Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усебеларускі сэанс псыхатэрапіі


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Калі сачыць за дзяржаўнымі мэдыямі, то самае галоўнае пытаньне бягучага грамадзкага парадку дня — гэта Ўсебеларускі народны сход (УНС). Па ўсёй краіне адбываецца вылучэньне дэлегатаў на згаданы форум. Палітычная кампанія набывае абароты, і такое ўражаньне, што насельніцтва больш нічога і не цікавіць.

Ня толькі людзі, не знаёмыя зь беларускімі рэаліямі, але і тутэйшая палітызаваная публіка гадае: навошта гэта трэба Лукашэнку? Прэзыдэнцкія выбары даўно прайшлі, мандат атрыманы, ўвосень выбары ў Палату прадстаўнікоў, легітымнасьць улады ніхто ўсурʼёз не аспрэчвае (апазыцыя ня лічыцца, яе ўплыў у грамадзтве працягвае падаць).

Каб адказаць на пастаўленае пытаньне, трэба разумець генэзіс, прыроду, ідэалягічны канструкт рэжыму Лукашэнкі.

Першы УНС адбыўся ў 1996 годзе. Ён стаў пэўным інструмэнтам у барацьбе Лукашэнкі зь Вярхоўным Саветам 13-га скліканьня за аднаасобную ўладу. У памяці яшчэ была жывая ашаламляльная перамога на выбарах 1994 году, калі просты дырэктар саўгаса нечакана пераканаўча перамог знаных палітычных зуброў. Тады Лукашэнка зьбіраў цэлыя стадыёны, людзі сапраўды ішлі паглядзець на народнага змагара і зацятага барацьбіта з карупцыяй і намэнклятурай.

Гэта тады сфармаваўся вобраз і стыль, які моцна ўплывае і на сёньняшнія палітычныя рашэньні. «Я ня зь левымі і ня з правымі, я з народам», — вяшчаў Лукашэнка падчас свайго трыюмфу. Ён бэсьціў усе дзяржаўныя і палітычныя інстытуты, апэляваў празь іх галовы наўпрост да электарату. У ходзе тых першых прэзыдэнцкіх выбараў быў створаны вобраз «народнага», «усенароднаабранага» правадыра, «бацькі» нацыі. І тады ж пачаў фармавацца ідэалягічны канструкт, паводле якога Лукашэнка адлюстроўвае інтарэсы ўсяго беларускага народа, таму апазыцыі ў краіне проста ня можа быць паводле азначэньня, ёсьць толькі купка «адмарозкаў», «пятая калёна».

І тут узьнікла прынцыповая супярэчнасьць. Лукашэнка стаў прэзыдэнтам у краіне, у якой дзейнічалі іншыя дзяржаўныя інстытуты, функцыянавала сыстэма стрымліваньняў і процівагаў.

Ён разумеў сваю перамогу як мандат ад народа рабіць усё, што захоча. А тут высьветлілася, што існуюць нейкія законы, працэдуры, абмежаваньні.

Парлямэнт апынуўся ў мяккай апазыцыі, Канстытуцыйны суд пачаў адмяняць прэзыдэнцкія ўказы.

І тады Лукашэнка ўжыў свой забойны аргумэнт. Ён зноў зьвярнуўся наўпрост да народу. І мэханізмамі такой апэляцыі былі рэфэрэндумы і УНС.

Усебеларускі народны сход добра ўпісваўся ў лукашэнкаўскую канцэпцыю народаўладзьдзя, адносіны «бацькі» з народам. Бо для арганізацыі гэтага форуму, які нібыта прадстаўляе ўсё насельніцтва, не патрэбныя ніякія законы, рэглямэнты, працэдуры. Заканадаўча правядзеньне УНА ніяк не рэгулюецца. Поўная свабода, ніякіх абмежаваньняў, каго хочаш, таго і прызначай у якасьці народных прадстаўнікоў. УНС абвяшчаецца вышэйшым дзяржаўным органам, ягоныя рашэньні атрымліваюць вышэйшую сілу. Бо народ, ад імя якога выступае сход, — вышэйшы судзьдзя, ён заўсёды мае рацыю. Vox populi vox Dei.

Думаю, Лукашэнка і сам верыў у гэтую прыгожую казку. Але зусім без парлямэнту і Канстытуцыйнага суду, мясцовых выбарных органаў не абысьціся. Бо замежнікі не зразумеюць. Такія інстытуты існуюць паўсюль, нават у самых дыктатарскіх рэжымах. Таму іх захавалі, але ў выглядзе дэкарацыяў.

Аднак па меры крызісу беларускай сацыяльнай мадэлі вобраз народнага прэзыдэнта пачаў паступова размывацца. Як вядома, ад любові да нянавісьці ўсяго адзін крок. Сакавіцкае апытаньне НІСЭПД зафіксавала рэйтынг Лукашэнкі 27%. Думаю, цяпер, пасьля рашэньня аб падвышэньні пэнсійнага ўзросту, ён стаў яшчэ меншы. І гэты трэнд разьвіваецца.

І вось у такіх умовах УНС выконвае ролю сэансу псыхатэрапіі. Ня толькі для насельніцтва, якому Лукашэнка імкнецца давесьці, што нічога не зьмянілася, ён па-ранейшаму моцны, нават у цяжкі час трымае ўдар, сытуацыя пад кантролем, усё будзе добра.

Магчыма, найперш УНС патрэбны Лукашэнку як сродак самагіпнозу, саматэрапіі, псыхалягічнага аўтатрэнінгу. Такім чынам ён хоча ўпэўніць самога сябе, што ягоная повязь з народам па-ранейшаму моцная. Да таго ж, выступаючы перад сваімі прыхільнікамі (а на УНС будуць толькі такія), кіраўнік дзяржавы як бы падзараджаецца. Узгадаем, зь якім задавальненьнем ён па 4–6 гадзін штогод выступае перад расійскімі журналістамі, якія яго бясконца хваляць. Для яго вельмі важна пэрыядычна купацца ў праменьнях славы. Такім прыёмам Лукашэнка як бы вяртае тую эпоху, калі народ сам зьбіраўся на сустрэчу зь ім цэлымі стадыёнамі. Няхай сабе цяпер гэта імітацыя, але сэрца грэе.

А што ж народ? Як пісаў клясык, «народ безмолвствует». Дык калі народ маўчыць, то ад яго імя можна вяшчаць яшчэ 22 гады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG