Шчыра прызнаюся, я меў сумневы наконт ягонага паўнавартаснага вяртаньня.
Хоць, як чалавек блізкі Віталю па поглядах, безумоўна жадаў яму перамогі, але сачыў за ягоным прасоўваньнем па шляху да чарговага трыюмфу з недаверам. Падставы для сумневаў былі.
Пералічу, на чым яны грунтаваліся:
1. Дзесяціразоваму чэмпіёну сьвету знайсьці матывацыю для ўдзелу у нацыянальным першынстве пры адборы на галоўны міжнародны турнір вельмі й вельмі складана, бо дзесяці(!)разовага чэмпіёна сьвету, мусяць браць на гэты турнір аўтаматычна.
2. Спорт такога ўзроўню, на якім дзеіць Гуркоў, тым больш – двубой, патрабуе максымальнае канцэнтрацыі сваіх эмоцый і кантролю над імі. Віталь Гуркоў сёньня прымае ўдзел у музычным праекце Сяргея Міхалка «Bruttо». Канцэртная дзейнасьць, як мінімум, ніяк не магла спрыяць дзейнасьці спартовай, бо таксама ёсьць творчай і патрабуе шмат эмоцый і сілаў.
Гісторыя скрозь дае прыклады, калі заслужаныя чэмпіёны пры спробах паралельнай дзейнасьці альбо пры паўзах, выкліканых працай у праектах кіно, рэклямы, музыкі, зазвычай катэгарычна зьніжалі свае вынікі на спартовай арэне альбо не маглі сягнуць свайго ранейшага ўзроўню і папросту сыходзілі са спорту канчаткова.
Адзін з апошніх прыкладаў: адзін з найлепшых баксёраў у гісторыі – Рой Джонс, пасьля паўзы ў кар'еры, паквапіўшыся на дывідэнды ад рэклямы «русского мира», быў папросту зьнішчаны, прайграўшы свой першы па вяртаньні на рынг бой цяжкім накаўтам ня надта вядомаму баксёру Энцо Макарынэлі.
3. Пазыцыі беларусаў у гэтым відзе баявога мастацтва надзвычай моцныя. Канкурэнцыя суровая. За час адсутнасьці Віталя на нацыянальным рынгу падгадаваліся іншыя байцы, прагныя да славы й перамог, якім ня трэба было шукаць той самай матывацыі.
4. Яшчэ большая ступень канкурэнцыі чакала Віталя Гуркова на міжнародным рынгу. Таец Экапан Самбаасанаб не прайграваў нікому чатыры гады запар.
5. Пазыцыю Міністэрства спорту нельга было назваць адназначнай у дачыненьні да Гуркова, нават пасьля пераканаўчай перамогі спартоўца на Нацыянальным чэмпіянаце. Гэтую чынавенскую няпэўнасьць толькі пацьвердзілі чуткі напярэдадні ад'езду на Чэмпіянат Сьвету, маўляў для Гуркова няма грошай на паездку.
Удзел байца ў праектах Міхалка і адназначная падтрымка ім нацыянальнай культуры й нацыянальных сымбаляў напружвала й шчыра палохала і без таго палахлівае чынавенства спартовае галіны.
Але нягледзячы на ўсе пералічаныя прычыны Віталь Гуркоў адзінаццаціразовы Чэмпіён Сьвету. Чалавек, у дачыненьні да якога, можна ўжываць слова – фэномэн.
Калі пэрыяд станаўленьня гэтага віду на міжнароднай арэне быў досыць хаатычным (шматлікія арганізацыі муай тай разыгрывалі кожная свой чэмпіянат і пладзілі процьму чэмпіёнаў), то пасьля сытуацыя зьмянілася, адбылося аб'яднаньне, канкурэнцыя шматкроць вырасла й гэты від гучна заявіў аб сабе ажно як адзін з кандыдатаў у праграму Алімпійскіх гульняў.
