Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Найміты Пуціна: колькі каштаваў «русский мир» пад Дэбальцавам і Пальмірай


«ПВК Вагнэра»
«ПВК Вагнэра»

Пад куратарствам ГРУ Генштабу РФ ужо каля двух гадоў дзейнічае арганізацыя наймітаў — так званая «Прыватная ваенная кампанія Вагнэра». Дэ-факта «ПВК Вагнэра» — гэта засакрэчанае падразьдзяленьне расейскай арміі, байцы якой ваявалі за «русский мир» на Данбасе і ў Сырыі.

Радыё Свабода правяла сваё расьсьледаваньне дзейнасьці «ПВК Вагнэра» і даведалася, што ў шэрагах вагнэраўцаў ваююць і беларусы.

«У гэтай сфэры няма звычаю разносіць чуткі»

Па розных зьвестках, «ПВК Вагнэра» складаецца прыкладна з 600-800 байцоў (на працягу часу лічбы мяняюцца) — то бок, памерам адпавядае батальёну. Падчас баявых дзеяньняў ім надаецца цяжкое ўзбраеньне і бронетэхніка. Трэніровачная база «ПВК Вагнэра» знаходзіцца ў пасёлку Молькіна пад Краснадарам, а побач зь ёй дыслякуецца 10-я брыгада краснадарскага спэцназу ГРУ РФ.

У адрозьненьні ад звычайных баевікоў, што ваявалі за «ДНР-ЛНР», вагнэраўцы не пазіруюць у сацыяльных сетках са зброяй. І на базе ў Молькіна, і падчас баявых дзеяньняў на Данбасе і ў Сырыі вагнэраўцам забаранялася карыстацца тэлефонамі і ноўтбукамі. Калі гэтых байцоў і можна знайсьці ў сацсетках, то зарэгістраваны яны там не пад сапраўднымі імёнамі і звычайна без сваіх фатаздымкаў.

«Паміж сабой мала хто з нас кажа, адкуль мы і называе імя і прозьвішча. Некаторыя толькі выкарыстоўваюць пазыўныя. У гэтай сфэры няма звычаю разносіць чуткі, а пагатоў наконт тых фактаў, што могуць цябе выкрыць», — тлумачыць адзін з суразмоўцаў Свабоды.

Дзьмітры Уткін
Дзьмітры Уткін

Паводле дадзеных піцерскага выданьня «Фонтанка», якое першым даведалася пра існаваньне такога падразьдзяленьня, камандуе «ПВК Вагнэр» 46-гадовы былы падпалкоўнік 2-й асобнай брыгады спэцназу ГРУ Дзьмітры Уткін. Даходзяць чуткі, што Уткін у свой час захапіўся ідэямі Трэцяга Райху — таму і ўзяў сабе пазыўны «Вагнэр» (Рыхард Вагнэр — любімы кампазытар Адольфа Гітлера — РС).

ПВК: белыя, шэрыя і «Вагнэр»

Расейца Сяргея С. можна лічыць сапраўдным «салдатам удачы». Зусім нядаўна ён ваяваў у Сырыі і Іраку, і асаблівасьці бізнэсу прыватных ваенных кампаній ведае добра.

Сяргей С. адзначае, што ў Расеі прыватныя ваенныя кампаніі падзяляюцца на «белыя» і «шэрыя». «Белыя» — гэта, напрыклад, Moran Security Group, «РСБ-Груп» і «Арол-Антытэрор». Гэтыя кампаніі займаюцца кансалтынгам і аховай выключна ў рамках закона, і ніколі ня ўдзельнічаюць у ваенных дзеяньнях, бо найміцтва караецца ў любой краіне.

«Белым і пухнатым патрэбныя прафэсіяналы экстра-клясу з ФСБ, спэцназу ГРУ і г.д. у званьні не ніжэй за прапаршчыка. На сайце ў „РСБ-Груп“ ёсьць вар’яцкая анкета з патрабаваньнямі, дзе трэба сабраць кучу дакумэнтаў, адправіць ім, і ня факт, што з табой зьвяжуцца. Гэта яны так прывучаюць да дысцыпліны, як кажа іх дырэктар», — распавядае ён Свабодзе.

