Пакуль на футбольных палях Францыі адбываецца галоўная дзея чатырохгодзьдзя, куды беларуская нацыянальная каманда толькі марыць патрапіць, айчынная Фэдэрацыя футболу занялася пачэснай справай. Па прыкладу іншых эўрапейскіх краін яна шукае народны брэнд для зборнай Беларусі. Каб, як там у клясыка, «людзьмі звацца».
Згадаем назовы іншых зборных: Італія – Лазурная эскадра, Гішпанія – Чырвоная фурыя, Нідэрлянды – Лятучыя галяндцы альбо Аранжавыя, Францыя – Трохкалёрныя, Швэцыя – Тры кароны, Партугальцы – Зборная шчытоў – дзякуючы эмблеме нацыянальнай фэдэрацыі футболу, Славакія – Сокалы, Македонія – Чырвоныя рысі і г.д.
– Давайце падумаем! – заклікае беларуская Фэдэрацыя. Ці варта нам прыдумаць нешта больш цікавае, чым проста Зборная, бо Зборную трэба прапаноўваць яе патэнцыйнаму заўзятару. Тым больш — спонсару і рэклямадаўцу. Прыдумляць нейкую атрыбутыку й сувэніры. Добра, калі заміж маркетынгавых легендаў ёсьць сапраўдныя — у выглядзе перамог, а калі іх няма? – задаецца рытарычным пытаньнем Фэдэрацыя й прапаноўвае магчымыя варыянты для галасаваньня ў інтэрнэце:
Нацыянальная зборная Беларусі па футболе: хто мы? Шукаем разам з АБФФ народны брэнд:
Белыя Крылы
Белыя Росы
Бульбашы
Змагары
Зубры
Крывічы
Партызаны
Сябры
Тутэйшыя
Харугва
няма годных
Акцыя стартавала ў пачатку чэрвеня.
Ня ведаю, чые галовы складалі сьпіс магчымых назваў, але бачна, што гэтыя галовы доўга й напружана, я б сказаў нават – пранізьліва думалі, уключаючы ў выкладзеныя варыянты «народных брэндаў» такія, як «Бульбашы» альбо «Тутэйшыя». Мне так і ўяўляецца, як падобную практыку падхопліваюць іншыя краіны.
Украінская фэдэрацыя прапаноўвае назваць сваю зборную – хахламі, расейская – маскалямі, літоўская – лабусамі, польская – пшэкамі, італійская – макароньнікамі…
Цяпер, як вы думаеце, хто паводле «народнага волевыяўленьня» склаў тройку лідэраў? Не сумнявайцеся: 1 Бульбашы 2 Тутэйшыя 3 Няма годнай назвы.
Праўда, тыя, хто пайшоў далей, чым проста «па прыколу» націснуць кнопку на зьневажальнай назьве, сваімі допісамі й камэнтамі прымусілі Фэдэрацыю рэагаваць:
«Пакуль будуць называць свой народ бульбай, у яго ня будзе будучыні».
«Яшчэ мне очань нравiца слова "тубыльцы”».
«У любога народа ёсьць характэрныя і рамантычныя легенды. Падобна на тое, толькі мы скатваемся да прымітыўна-прыніжальных "бульбашоў" і "бульбасікаў”».
«Колькі ж у нас быдла, тых, хто галасуе за бульбашоў, пара аб'яднацца і даць адпор, шмат годных варыянтаў: "Харугва", "Белыя крылы", і т.д. Выбіраем "Зуброў" мэтадам выключэньня, перавага павінна быць адчувальная».
«Толькі – лапці!!!»
«Дранікі – нармальна».
Фэдэрацыя апраўдваецца:
«Пакуль лідэр назва "Бульбаш", і гэта фаварыт грамадзкай думкі. Але задумайцеся і пагадзіцеся, што гэта класная і бяскрыўдная мянушка, якой абавязкова назавуць вас у краінах былога Саюзу часьцей са станоўчымі эмоцыямі, усё ж мае трошачкі прыніжальны сэнс, зводзячы ўяўленьне аб нашай галоўнай футбольнай зборнай і пра беларусаў да вельмі вузкай гастранамічнай асаблівасьці. А як жа "сьвежына" і "скваркi”?»
Усё ў гэтай праблеме настолькі красамоўнае, што дадаць нешта складана. Але варта зазначыць, што любая нацыянальная каманда наўпрост зьвязаная з тымі дзяржаўнымі сымбалямі, што рэпрэзэнтуюць яе ў сьвеце. Што там выяўлена на нашым сучасным гербе як выключна беларускае? Жыта, бульба, лён і чырвоная зорка. Так што маем тое, што маем.
Адно радуе, што нягледзячы ні на што й насуперак усяму падгадавалася генэрацыя, якая прымушае шанаваць сябе як асобу і сваю краіну – як міжнародны суб'ект. Якая прымушае дзяржаўную арганізацыю задумвацца над сваімі дзеяньнямі й выпраўляць відавочныя хібы.
Пасьля чарговага галасаваньня ў інтэрнэце, ужо чацьвёртага, «Бульбашы» дзеляць лідэрства з «Зубрамі». Думаю, пасьля ўсіх віхураў з нагоды і пры спрыяньні ініцыятараў акцыі «Зубры» ўсё ж перамогуць. Але гэта той максымум, на які здольнае нашае грамадзтва на сёньня.
Гэта ня мала. Патэнцыйныя брэнды накшталт – «Белыя рыцары», «Сінявокая дружына», «Лясныя браты», «Вершнікі», «Белыя крылы» маюць пэрспэктыву тады, калі памяняюцца сёньняшнія дзяржаўныя сымбалі. Пакуль змагаемся й перамагаем «бульбашоў». На гэтай не мінорнай ноце варта было б закончыць, але яшчэ адна цытата:
«Лічу, што нашая каманда павінна назвацца проста зборная Беларусі па футболе. Хоць я не знаходжу крыўдным вызначэньне "бульбашы”».
Пасол Рэспублікі Беларусь у Францыі Павел Латушка.
Гэтыя словы прагучалі ў адкрытай піўзаводам «Аліварыя» футбольнай фан-зоне Эўра 2016.
Гэта той самы былы міністар культуры Беларусі, які сапраўды шмат зрабіў для нашай культурнай спадчыны, які сапраўды шануе беларускую мову.
Так і хочацца ўявіць, як шаноўны пасол запрашае на беларускія імпрэзы ў Францыі францускіх грамадзянаў, ужываючы «бяскрыўдную» мянушку французаў:
– Шаноўныя «лягушатнікі», наведайце выставу беларускай культуры, «бульбашы» будуць вам вельмі радыя.
Як сказаў бы аўтар неўміручых фразэалягічных абаротаў нябожчык Віктар Чарнамырдзін:
– Так многа хочацца сказаць, але словаў няма!
Ад сябе толькі дадам: Карл!