Сэнат Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэта (Вільнюс) прапануе сузаснавальнікам, кіраўнічаму савету, ключавым донарам ВНУ і МЗС Літвы неадкладна адклікаць кіраўнікоў ЭГУ і ўвесьці антыкрызіснае кіраваньне. Пра гэта гаворыцца ў адкрытай заяве сэнату, апублікаванай 30 траўня.
Сэнат (орган акадэмічнага самакіраваньня) лічыць неабходным адклікаць Дэйвіда Поліка з пазыцыі рэктара ЭГУ, Эн Лонсдэйл — з пасады выканаўцы абавязкаў старшыні кіруючага савета ЭГУ і Дэна Дэвідсана — з пасады намесьніка старшыні кіруючага савета.
Мы захоўваем прыхільнасьць сваім акадэмічным традыцыям і застаемся адзінай беларускай ВНУ, вольнай ад ідэалягічнага кантролю
Акрамя гэтага, сэнат заяўляе аб неабходнасьці «неадкладна забясьпечыць парытэтны зь іншымі стэйкхолдарамі ўдзел акадэмічнай супольнасьці ў працэсе адбору новага рэктара, замарозіць хаатычны працэс прыняцьця рашэньняў адносна далейшага лёсу ўнівэрсытэту, што адбываецца ў цяперашні час, і ўвесьці антыкрызіснае кіраваньне з удзелам прадстаўнікоў акадэмічнай супольнасьці».
На думку сэната, неабходна «забясьпечыць рэальны ўдзел акадэмічнай супольнасьці ў складаньні бюджэту ўнівэрсытэту і кантролі за расходамі бюджэтных сродкаў».
У заяве адзначаецца, што Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт «зноў стаў мішэньню для крытыкі, выкліканай неэфэктыўнасьцю мадэлі кіраваньня, якая склалася за апошнія гады, і дзеяньнямі асобных кіраўнікоў ЭГУ».
«У сувязі з гэтым мы хочам падкрэсьліць, што, насуперак любым унутраным і зьнешнім выклікам, унівэрсытэт заўсёды пасьпяхова спраўляўся з асноўнай інстытуцыйнай задачай — забясьпечваць высокую якасьць адукацыйных праграм. Мы захоўваем прыхільнасьць сваім акадэмічным традыцыям і застаемся адзінай беларускай ВНУ, вольнай ад ідэалягічнага кантролю і ў поўнай меры ўключанай у эўрапейскую адукацыйную прастору», — падкрэсьлівае сэнат.
У заяве выказаная «глыбокая падзяка Літоўскай Рэспубліцы, усім донарскім арганізацыям, прадстаўнікам эўрапейскай і міжнароднай грамадзкасьці, якія падтрымлівалі і працягваюць падтрымліваць унівэрсытэт, захоўваючы ўпэўненасьць у выключнай значнасьці гэтага акадэмічнага праекта для эўрапейскага разьвіцьця беларускага грамадзтва», а таксама «прадстаўнікам грамадзянскай супольнасьці Беларусі за выказаную занепакоенасьць лёсам ЭГУ».
ЭГУ быў заснаваны ў Менску ў 1992 годзе, а ў 2004-м — закрыты беларускімі ўладамі з-за ідэалягічных прычын. Праз год аднавіў працу ў Вільні. Зьяўляецца літоўскай ВНУ, але мае нефармальны статус беларускага ўнівэрсытэта ў выгнаньні. Фінансуецца кааліцыяй міжнародных донараў.