Але ёсьць у Расеі і людзі, якія спэцыялізуецца (зразумела неафіцыйна) толькі на ўдзеле ў баявых дзеяньнях і гатовы ваяваць у любой краіне. Да адной з такіх «шэрых» кампаній мае непасрэднае дачыненьне і Сяргей С.

Патрабаваньні да байцоў у «шэрых» кампаніях простыя — досьвед удзелу ў баявых дзеяньнях. У якасьці заказчыкаў тут звычайна выступаць урады тых краін, дзе ідзе вайна. Звычайна гаворка ідзе пра рэгіёны далёкія ад Расеі — напрыклад, Лібія, Сырыя, Ірак ці афрыканскія краіны.

Вядома, дзейнасьць такіх «шэрых» кампаній магчымая толькі зь ведама расейскіх спэцслужбаў. «ГРУ і ФСБ прыцягвае такія кампаніі як магчымасьць для апэратыўнай працы, а апэратыўная цікавасьць велізарная», — тлумачыць ён.

Аднак Сяргей С. падкрэсьлівае — групоўку «Вагнэра» нельга лічыць ні «белай», ні «шэрай» прыватнай ваеннай кампаніяй.

«Вагнэр» — гэта не ПВК, гэта дзяржава расейская. Зьвярніце ўвагу: там і аплаты, і страхоўкі, — усё, як у ваенных. Я думаю і нават упэўнены, што «Вагнэру» плаціла Міністэрства абароны РФ», — кажа ён.

У гэтым ня сумняваецца Бонда Дароўскіх — расейскі прадпрымальнік, які ў 2014 годзе пад уплывам прапаганды паехаў ваяваць за «ДНР-ЛНР», але расчараваўся, і потым неаднаразова выступаў з публічнай крытыкай сэпаратыстаў і расейскіх уладаў. З часоў Данбасу ў Дароўскіх засталося шмат знаёмых сярод вагнэраўцаў.

«ПВК Вагнэра» — гэта ўнікальная зьява. Нічога падобнага да таго не было. Па-першае, размах беспрэцэдэнтны, па-другое — спосаб арганізацыі. Любы юрыст скажа, што гэта самыя сапраўдныя найміты, бо яны ваявалі на тэрыторыі іншых краін — гэта і Ўкраіна і Сырыя. Гэта найміты пад патранажам дзяржавы», — адзначыў Дароўскіх у інтэрвію Свабодзе.

Бонда Дароўскіх
Бонда Дароўскіх

Дароўскіх перакананы, што «ПВК Вагнэра» — гэта праект ГРУ Генштабу РФ:

«ГРУ непасрэдна курыруе „Вагнэра“. Гэта ж армія фактычна. Калі мы кажам, што іх перакідваюць у Сырыю вялікімі транспартнымі караблямі і ваеннай авіяцыяй — гэта ўжо азначае, што Мінабароны ня проста ў курсе — яны гэтым займаюцца наўпрост».

Бухгальтэрыя наймітаў

Падчас падрыхтоўкі на базе ў Молькіне шараговыя байцы «Вагнэра» атрымлівалі 80 тысяч расейскіх рублёў (больш за 1.200 даляраў) у месяц. Зьвесткі аб заробках падчас баёў у Сырыі паводле розных крыніц трохі адрозьніваюцца: паводле мінімальных ацэнак, шарагоўцы атрымлівалі 240 тысяч рублёў (каля 3.700 тысяч даляраў), але з рознымі бонусамі і прэміяльнымі гэтая лічба магла дасягаць 450 тысяч рублёў (мала не 7 тысяч даляраў).

«Аплата там вялікая. Бонусы за ўзяцьце Пальміры ў камандзіраў узводаў да 800 тысяч даходзіла, камандзіраў рот — да 1,5 мільёнаў», — расказвае Дароўскіх.

Ілюстрацыйнае фота. Сырыйскі горад Пальміра
Ілюстрацыйнае фота. Сырыйскі горад Пальміра

Паводле інфармацыі Сяргея С., на Данбасе шараговыя вагнэраўцы атрымлівалі менш, чым у Сырыі — па 90 тысяч расейскіх рублёў у месяц. Але гэта ўсё роўна непараўнальна больш за тое, што мелі звычайныя «апалчэнцы».

