Дзяржаўныя СМІ распаўсюдзілі 17 чэрвеня «Асноўныя палажэньні праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусь на 2016-2020 гады», якая мае быць ухваленая на пятым Усебеларускім народным сходзе. Афіцыйныя СМІ для прапаганды праграмы называюць яе савецкім азначэньнем «пятая пяцігодка».
Чытайце таксама: 13 прызнаных правалаў і 8 з паловай дасягненьняў «чацьвёртай пяцігодкі»
Свабода вылучыла асноўныя пункты праграмы.
У прэамбуле да праграмы гаворыцца пра глябалізацыю, інтэрнэт, пераход ад індустрыяльнай эканомікі да «эканомікі ведаў», ператварэньне сельскай гаспадаркі ў высокатэхналягічную сфэру, дыстанцыйную адукацыі і магчымасьць стварэньня штучнага інтэлекту. Гэта, на думку аўтараў дакумэнту, дае Беларусі шанец хутка збудаваць новыя галіны эканомікі і разьвіваць Беларусь не ў напрамку застою і стагнацыі, а ў напрамку прагрэсу.
Да канца 2020 года плянуецца:
— Рост працягласьці жыцьця да 75,3 год (на 2015 год 70,3 года), зьніжэньне дзіцячай сьмяротнасьці да 40,5 выпадкаў на 100 тысяч дзяцей, падвышэньне каэфіцыенту нараджальнасьці з 12,5 да 13 праміле, стабілізацыя колькасьці насельніцтва на ўзроўні 9,5 млн чалавек.
— Рост ВУП на 12-15%, рост вытворчасьці прамысловай прадукцыі на 9,1-15,2%.
— Зьніжэньне інфляцыі да 5%, спыненьне росту цэнаў.
— Рост рэальных грашовых прыбыткаў грамадзян на 9,5-11,6%, падвышэньне заробкаў бюджэтнікаў да 80% сярэдняй зарплаты, падтрыманьне пэнсіяў на ўзроўні не ніжэй за 40% ад сярэдняй зарплаты, аптымізацыя функцыяў і колькасьці бюджэтнікаў, набліжэньне да бюджэту пражытачнага мінімуму мінімальнай велічыні пры налічэньні ставак, усталяваньне мінімальнай зарплаты на ўзроўні мінімальнага спажывецкага бюджэту на аднаго чалавека ў сямʼі з чацьвярых, захаваньне ўзроўню малазабясьпечанага насельніцтва ў межах да 5,5%.
— Бездэфіцытны бюджэт. Збалянсаваць бюджэт бяз росту падатковай нагрузкі, захаваць «сацыяльную скіраванасьць» бюджэтных выдаткаў, павялічыць выдаткі на «інавацыйнае разьвіцьцё», пераход да плянаваньня бюджэту на тры гады.
— Стварэньне новых працоўных месцаў, прынамсі 50 тысяч штогод, пераход ад палітыкі захаваньня працоўных месцаў да палітыкі максымальнага эфэкту ад рабочага месца, перанакіраваньне працоўнай сілы на сэктары эканомікі, што растуць, у тым ліку ў высокатэхналягічную і навукаёмістую сфэры, утрыманьне афіцыйнага беспрацоўя ў межах 2%.
— Стварэньне паўнавартаснага фінансавага рынку і лібэралізацыя валютнай сыстэмы, зьніжэньне кошту банкаўскіх паслугаў, зьніжэньне стаўкі па крэдытах да 9-11%.
— Захаваньне падатковай нагрузкі на ўзроўні 26% ВУП (на 2015 год 25,6%), мараторый на «пагаршэньне» падатковага заканадаўства.
— Рост экспарту на 21-25% і пастаўка на экспарт прынамсі 65% вырабленай прамысловай прадукцыі, выхад на новыя рынкі, перавышэньне тэмпаў росту экспарту над імпартам, пашырэньне сувязяў з WTO, рост экспарту ў Эўразьвяз і разьвіцьцё інтэграцыі ў ЭАЭС, дывэрсыфікацыя экспарту, актывізацыя эканамічнага ўзаемадзеяньня з Азіяй, Лацінскай Амэрыкай, Бліжнім Усходам, Афрыкай, Кітаем і Індыяй.
— Фінансавае аздараўленьне прадпрыемстваў і сельскай гаспадаркі, ліквідацыя дэфіцыту абаротных сродкаў, прыцягненьне інвэстараў (супольныя праекты з Кітаем на $100 млн на год на кожны зь сямі рэгіёнаў), пераабсталяваньне вытворчасьцей, зьніжэньне выдаткаў на выпуск прадукцыі, аптымізацыя з улікам попыту на прадукцыю, прырост штогадовай выручкі ад рэалізацыі прадукцыі на $600 млн, стварэньне прынамсі 3500 працоўных месцаў у аграбізнэсе, нарошчваньне экспарту харчоў да 7,5 млрд даляраў.
