі сьцьвярджаюць, што страляніна, якую паліцыя магла прыняць за напад, вялася для забесьпячэньня бясьпекі. Захопнікі «стралялі ў бомбу, каб яна ня выбухнула і не нашкодзіла людзям», заявіў член ўзброенай групы Варужан Авэцісян.
17 ліпеня група ўзброеных людзей захапіла будынак палка патрульна-паставой службы з патрабаваньнямі вызваліць каардынатара апазыцыйнай грамадзянскай ініцыятывы «Ўстаноўчы парлямэнт» Жырайра Сэфіляна. У выніку быў забіты палкоўнік паліцыі, чатыры паліцыянты атрымалі раненьні. Нападнікі ўзялі ў закладнікі сем чалавек і ўтрымлівалі іх амаль тыдзень.
Пасьля перамоваў з уладамі члены групы вызвалілі закладнікаў. Узброеная група працягвае заставацца на тэрыторыі захопленага будынка, ачэпленага паліцыяй.