«Некаторым людзям падабацца ваяваць, а калі за гэта яшчэ і плацяць добрыя грошы, то ўвогуле ўсё складваецца ўдала», — камэнтуе сытуацыю Сяргей С.

Паводле інфармацыі піцерскага выданьня «Фонтанка», да фінансаваньня «ПВК Вагнэра» мае дачыненьне расейскі алігарх Яўген Прыгожын. Але суразмоўцы Свабоды ня схільныя перабольшваць значэньне гэтай фігуры: калі ён зьвязаны з праектам «ПВК Вагнэра», то знаходзіцца там на другасных ролях.

«Беларусы адзначыліся як добрыя спэцыялісты»

Адбор байцоў у «ПВК Вагнэра» ніколі ня быў жорсткім. У 2014 годзе, калі падразьдзяленьне толькі зьявілася, людзей, як кажуць, «туды ледзь не на вуліцы запісвалі».

«Там ваяваў народ хвацкі. Пазьней сталі некага адбіраць, а так з судзімасьцю бралі — і за рабаваньне, і за забойства», — кажа Сяргей С.

Потым, калі стала вядома пра добрыя заробкі вагнэраўцаў, трапіць у «ПВК» стала больш складана, але і падчас Сырыі там хапала людзей з крымінальным мінулым. У «ПВК Вагнэра» нямала і замежнікаў — у асноўным з славянскіх краін.

Пацьверджаньне інфармацыі, што ў ПВК «Вагнэра» ваююць у тым ліку і беларусы Свабода атрымала з некалькіх крыніц.

Першыя сьведчаньне аб тым, што ў шэрагах вагнэраўцаў у Сырыі ваявалі грамадзяне Беларусі Свабода атрымала яшчэ ў траўні ад баевіка Аляксандра Шаянава.

Аляксандар Шаянаў
Аляксандар Шаянаў

«Я нават ведаю хлопцаў-беларусаў, якія пасьля Данбасу паехалі ў Сырыю ваяваць. Яны паехалі ад прыватных ваенных кампаніяў, а каб ім не плаціць, іх проста за дзень да завяршэньня кантракту спэцыяльна падставілі пад агонь. Вось у мяне адзін таварыш загінуў так, другі быў паранены», — паведаміў ён тады ў інтэрвію Свабодзе.

Сяргей С. гісторыю пра тое, як вагнэраўцаў «спэцыяльна падставілі пад агонь» лічыць неверагоднай. Але ў тым, што беларусы ваявалі ў «Вагнэра», не сумняваецца. «Сярод шараговых байцоў ёсьць хлопцы з-за мяжы. Менавіта зь беларусамі я асабіста не сутыкаўся, але яны, вядома, ёсьць. Таксама, як і з Украіны», — кажа ён.

Бонда Дароўскіх у сваю чаргу сьцьвярджае адназначна: беларусы ў «Вагнэра» служылі, прычым мелі вельмі добрую рэпутацыю.

«Так, беларусы былі. Дарэчы, адзначыліся як добрыя спэцыялісты — у адрозьненьні ад многіх алкашоў і нядбайных, каго пазьней моцна штрафавалі на грошы».

Між тым суразмоўцы Свабоды ня маюць дакладнай інфармацыі, колькі беларусаў служылі ў «ПВК Вагнэра» і ня могуць назваць іх імёны.

«Вагнэр» — мясьнік

Паводле інфармацыі «Фонтанки», шмат хто з вагнэраўцаў атрымаў за сваю працу наймітам дзяржаўныя ўзнагароды РФ — мэдалі «За адвагу» і ордэны «Мужнасьці». А за ўзяцьце Пальміры некалькі вагнэраўцаў былі нават прапанаваны на званьне Герояў Расеі.

Менавіта вагнэраўцы ў сакавіку 2016 году непасрэдна прымалі ўдзел ва ўзяцьці сырыйскага гораду Пальміры, што расейскія СМІ падалі як вялікую ваенную перамогу (афіцыйна РФ прызнавала толькі ўдзел сваёй авіяцыі ў гэтай апэрацыі).