І ўвесь гэты час ад пачатку і да сёньня Гуркоў быў на вяршыні. Пагадзіцеся, чалавек увасобіў у сабе цэлую эпоху муай-тай, не даючы падступіцца да сябе нават пачынальнікам гэтага двубою, тайляндцам.
Чым сябе матываваў Віталь, вяртаючыся на рынг, ведае выключна ён сам, але Чэмпіянат Беларусі ён выйграў упэўнена, у фінале перамогшы Кірыла Марчанку, які, між іншым, станавіўся Чэмпіёнам Сьвету сярод юніёраў.
Паўза ў спартовай дзейнасьці і ўдзел у якасьці саліста ў праекце «Bruttо» ня стала перашкодай у часе трыюмфальнага вяртаньня й на міжнародны рынг.
Віталь Гуркоў на сусьветным форуме ў Швэцыі пацьвердзіў свой ровень, у фінале адолеўшы таго самага непераможнага тайца Самбаасанаба.
Часам бывае, што зь нейкіх абставінаў мінус ператвараецца ў плюс, выводзячы сытуацыю такім чынам, што нечакана адкрываецца новая крыніца энэргіі.
Падазраю, што нешта падобнае здарылася і ў гісторыі Гуркова. Калі стала вядома пра тое, што ўдзел Гуркова ў Стакгольмскім форуме не адбудзецца з прычыны адсутнасьці сродкаў у Міністэрства спорту, адбылася яшчэ адна фэнамэнальная зьява. Кінуты ў сеціва кліч дазволіў за некалькі гадзінаў (!) сабраць сярод грамадзянаў неабходную для паездкі суму. З прыватных размоваў высьветлілася, што грошы давалі ўсе: і заўзятары, і актывісты апазыцыі, і рэальныя пацаны з раёнаў, і амонаўцы, і – цішком – тыя самыя чыноўнікі.
Пасьля чаго з падачы журналістаў Віталь Гуркоў займеў ганаровае званьне Народны Чэмпіён. Як гэтым не натхніцца?!
Такое разьвіцьцё падзеяў, відавочна, натхніла ня толькі Віталя, шматлікіх ягоных прыхільнікаў, але й Міністэрства спорту, якое неўзабаве адшукала ў сваіх кішэнях грошы для паездкі. Палічыўшы, відаць, што калі Гуркоў паедзе на турнір самастойна за кошт сабраных народам сродкаў ды яшчэ й выйграе, то ў выніку непазьбежнага скандалу, шмат хто з чынавенства павылятае са сваіх фатэляў. Думаю, яны прынялі вернае рашэньне.
Што маем у рэшце? Маем адныя плюсы.
Віталь Гуркоў у дадатак да званьня Народны Чэмпіён мае чарговае званьне Чэмпіёна Сьвету і чарговую перамогу над абставінамі. Ён даказаў, што мае выключны прафэсіяналізм і ўласныя прынцыпы, якія адстойвае цьвёрда, але бязь лішняй таннай шуміхі.
Хворыя дзеці маюць грошы, сабраныя грамадзтвам для паездкі спартоўца ў Швэцыю, але ў выніку перададзеныя Гурковым для мэдычных патрэбаў.
Заўзятары маюць радасьць ад перамогі Народнага Чэмпіёна.
Міністэрства спорту мае прэміі за выкананьне плянаў па мэдалях на Чэмпіянаце Сьвету і адсутнасьць магчымага скандалу.
Прыхільнікі нацыянальных сымбаляў маюць Пагоню на п'едэстале, надзетую Віталём у часе ўзнагароджаньня.
Так у чым, уласна, паўстае фэномэн Гуркова для нашага грамадзтва? Ды якраз у тым, што ягоная асоба, нібы пяты элемэнт, яднае, здаецца, непаяднальнае, атамізаваныя й скептычныя, а то й варожыя адна адной часткі нашага грамадзтва. Яднае пазытыўна, натуральным чынам, што называецца, без пантоў.
Выглядае на тое, што Гуркоў мае патэнцыял на значна большае і шукае, дзе яго прымяніць.