— Абнаўленьне сыстэмы кіраваньня эканомікай, скарачэньне залішніх органаў дзяржаўнага кіраваньня, фармаваньне «кампактнага» ўраду, узмацненьне пазыцыяў Нацыянальнага сходу на міжнароднай арэне.
— Прыватызацыя дзяржаўнай маёмасьці: перадача нестратэгічных прадпрыемстваў у камунальную ўласнасьць, актывізацыя малой і сярэдняй прыватызацыі, выпуск акцыяў найбуйнейшых кампаніяў на біржы Лёндану, Нью-Ёрку і Франкфурту, прадстаўленьне міністрам, аблвыканкамам і менскаму гарвыканкаму дадатковага права на адчужэньне часткі акцыяў дзяржпрадпрыемстваў і іншае.
— Рэалізацыя 80 буйных інвэстыцыйных праектаў на $27 млрд, 20 ключавых дзяржаўных праграм. У ліку інвэстыцыйных праектаў БелАЭС, вытворчасьць аўтамабіляў «БелДжы», кітайска-беларускі індустрыяльны парк, горна-ўзбагачальныя комплексы на Петрыкаўскім і Старобінскім месцах заляганьня, завод сульфатнай белай цэлюлёзы ў Сьветлагорску, завод мэталічнага ліста і белай бляхі, комплекс «Менск-Мір».
— Будаўніцтва АЭС, мінімізацыя імпарту электраэнэргіі, скарачэньне выкарыстаньня прыроднага газу на 1,5 млн тонаў, дасягненьне глыбіні перапрацоўкі нафты ў 90% па кожным заводзе, падвышэньне мясцовых відаў паліва 52%.
— Пабудова 18 млн м² жытла, падвышэньне забясьпечанасьці жытлом з 26,5 м² да 27,3 м² на чалавека, забудова «гарадоў-спадарожнікаў», падтрымка індывідуальнага будаўніцтва), льготнае будаўніцтва жытла, «магчымасьць для кожнай сямʼі збудаваць свой дом ці кватэру», падвышэньне абʼёмаў капітальнага рамонту жытла да 3% на год.
— Пабудова 1000 км рэспубліканскіх дарогаў (удвая больш за мінулую пяцігодку), разьвіцьцё транзытнай прывабнасьці і «індустрыі гасьціннасьці».
— Разьняволеньне прадпрымальніцкай ініцыятывы праз пашырэньне дзяржаўнай падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, падвышэньне эфэктыўнасьці бюджэтна-падатковай і грашова-крэдытнай палітыкі, увядзеньне адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасьці за ўмяшаньня кантралюючых органаў у законную дзейнасьць, зьніжэньне штрафаў за нязначныя парушэньні, спрашчэньне справаздачнасьці; сыстэма ацэнкі наступстваў ад прыняцьця законаў па прадпрымальніцтве, увядзеньне падатковых кансультантаў і іншае, падвышэньне гандлёвых плошчаў з 551 м² да 620 м² на 1000 чалавек.
— Стварэньне сучаснай тэлекам-інфраструктуры, запуск пілётных зонаў 5G, ахоп інтэрнэтам 80% хатніх гаспадарак, стварэньне электроннага ўраду, будоўля новых кватэраў з сыстэмай «Разумны дом», шырокае выкарыстаньне электронных падручнікаў і дзёньнікаў, пераход да земляробства з аўтаматызаванымі сыстэмамі збору інфармацыі і кіраваньня працэсамі.
— Падвышэньне долі высокатэхналягічных відаў дзейнасьці з 3,2% да 4-6% вытворчасьці. Выпуск новых лекаў і складанай мэдычнай тэхнікі, паскоранае разьвіцьцё фатонікі, вытворчасьці электратранспарту, новых канструкцыйных матэрыялаў, бесьпілётнікаў і іншага.
— Падвышэньне колькасьці людзей, якія займаюцца фізкультурай і спортам, да 25%, падтрымка спартовага рэйтынгу Беларусі па алімпійскіх дысцыплінах на ўзроўні не ніжэй за 25 месцаў штогод,
— Рэстаўрацыя помнікаў архітэктуры са сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцей да ўзроўню 30% адрэстаўраваных зь цяперашніх 15%.
— Гарантыя працоўнага месца выпускнікам, дапаўненьне дзейнай сыстэмы праз спрыяньне занятасьці ў малым і сярэднім бізнэсе, гранты на навучаньне ў замежных адукацыйных цэнтрах пры ўмове далейшай працы ў Беларусі; сыстэма незалежнай ацэнкі якасьці сярэдняй адукацыі.