Ілюстрацыйнае фота. Расейскія вайскоўцы ў сваім ваенным лагеры ў Пальміры, 5 траўня 2016 году
Ілюстрацыйнае фота. Расейскія вайскоўцы ў сваім ваенным лагеры ў Пальміры, 5 траўня 2016 году

«Пальміру бралі вагнэраўцы, а за імі ішла сырыйская армія. Бралі так, як у 40-х гадах, ледзь не ў штыкавыя хадзілі. Шмат людзей загінула. Дакладнай колькасьці я ня ведаю. Але, што з роты з 90 чалавек менш як за месяц засталося 20 чалавек — гэта факт. Людзі складалі зброю і зьяжджалі. Дарэчы сказаць, з тых, хто вярнуўся, мала ахвочых зноў супрацоўнічаць з „Вагнэрам“. Усе шукаюць іншыя ПВК. Кажуць, што „Вагнэр“ — мясьнік», — распавядае Сяргей С.

Паводле інфармацыі Бонда Дароўскіх, забітымі ЧВКашнікі (ЧВК — ад «частная военная компания» — РС) страцілі пад Пальмірай ня больш за 40 чалавек, але параненых было значна больш. «Наконт таго, што было, кажуць рознае. Некаторыя кажуць, што было лёгка браць Пальміру, бо была авіяцыя, а іншыя, што выехалі выключна на маральна-валявых», — распавядае ён.

«Нядаўна размаўляў з адным баявым афіцэрам, — працягвае Дароўскіх, — Ён сказаў мне, што „Вагнэра“, па-харошаму, трэба проста застрэліць, бо дарма губіць людзей».

Рэпутацыю «мясьніка» «Вагнэр» атрымаў яшчэ на Данбасе, сьцьвярджае Аляксандар Е., які ў 2014 годзе асабіста ваяваў у шэрагах «ПВК Вагнэра» супраць украінскіх войскаў. Запісаўся ў «ПВК» ён у Растове (базы ў Молькіне тады яшчэ не было) і разам са сваёй групай паехаў на вайну.

Трэба адзначыць, што на Данбасе «ПВК Вагнэра» ваявала ня ў якасьці адзінага падразьдзяленьня, а асобнымі групамі, якія выконвалі асаблівыя заданьні. Група наймітаў, да якой належаў Аляксандар Е. мела на ўзбраеньні нават артылерыю.

«У 2014 годзе „Вагнэр“ быў усяго толькі пасярэднікам паміж намі і заказчыкамі, і кіраваў апэрацыямі. У яго было сваё падразьдзяленьне. Дык вось за дзьве апэрацыі ў яго з 100 чалавек 48 — „200-х“ і „300-х“. Як вы думаеце, якая рэпутацыя тут будзе? „Мясьнік“ ён! Людзей не шкадуе», — распавядае Свабодзе Аляксандар Е.

«Найміты значна выгадней ураду, чым шараговыя кантрактнікі»

Значную частку вагнэраўцаў у Сырыі складаюць людзі, якія ваявалі на Данбасе — для іх гэта была выдатная магчымасьць добра зарабіць. Баявік «ЛНР» зь Расеі Павал Ш. ледзь ня зьехаў у Сырыю ў сьнежні 2015 году.

Павал Ш.
Павал Ш.

«Выйсьці на „Вагнэра“ было нескладана. Дастаткова было падысьці да свайго ротнага або камбата і сказаць, што хочацца ў Сырыю, што грошай няма. Бо як правіла „апалчэнцам“ не плацілі, а калі і плацілі, то невялікія сумы. Шмат у каго, асабліва ў карэнных жыхароў Данбасу, не хапала грошай сваю сямʼю пракарміць, і яны згаджаліся ехаць у Сырыю», — распавёў ён у размове з карэспандэнтам Свабоды.

На Данбасе набор наймітаў адбываўся ў Краснадоне (Луганская вобласьць). Прынамсі ў канцы 2015 году, як распавядае Павал Ш., ЧВКашнікаў там набіралі невялікімі групамі — 20-25 чалавек. Гэтыя групы далей адпраўлялі ў Краснадарскі край, а ўжо адтуль — у Сырыю.

«Бяруць толькі тых, хто ваяваў. Але якія ваявалі ня ў тым сэнсе, што ты сядзеў у акопе (бо асноўная вайна на Данбасе — гэта ўсё ж такі абстрэлы, дыстанцыйны бой), а ў тым сэнсе, што ўжо забіваў у стралковым баі — то бок, ня будзеш „ачкаваць“. Кантракт трэба было заключаць у Краснадоне. Калі цябе ўсё задавальняе, то падпісваеш два кантракты. Пасьля падпісаньня табе даюць 40 тысяч рублёў», — расказвае ён.

У Краснадоне Паўлу прапаноўваўся кантракт на 3 месяцы: адзін месяц — гэта навучэньне на базе (80 тысяч рублёў), два астатніх — камандзіроўка ў Сырыю (па 120 тысяч рублёў кожны месяц). Асобна прапісвалася кампэнсацыя за раненьне і сьмерць. (Гэтыя лічбы істотна адрозьніваюцца ад тых, якія называюць іншыя крыніцы Свабоды, але сам Павал Ш. не выключае, што для розных груп існавала розная шкала аплаты).

Вайна ў Сырыі. Ілюстрацыйнае фота
Вайна ў Сырыі. Ілюстрацыйнае фота

Павал Ш. у апошні момант адмовіўся падпісваць кантракт — яго ўсё ж зьбянтэжыла відавочная незаконнасьць таго, што адбывалася. «Я думаю, што калі Пуціна ня будзе, дык усё гэта дарма ня пройдзе — артыкул аб найміцтве ніхто не касаваў», — кажа расейскі баявік.

«Потым я даведаўся, што 2 групы (18 і 20 чалавек), якія яны тады набралі перад Новым годам, былі вернутыя. Яны месяц на базе прастаялі, але іх ня ў Сырыю, а назад на Данбас вярнулі. Набіраліся групы для прарыву ўмацаваных украінскіх пазыцый — менавіта як мяса», — распавядае Павал Ш.

Паводле інфармацыі Паўла Ш., перад тым як зрабіць стаўку падчас наземнай апэрацыі ў Сырыі на ЧВК-ашнікаў, расейская армія атрымала там адчувальныя страты.

«Я ведаю, што спачатку ў Сырыю адправілі дзьве роты расейскай арміі — па-мойму, з Чачні і Інгушэціі. Гэта быў першы заход, і ён быў вельмі няўдалы — там амаль 90% вярнуліся ў цынку (пацьвярджэньня гэтай інфармацыі зь іншых крыніц на дадзены момант няма — РС). Я так зразумеў, іх у мясарубку кінулі. Пасьля гэтага пастанавілі кадравыя часткі ў бой не пускаць, а адпраўляць ЧВКашнікаў. Бо калі ідуць трупы, то Мінабароны павінна неяк тлумачыць, адкуль яны. Зразумейце, найміты значна выгадней ураду, чым шараговыя кантрактнікі», — кажа ён.

Упершыню з вагнэраўцамі Павал Ш. сутыкнуўся падчас бітвы пад Дэбальцавам у пачатку 2015 году.

«Я прыехаў на Данбас падчас Дэбальцава. Імя „Вагнэра“ было чуваць, усе яго ведалі. Ведалі, што ён прывёз ЧВКашнікаў. Яны стаялі недалёка ад нас — група каля 100 чалавек. Падчас Дэбальцава плацілі ім па 10 тысяч рублёў за дзень. Праўда, з той групы практычна нікога не засталося. Ня ведаю, чаму яны не захацелі абкопвацца, але іх проста вывелі ў поле, сказалі чакаць, а потым накрылі зь мінамётаў — практычна нікога не засталося.

Ну, загінулі і загінулі — гэта ж ЧВКашнікі. А расейскія вайскоўцы, якія непасрэдна ўдзельнічалі ў баях з украінскай арміяй (там заходзіла расейскае войска без нашывак), калі ўкраінцы амаль да Краснадону дайшлі — мне казалі, што недзе ў раёне 800 чалавек тады загінулі. Гэтыя страты сьпісалі на суіцыды, бо яны ж ня могуць сказаць, што тыя ўдзельнічалі ў вайне ў Украіне, таму што Расея афіцыйна з Украінай не ваюе. Так, расейская армія на Данбасе ваявала пад выглядам апалчэнцаў, але мы выкарыстоўвалі невялікі спэктар нашых магчымасьцяў. Бо калі б была паўнавартасная вайна з авіяцыяй, то Украіну заваявалі б за некалькі дзён», — кажа баявік.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Сярод «апалчэнцаў» на Данбасе вельмі папулярная вэрсія, што байцы «Вагнэра» займаліся ліквідацыяй шэрагу палявых камандзіраў сэпаратыстаў — «Бэтмэна», Мазгавога, Дрэмава і інш. Гэтую вэрсію Павал Ш. пацьвердзіць ці абвергнуць не бярэцца:

«Праўду вам тут наўрад ці нехта скажа. Усе гэтыя людзі былі вельмі моцна не даспадобы Платніцкаму (кіраўнік „ЛНР“ — РС). Можа Платніцкі і наняў людзей „Вагнэра“, але зразумела, каму гэта было патрэбна. Ну гэта, як зразумела, што Паліткоўскую забілі з-за Пуціна. Самому „Вагнэру“ дакладна ніхто з гэтых палявых камандзіраў нічога не зрабіў, асабістай цікавасьці ў яго тут не было».

Амаль усе крыніцы кажуць пра тое, што вагнэраўцаў з Сырыі ўжо вывелі. Між тым, Павал Ш. сьцярджае, што цяпер у Сырыю едзе новая група наймітаў (у тым ліку ягоны сябар) — праўда, ён ня ўпэўнены, што менавіта да «Вагнэра».

«Мае знаёмыя, якія былі ў Сырыі, задаволены, ім усё падабаецца. Гэта як 2014 год на Ўкраіне. Хочаш машыну — выйшаў, адабраў машыну. Хочаш дом — выйшаў, перастраляў усіх (ну калі гэта ўкропы) і жывеш у гэтай хаце. Парадак сталі наводзіць толькі ў чэрвені 2015 году. А да гэтага амаль паўтара года можна было забіваць і рабіць што хочаш», — распавядае ён.

Праект «ПВК Вагнэра» згортваюць?

«Дарэчы, гэта кантора зачыняецца, — распавядае Сяргей С., — 16 чэрвеня быў збор у Молькіне тых, хто быў у адпачынках. Дык вось, аплаты больш няма, і „Вагнэр“ зачыняецца — прынамсі, у той якасьці, што быў у Молькіне».

Паводле інфармацыі крыніц Свабоды, цяпер вагнэраўцы ў асноўным знаходзяцца ў Расеі, у адпачынку. З Сырыі наймітаў пачалі выводзіць яшчэ пасьля ўзяцьця Пальміры.

Чуткі, з чым зьвязана згортваньне праекту «ПВК Вагнэра», ходзяць розныя. Некаторыя тлумачаць гэта канкурэнцыяй ГРУ і ФСБ, у якой быццам бы ёсьць і свае «ПВК». Іншыя кажуць, што ў «ПВК Вагнэра» зьнікла вялікая сума грошаў. Але найбольш верагоднай вэрсіяй бачыцца тое, што надта шмат людзей даведаліся пра дзейнасьць вагнэраўцаў.

«Я думаю, што закрыцьцё „ПВК Вагнэра“ зьвязана ўсё-такі з тым, што яны занадта моцна засьвяціліся, — кажа Дароўскіх, — Многія сумняваюцца, што сам „Вагнэр“ наогул калі-небудзь зьявіцца. Калі гэта падразьдзяленьне і захаваецца, то там будзе іншы камандзір і іншае месца дысьлякацыі. Але ўсе згодны з тым, што тут вялікая палітыка».

Сяргей С. мяркуе, што праект «ПВК Вагнэра» хутчэй проста зьменіць шыльду, але ад самой ідэі выкарыстоўваньня наймітаў улады не адмовяцца.

«Нічога нікуды ня дзенецца. Як кажуць у Сырыі, ІДзІЛ будзе заўсёды, толькі трансфармуецца ў нешта іншае. Думаю, і тут гэтак жа».

Бонда Дароўскіх з гэтым згодны:

«Сабраць людзей асаблівай праблемы няма — галоўнае, каб было фінансаваньне. А людзей шмат будзе, пагатоў за такую зарплату. Пасьля Данбасу, дзе ваявалі каля 30-40 тысяч расейцаў, адбою ня будзе ад жадаючых».

Свабода працягне расьсьледаваньне дзейнасьці «ПВК Вагнэра» і ўдзелу ў ім беларусаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG